Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр. Лебедзеў) Васіль Іванавіч

(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),

расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т.л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял. Айч. вайны. Выдаў паэт. зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, А.Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.

т. 9, с. 174

Лебедзеў Андрэй Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 418

ЛЕ́БЕДЗІ (Cygnus),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Афрыкі і Антарктыды На Беларусі 3 віды: Л.-шыпун (C. olor), Л.-клікун (C. cygnus) і Л. малы, або тундравы (C. bewickii). Жывуць на прэсных вадаёмах. Л.-шыпуна і Л. чорнага (C. atratus) гадуюць як дэкар. птушак. Л.-шыпун занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Л.-шыпун даўж. да 1,8 м, масай да 13 кг; дзюба чырв., з чорным нарастам. Л.-клікун даўж. да 1,6 м, масай да 12 кг; дзюба лімонна-жоўтая з чорным, без нарасту. Л. малы даўж. да 1,2 м, масай да 7 кг; дзюба чорная з жоўтымі плямамі па баках каля асновы. Апярэнне гэтых відаў белае. Добра плаваюць, ныраць не могуць з-за пнеўматызацыі шкілета. Кормяцца раслінамі і дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Гняздуюцца каля вады Нясуць 3—5 (зрэдку да 12) яец. На Беларусі паляванне на Л. забаронена.

Лебедзі: 1 — клікун; 2 — шыпун; 3 — чорны.

т. 9, с. 175

ЛЕ́БЕДЗЬ (лац. Cygnus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка ДэнебЛ.) 1-й зорнай велічыні; з зоркамі β, γ, δ і ε Л. яна ўтварае фігуру крыжа, доўгая вось якога выцягнута ўздоўж паласы Млечнага Шляху. У Л. выяўлены 2 крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення — Cyg X-1 i Cyg X-2, першая з якіх, магчыма, звязана з чорнай дзірой. З тэр. Беларусі Л. відаць вясной, летам і восенню. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лебедзь.

т. 9, с. 175

«ЛЕ́БЕДЗЬ»,

прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т.л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 9, с. 175

ЛЕ́БЕДЗЬ (Сямён Сцяпанавіч) (н. 25.7.1934, в. Казьяны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1958). З 1961 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па стварэнні новай тэхнікі для механізацыі працаёмкіх працэсаў ляснога комплексу. Распрацаваў тэарэт. асновы праектавання загрузачных і пакетафармавальных машын малой энергаёмістасці.

Тв.:

Теоретические основы исследования процессов формирования пакетов круглых лесоматериалов // Технология и оборудование заготовки и переработки древесины. Мн., 1988. Вып. 3.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 9, с. 175

ЛЕ́БЕРЭХТ ((Leberecht) Ганс Фрыдрыхавіч) (1.12.1910, г. С.-Пецярбург — 10.11.1960),

эстонскі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім вячэрнім літ. ун-це імя М.Горкага (1935—37). Друкаваўся з 1930. Пісаў на эст. і рус. мовах. Аповесць «Святло ў Каордзі» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) пра пасляваен. жыццё эст. вёскі. Аўтар раманаў «Капітаны» (1954), «Салдаты ідуць дадому» (1956), «Палацы Васараў» (1960), аповесцей «Вечны колер» (1936), «У адной хаце» (1957). На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў Л.Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Святло ў Каордзі. Мн., 1952;

Рус. пер. — Повести. М., 1953;

Солдаты идут домой. М., 1960;

Дворцы Вассаров. М. 1965.

т. 9, с. 175

ЛЕБЛО́Н ((Leblond) Жан Батыст Александр) (1679—1719),

французскі архітэктар. Працаваў у Парыжы, у 1716—19 па запрашэнні Пятра I — у Расіі. Удзельнічаў у планіроўцы і буд-ве Санкт-Пецярбурга, паркаў Стрэльны і Летні сад, Петрадварца. Перапрацаваў і дапоўніў (1710) «Курс архітэктуры» Ш.Давіле (1691).

т. 9, с. 175

ЛЕБО́Н ((Le Bon) Густаў) (7.5.1841, г. Нажан-ле-Ратру — 13.12.1931),

французскі сацыёлаг, антраполаг і публіцыст, адзін з заснавальнікаў сацыяльнай псіхалогіі. Д-р медыцыны. Скончыў Парыжскі ун-т (1886). Даследаваў псіхалагічныя дэтэрмінанты этн. канфліктаў і цыклічны характар развіцця цывілізацый, ролю псіхічных фактараў (эмоцый, пачуццяў, вераванняў і інш.) у гіст. працэсе («Псіхалагічныя законы эвалюцыі народаў», 1894; «Эвалюцыя сучаснага свету», 1927). Аўтар адной з першых тэорый масавага грамадства. Атаясамліваў масу з натоўпам, у якім індывіды трацяць пачуццё адказнасці і апынаюцца ва ўладзе ірацыянальных пачуццяў, паколькі імі кіруе закон «духоўнага адзінства натоўпу». Увёў класіфікацыю натоўпаў, падзяляючы іх на аднародныя (класы, секты, касты) і разнародныя (вулічны натоўп, парламенцкія сходы і інш.). Прадказваў наступленне «эры мас» і звязаны з гэтым упадак культуры і духоўнасці грамадства («Псіхалогія натоўпу», 1895). Выступаў супраць усіх форм сац. роўнасці і рэвалюцый, дасягненні цывілізацыі звязваў з вынікамі дзейнасці эліты, асабістымі інтэлектуальнымі здольнасцямі і прадукцыйнай творчай працай асобы.

Тв.:

Рус. пер. Психология народов и масс. СПб., 1995;

Психология социализма. СПб., 1996.

Э.С.Дубянецкі.

т. 9, с. 176

ЛЕБРЭ́Н, Ле Брэн (Lebrun, Le Brun) Шарль (24.2.1619, Парыж — 12.2.1690), французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Пер’е (з 1632) і С.Вуэ (1634—37). У 1642—46 пад кіраўніцтвам Н.Пусэна ў Італіі вывучаў творчасць Рафаэля, балонскіх акадэмістаў, ант. скульптуру. Стварыў шэраг карцін пад уплывам Пусэна («Муцый Сцэвала», «Смерць Катона» і інш.). Адзін з заснавальнікаў (1648), з 1668 рэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1660-я г. «першы жывапісец караля» і дырэктар каралеўскай мануфактуры габеленаў. Кіраваў дэкар. афармленнем інтэр’ераў Луўра, Версаля і інш., выконваў плафоны (Люстраная галерэя ў Версалі, 1678—84, і інш.), кардоны для габеленаў, эскізы для садовай скульптуры, мэблі. У жывапісных работах спалучаў нарматыўнасць класіцысцкай кампазіцыі, прасякнутай тэатралізаванай патэтыкай, з дэкар. пышнасцю барока: «Магдаліна каецца» (1656—57), серыя карцін «Гісторыя Аляксандра Македонскага» (1660—68) і інш.

Н.І.Лебрэн. Магдаліна каецца. 1656—57.

т. 9, с. 176