Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕ́ЛЬТЫ,

плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс. н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.

Літ.:

Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;

Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;

Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.

Да арт. Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).
Да арт. Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.

т. 8, с. 224

КЕЛЬТЫБЕ́РЫ (лац. Celtiberi),

старажытныя плямёны паўн.-ўсх. Іспаніі, якія ўтварыліся ад змяшання ібераў з кельтамі і рассяляліся на Пірэнейскім п-ве ў 5—3 ст. да н.э. Гал. з плямёнаў К. — аравакі. К. падзяляліся на сем’і, роды і абшчыны, лічыліся грубым, дзікім і ваяўнічым племем, аднак славіліся вырабам выдатнай зброі (рымляне, напр., перанялі іх тып мяча). Вобласць іх рассялення наз. Кельтыберыя, пасля рым. заваявання (у 195 да н.э. часткова, з 72 да н.э. поўнасцю) увайшла ў прав. Іспанія Блізкая. К. працяглы час супраціўляліся гэтаму заваяванню (паўстанні ў 195—193, 181—179, 153—151; 143—133, паўстанне Серторыя 80—72 да н.э.).

т. 8, с. 224

КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.П.Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.

т. 8, с. 224

КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мовадзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.

Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.

Літ.:

Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ. М., 1954.

т. 8, с. 224

КЕ́ЛЬЦЫ (Kielce),

горад на Пд Польшчы. Адм. ц. Свентакшыскага ваяводства. 215 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць аўтамабіляў, падшыпнікаў і інш.), буд.

матэрыялаў, хім., харч., мэблевая, шкляная. Сабор (17—19 ст.), біскупскі палац (17 ст., цяпер Нац. музей).

т. 8, с. 224