ЛЕБРЭ́Н, Ле Брэн (Lebrun, Le Brun) Шарль (24.2.1619, Парыж — 12.2.1690), французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Пер’е (з 1632) і С.Вуэ (1634—37). У 1642—46 пад кіраўніцтвам Н.Пусэна ў Італіі вывучаў творчасць Рафаэля, балонскіх акадэмістаў, ант. скульптуру. Стварыў шэраг карцін пад уплывам Пусэна («Муцый Сцэвала», «Смерць Катона» і інш.). Адзін з заснавальнікаў (1648), з 1668 рэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1660-я г. «першы жывапісец караля» і дырэктар каралеўскай мануфактуры габеленаў. Кіраваў дэкар. афармленнем інтэр’ераў Луўра, Версаля і інш., выконваў плафоны (Люстраная галерэя ў Версалі, 1678—84, і інш.), кардоны для габеленаў, эскізы для садовай скульптуры, мэблі. У жывапісных работах спалучаў нарматыўнасць класіцысцкай кампазіцыі, прасякнутай тэатралізаванай патэтыкай, з дэкар. пышнасцю барока: «Магдаліна каецца» (1656—57), серыя карцін «Гісторыя Аляксандра Македонскага» (1660—68) і інш.

Н.І.Лебрэн. Магдаліна каецца. 1656—57.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)