Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕА́ЗЫ, ДНКазы,

ферменты класа нуклеаз, якія каталізуюць расшчапленне фосфадыэфірных сувязей у полінуклеатыдных ланцугах ДНК. Шырока прадстаўлены ў клетках жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у рэгуляванні распаду і сінтэзу ДНК, аднаўленні структуры яе малекул праз выдаленне пашкоджаных участкаў. Уласцівасць Д. аднаўляць структуры малекул выкарыстоўваюць у геннай інжынерыі пры выдаленні ці ўманціраванні ў малекулу ДНК патрэбнага гена.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,

бялкі, здольныя звязвацца з малекуламі ДНК праз утварэнне вадародных сувязей. Звязванне можа адбывацца па ўсёй даўжыні малекулы (гістонавыя бялкі) ці на працягу пэўных кароткіх яе паслядоўнасцей (сайт-спецыфічныя бялкі). Удзельнічаюць у працэсах рэпліцыравання і счытвання інфармацыі з малекул ДНК, іх упакоўкі ў храмацін, згортвання малекул ДНК з утварэннем розных даменаў, у кантролі за транскрыпцыяй генаў і інш. Кожнаму тыпу клетак жывых арганізмаў уласцівы пэўны набор Д. негістонавай прыроды, які ў сукупнасці вызначае характар экспрэсіі генаў.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА, ДНК,

біяпалімер, складзены з нуклеатыдаў, якія маюць у сваім саставе дэзоксфыбозу; неабходная састаўная частка жывой матэрыі. Спецыфіка будовы ДНК абумоўлівае спадчынную перадачу прыкмет і ўласцівасцей большасці арганізмаў і сінтэз спецыфічных кожнаму арганізму бялкоў. Малекулы ДНК усіх арганізмаў пабудаваны па адным тыпе. Паводле схемы, распрацаванай амер. вучоным Дж.​Уотсанам і англ. Ф.​Крыкам (1953), яны складаюцца з двух спіральна закручаных адзін вакол аднаго палімерных ланцугоў. Ланцугі пабудаваны з вял. колькасці нуклеатыдаў, якія маюць дэзоксірыбозу, злучаную з фосфарнай к-той і азоцістай асновай (адэнінам, гуанінам, тымінам, цытазінам); спецыфічнасць нуклеатыдаў вызначаецца адной з 4 азоцістых асноў. Розны нуклеатыдны склад і паслядоўнасць 4 азоцістых асноў у малекуле ДНК вызначаюць разнастайнасць відаў жывых арганізмаў. Пры размнажэнні арганізмаў, клетак адбываецца капіраванне (рэплікацыя) і перадача ДНК у даччыныя клеткі. Парушэнне паслядоўнасці нуклеатыдаў у ланцугу ДНК прыводзіць да спадчынных змен у арганізме — мутацыі.

Мадэль дэзоксірыбануклеінавай кіслаты.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБО́ЗА,

монацукрыд пентоза з групы дэзоксіцукроў. Пашырана ў прыродзе: у форме 2-дэзоксі-D-рыбозы ўваходзіць у састаў нуклеазідаў, нуклеатыдаў і полінуклеатыдных ланцугоў дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК).

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІЦУКРЫ́,

монацукрыды, у малекулах якіх адна або некалькі гідраксільных груп замешчаны атамамі вадароду. Вядома каля 100 Д. Паводле хім. будовы падзяляюцца на дэзоксіальдозы (вельмі пашыраны, напр., дэзоксірыбоза) і дэзоксікетозы (вядома некалькі, надзвычай пашыраны іх вытворныя, напр., нейрамінавая кіслата і сіялавыя кіслоты). Большасць вытворных Д. маюць Д-форму, многія Д- і L-формы атрыманы сінтэтычна.

т. 6, с. 327

ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327