Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ НА́ЗВЫ,

гл. Тапаніміка.

т. 5, с. 113

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́,

гл. Паясы геаграфічныя.

т. 5, с. 113

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ІЗАЛЯ́Т,

асобіна або папуляцыя аднаго біял. віду, аддзеленая, адасобленая геагр. перашкодамі ад асн. арэала. Садзейнічае відаўтварэнню, таму што не адбываецца спароўвання паміж адасобленымі папуляцыямі і абмену спадчыннай інфармацыяй. Геаграфічны ізалят можа ўзнікнуць ад змены фіз.-геагр. умоў у межах арэала, калі «папуляцыі заснавальнікаў» здолеюць замацавацца ў адасобленых раёнах са спрыяльнымі для іх умовамі навакольнага асяроддзя. Адбываецца дыферэнцыроўка віду на расы, разнавіднасці, падвіды, з наступным утварэннем новага віду (напр., у гарах зах. ч. ЗША — 23 віды і падвіды трусоў; шмат падвідаў галапагоскіх уюркоў, звычайнай вавёркі, сігаў у Еўразіі і інш.).

т. 5, с. 110

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ЦЭНТР БЕЛАРУ́СІ,

кропка на зямной паверхні з геагр. каардынатамі (B=53°31′, 7; L=29°02′, 8); нац. сімвал глабальнай прывязкі бел. дзяржавы да планеты Зямля. Размешчаны за 70 км на ПдУ ад Мінска, каля в. Антанова Навасёлкаўскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Вызначаны пад умовай i = 1 n S i 2 = min , дзе Si, — адлегласць паміж геаграфічным цэнтрам Беларусі і характэрнымі выгінамі вонкавай мяжы Беларусі. Замацаваны двайным геад. маналітам і аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі для пунктаў зыходнай геад. дзярж. апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесены ў Дзяржаўны геад. каталог у якасці пунктаў дзярж. геад. сеткі. Пошукавыя работы выкананы ў 1996 82-й экспедыцяй аб’яднання Белгеадэзія сумесна з фірмай «Аэрагеакарт» па спец. праграме з выкарыстаннем картаў маштаба 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі. Мяркуецца яго практычнае выкарыстанне ў якасці ўласна беларускай зыходнай астранома-геад. даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэферэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да фіз. паверхні Беларусі. У выніку змяншаецца скажэнне ліній і плошчаў пры праектаванні іх на паверхню адноснасці і стварэнні картаў інж. Прызначэння.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 110

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ (ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ) ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

прасторавая дыферэнцыяцыя працоўнай дзейнасці ў працэсе развіцця грамадства. Выяўляецца ў вытв. спецыялізацыі асобных эканам. узаемазвязаных тэр. утварэнняў (краін, раёнаў, цэнтраў і інш.), у развіцці міжраённай кааперацыі, абмену спецыялізаванай прадукцыяй і паслугамі. Цесна звязаны з эканам., сац., прыроднымі, нац.-гіст. асаблівасцямі розных тэрыторый (гл. таксама Размяшчэнне вытворчасці, Геаграфія прамысловасці, Геаграфія працоўных рэсурсаў, Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Сацыяльна-эканамічная геаграфія, Геаграфія сельскай гаспадаркі і інш.).

т. 5, с. 110

ГЕАГРА́ФІЯ

(ад геа... + ...графія),

сістэма прыродазнаўчых і грамадскіх навук аб прыродных, тэр.-вытв. і сац.-тэр. комплексах Зямлі і іх кампанентах. Вывучае геаграфічную абалонку Зямлі. Грунтуецца на натуральных і грамадскіх законах развіцця, улічвае ўплыў чалавечай дзейнасці на прыроду, разглядае грамадскую вытв-сць у рэальных прыродных умовах. У цыкл прыродазнаўчых навук уваходзяць фізічная геаграфія (уключае агульнае землязнаўства і ландшафтазнаўства), геамарфалогія, кліматалогія, метэаралогія, акіяналогія, гляцыялогія, гідралогія сушы (азёразнаўства і гідралогія рэк), геаграфія глеб, біягеаграфія (геаграфія жывёл і геаграфія раслін), палеагеаграфія і інш.; у цыкл грамадскіх — сацыяльна-эканамічная геаграфія (уключае эканамічную геаграфію), сацыяльная геаграфія, геаграфію насельніцтва, рэкрэацыйная геаграфія, палітычная геаграфія. Асобнае месца займае картаграфія. Да геаграфіі адносяцца краіназнаўства (абагульняе звесткі аб прыродзе, насельніцтве і гаспадарцы асобных краін) і краязнаўства. Да геаграфіі прымыкаюць дысцыпліны прыкладнога кірунку (напр., геаграфія медыцынская, ваенная геаграфія і інш.). Выкарыстоўвае экспедыцыйны, стацыянарны, матэм. і тыпалагічны аналізы, параўнальна-апісальны, статыстычны, картаграфічны і інш. метады даследавання.

