Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕЙХЕ́РА

(Heuchera),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (Н. americana), гібрыдная (Н. hybrida) і крывава-чырвоная (Н. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 135

ГЕЙЦ Ніна Мікалаеўна

(11.1.1912, Баку — 7.12.1983),

бел. актрыса. Скончыла дзярж. драм. курсы пры Бел. тэхнікуме сцэн. мастацтва (1932) і да 1971 працавала ў Бел. т-ры імя Я.Купалы. Яе гераіні — простыя жанчыны, натуральныя, жыццёвыя, каларытныя: Бабка («Салавей» З.Бядулі), Куліна («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Аўгіння («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Бабка («Таня» А.Арбузава), Бальзамінава («Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага) і інш.

т. 5, с. 135

ГЕ́ЙША,

у Японіі прафесійная спявачка, танцоўшчыца, абучаная весці свецкую гутарку, што забаўляе наведвальнікаў чайных домікаў ці гасцей на прыёмах, банкетах і інш.

т. 5, с. 136

ГЕ́ЙШТАР

(Gieysztor) Аляксандр (н. 17.7.1916, Масква),

польскі гісторык. Бацька Гейштара паходзіў са шляхецкага роду (в. Ізбішча Барысаўскага пав., цяпер Лагойскі р-н). Гейштар вучыўся ва ун-тах Варшавы і Парыжа. У 1946—89 праф., дэкан гіст. ф-та Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1980—91 дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве. Чл. (з 1972) і старшыня (1981—84, 1990—92) Польскай АН, чл. многіх акадэмій Еўропы. Чл. кіраўніцтва (1965) і старшыня (1980—85) Міжнар. к-та гіст. навук. Выкладчык і ганаровы доктар буйнейшых ун-таў Еўропы. Даследуе еўрап., у т. л. польскае, сярэдневякоўе, гісторыю гарадоў і культуры Рэчы Паспалітай, даследуе спец. гіст. дысцыпліны.

Тв.:

: Mitologia Słowian. Warszawa, 1982.

т. 5, с. 136

ГЕ́ЙШТАР Леанід Рыгоравіч

(н. 15.10.1936, г. Гомель),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Гомельскі ун-т (1969). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў на дыстанцыі 1000 м (1960), свету і Еўропы на дыстанцыі 10 000 м (1963), Еўропы на дыстанцыі 10 000 м (1961). Пераможца Спартакіяд народаў СССР на дыстанцыях 10 000 м (1959), 1000 і 10 000 м (1963), чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1961—63) і 10 000 м (1959—63). Усе поспехі дасягнуты на каноэ-двойцы з С.Макаранкам.

т. 5, с. 136

ГЕ́ЙШТАР Якуб

(Якуб Казімір Станіслаў) Станіслававіч (18.4.1827, маёнтак Мядэкшы Ковенскага пав., цяпер Кедайнскі р-н Літвы — 15.11.1897),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це (1844—48). З пач. 1860-х г. адзін з кіраўнікоў памешчыцкай партыі «белых» у Літве і Беларусі. У лют. 1863 узначаліў паўстанцкі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, выступаў супраць К.Каліноўскага і інш. рэв. дэмакратаў. 12.8.1863 арыштаваны, высланы напачатку ва Уфу, пасля новага следства — на катаргу ў Сібір. З 1873 у Варшаве. Аўтар «Успамінаў 1857 — 1865 гадоў» (1913), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863—64.

Літ.:

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел. гіст. часоп. 1993. № 3.

Г.В.Кісялёў.

т. 5, с. 136

ГЕЙ-ЛЮСА́К

(Gay-Lussac) Жазеф Луі (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),

французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл. Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).

Літ.:

Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.

т. 5, с. 134

ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,

два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T - T0 — рознасць гэтых т-р; αvкаэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К-1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.

т. 5, с. 134