КЕЛЬТЫБЕ́РЫ (лац. Celtiberi),

старажытныя плямёны паўн.-ўсх. Іспаніі, якія ўтварыліся ад змяшання ібераў з кельтамі і рассяляліся на Пірэнейскім п-ве ў 5—3 ст. да н.э. Гал. з плямёнаў К. — аравакі. К. падзяляліся на сем’і, роды і абшчыны, лічыліся грубым, дзікім і ваяўнічым племем, аднак славіліся вырабам выдатнай зброі (рымляне, напр., перанялі іх тып мяча). Вобласць іх рассялення наз. Кельтыберыя, пасля рым. заваявання (у 195 да н.э. часткова, з 72 да н.э. поўнасцю) увайшла ў прав. Іспанія Блізкая. К. працяглы час супраціўляліся гэтаму заваяванню (паўстанні ў 195—193, 181—179, 153—151; 143—133, паўстанне Серторыя 80—72 да н.э.).

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)