Геаграфія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э. Як навука пачала развівацца ў Стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, потым у Стараж. Грэцыі і Рыме. Напачатку абмяжоўвалася зборам інфармацыі пра краіны і моры ў сувязі з ваен. экспансіямі. Сярод тагачасных вядомых вучоных Герадот, Арыстоцель, Эратасфен, Гіпарх, Страбон, Пталамей. Адраджэнне навук пра Зямлю ў Еўропе пачалося з 14—15 ст. (гл. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Геаграфічныя адкрыцці). У 1-й пал. 19 ст. ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі ўзніклі геагр. т-вы.

Звесткі пра геаграфію Беларусі ёсць у летапісах 11—12 ст., бел. і польскіх хроніках 14—16 ст., у працах вучоных 18—19 ст. І.І.Ляпёхіна, В.М.Севергіна, І.І.Жылінскага і інш. Значны ўклад у развіццё комплексных геагр. даследаванняў у 20 ст. зрабіў А.А.Смоліч — аўтар першага падручніка па геаграфіі Беларусі. Даследаваны рэльеф Беларусі, яго паходжанне і развіццё, ландшафты, фіз.-геагр. і геамарфалагічныя раёны (Л.М.Вазнячук, В.М.Губін, Б.М.Гурскі, В.А.Дзяменцьеў, К.І.Лукашоў, В.К.Лукашоў, Г.І.Марцінкевіч, А.В.Мацвееў, Г.Ф.Мірчынк, Р.І.Сачок, П.А.Туткоўскі, М.М.Цапенка і інш.), кліматычныя рэсурсы, феналогія, агракліматычнае раянаванне (А.І.Кайгарадаў, У.Ф.Логінаў, А.Х.Шкляр і інш.), рэкі і водны баланс (А.Р.Булаўка, В.М.Шырокаў і інш.), марфалогія азёрных катлавін і гідрахімія азёр (В.П.Якушка і інш.), геаграфія і генезіс балот (А.Д.Дубах, А.П.Підоплічка, С.Г.Скарапанаў і інш.), геаграфія і генезіс глеб, меліярацыя глеб (В.С.Аношка, Я.М.Афанасьеў, М.П.Булгакаў, І.Ф.Гаркуша, У.В.Жылко, І.С.Лупіновіч, А.Р.Мядзведзеў, П.П.Рагавы, Т.А.Раманава, М.К.Чартко і інш.), геаграфія лясной і лугавой расліннасці (В.С.Гельтман, Д.С.Голад, І.Д.Юркевіч і інш.), зоагеаграфія Беларусі (М.С.Долбік), палеагеаграфія (Г.І.Гарэцкі, Н.А.Махнач і інш.), рацыянальнае прыродакарыстанне, ахова навакольнага асяроддзя (В.Н.Кісялёў, Ф.С.Марцінкевіч, А.У.Тамашэвіч і інш.), геаграфія нар. гаспадаркі (Г.І.Гарэцкі, Л.В.Казлоўская, М.Т.Раманоўскі і інш.), насельніцтва і населеныя пункты (В.А.Жучкевіч, А.А.Ракаў, С.А.Польскі і інш.). Дзейнічае Беларускае геаграфічнае таварыства.

Літ.:

Мир географии: География и географы. Природная среда. М., 1984;

Баландин Р.К., Бондарев Л.Г. Природа и цивилизация. М., 1988;

Энцыклапедыя прырода Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

Р.А.Жмойдзяк.

т. 5, с. 113

ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац. склад.

Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.П.Барсаў, Я.Я.Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.Старавольскі і М.Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.Вага і А.Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССР гал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.Р.Бяскроўны, Л.А.Гольдэнберг, Ф.А.Шыбанаў, І.П.Шастольскі, В.С.Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш. Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.В.Сядоў, В.А.Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.

Літ.:

Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;

Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

Л.Р.Казлоў.

т. 5, с. 113

ГЕАГРА́ФІЯ ГЛЕБ,

навука пра заканамернасці фарміравання і прасторавае размяшчэнне глеб і іх сувязь з геагр. асяроддзем. Цесна звязана з глебазнаўствам, геамарфалогіяй, кліматалогіяй, геабатанікай, ландшафтазнаўствам. Падзяляецца на агульную геаграфію глеб (вывучае глебаўтваральныя фактары і найб. агульныя законы геагр. заканамернасцей размеркавання глеб) і рэгіянальную геаграфію глеб (пытанні глебава-геагр. раянавання, картаграфавання і даследавання прасторавага размяшчэння глеб розных ч. зямной паверхні). Найб. агульныя заканамернасці геаграфіі глеб: гарызантальная занальнасць (змены глебавага покрыва на раўнінах у залежнасці ад колькасці цяпла і вільгаці); вышынная пояснасць (змены глеб у гарах); правінцыяльнасць (змены глеб пад уплывам змен клімату, тэктоніка-літалагічных умоў і інш.). Выкарыстоўвае метады даследавання: параўнальна-геагр., картаграфічны, статыстычны. Складае навук. аснову для ўліку зямельных рэсурсаў, распрацоўкі мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці і рацыянальным размяшчэнні с.-г. вытв-сці. Узнікла геаграфія глеб у канцы 19 ст. ў выніку навук. прац В.В.Дакучаева, які стварыў вучэнне аб фактарах глебаўтварэння, гарыз. і верт. занальнасці.

На Беларусі глебы вывучаліся ў 18 і 19 ст. У 1923 праведзены рэкагнасцыровачныя даследаванні глеб, у 1949 складзены іх першыя зводныя карты (маштаб 1:1 200 000). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Каардынацыйны цэнтр па вывучэнні глеб — НДІ глебазнаўства і аграхіміі Беларусі.

т. 5, с. 114

ГЕАГРА́ФІЯ ЖЫВЁЛ,

гл. Зоагеаграфія.

т. 5, с. 114

ГЕАГРА́ФІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна навукі, што вывучае сувязі (залежнасці) паміж прыроднымі, сац.-эканам. і інш. ўмовамі пэўных тэрыторый і станам здароўя насельніцтва, а таксама рэгіянальныя асаблівасці ўзнікнення і пашырэння хвароб, арганізацыю мед. дапамогі.

У даследаваннях па геаграфіі медыцынскай улічваюцца кліматычныя ўмовы, ландшафтныя асаблівасці, наяўнасць або адсутнасць у геагр. асяроддзі (у т. л. ў прадуктах харчавання) некат. хім. элементаў, умовы жыцця, культ. ўзровень насельніцтва, традыцыі харчавання, ступень антрапагеннага ператварэння, забруджанасці навакольнага асяроддзя і інш. фактары. Геаграфія медыцынская падзяляецца на мед. кліматалогію, мед. ландшафтазнаўства, нозагеаграфію, мед. картаграфію, краявую эпідэміялогію і інш. раздзелы. Навук. распрацоўкі па геаграфіі медыцынскай вядомы з 18 ст. У Англіі яны звязаны з імёнамі С.Хенена, Х.Маршала, у Францыі — Ш.Будэна, у Расіі — А.Гуна, А.П.Уладзімірскага, Я.А.Чыстовіча.

На Беларусі медыка-геагр. даследаванне пачата ў 2-й пал. 18 ст. А.Меерам (клімат, сан. стан і пашырэнне хвароб у Крычаўскім старостве), І.І.Ляпёхіным (медыка-геагр. апісанні наваколляў Гомеля, Оршы, Магілёва), Ж.Э.Жыліберам (геаграфія лек. раслін бел. губерняў). Да 19 ст. адносяцца медыка-геагр., медыка-стат. і медыка-тапаграфічныя апісанні шэрагу губерняў, паветаў і гарадоў Беларусі (Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў і інш.). У пач. 20 ст. Мінскім т-вам урачоў складзены апісанні Мінска, Слуцка, Ігумена, пав. бальніц, даследавалася залежнасць фіз. развіцця насельніцтва ад сац.-быт. і прыродных умоў. У сав. час да 1940-х г. праведзена вывучэнне геагр. пашырэння на Беларусі, эндэмічных валлякоў, склеромы, малярыі, тыфаў, шаленства. У 1950—70-я г. даследаваліся пытанні методыкі і гісторыі геаграфіі медыцынскай (С.І.Бялоў, Дз.П.Бяляцкі, А.В.Якаўлеў і інш.), апублікавана манаграфія Бялова і М.С.Ратабыльскага «Медыцынская геаграфія Беларусі» (1977). Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС на Беларусі арганізаваны і вядуцца комплексныя даследаванні геаграфіі пашырэння радыенуклідаў, іх уплыў на стан здароўя розных узроставых груп насельніцтва. Звесткі геаграфіі медыцынскай выкарыстоўваюць пры планаванні мерапрыемстваў па аздараўленні мясцовасцей, прафілактыцы хвароб і арганізацыі сістэмы мед. дапамогі насельніцтву.

Э.А.Вальчук.

т. 5, с. 114