Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап. раўнавагі (сістэма М.).

т. 10, с. 320

МЕТЭ́ХСКІ ЗА́МАК,

старажытная цытадэль і рэзідэнцыя груз. цароў. Пабудаваны ў 5 ст. ў Тбілісі, на левым беразе р. Кура. Неаднаразова быў разбураны і перабудаваны. У пач. 19 ст. старыя ўмацаванні разабраны і на іх месцы пабудаваны астрог для паліт. вязняў. У 1934—42 у М.з. размяшчаўся Дзярж. музей мастацтваў Груз. ССР. У 1959 пры добраўпарадкаванні Тбілісі знішчаны. Захаваўся Метэхскі храм 13 ст.

т. 10, с. 320

МЕХАНА... (ад грэч. mēchanē прылада, машына), састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да мех. руху, механікі або механізма і азначае: дзейнічае пры дапамозе механізма, падобна механізму (напр., механатрон).

т. 10, с. 320

МЕХАНАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз каналы з вял. гідрадынамічным супраціўленнем, напр., праз капіляры. Вадкі гелій у зыходнай пасудзіне пры гэтым награваецца. М.э. адкрыты ў 1938 англ. фізікамі Дж.​Даўнтам і К.​Мендэльсонам; тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (цячэнне гелію, выкліканае падвядзеннем цеплаты) наз. тэрмамеханічным эфектам.

т. 10, с. 320

МЕХАНАРЭЦЭ́ПТАРЫ сенсарныя структуры жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць мех. раздражненні з навакольнага асяроддзя ці з унутр. органаў. Рэцэптары 1-га тыпу маюць спецыялізаваныя валаскова-раснічастыя структуры, што прымаюць удзел у першаснай рэцэпцыі (напр., валасковыя рэцэптары органаў слыху, бакавой лініі, вестыбулярнага апарата і інш.). Рэцэптары 2-га тыпу ўспрымаюць стымул непасрэдна механаадчувальнай мембранай нерв. канца (напр., тканкавыя М. пазваночных). Важную ролю ў развіцці, арганізацыі і дзейнасці М. адыгрываюць умовы існавання арганізмаў. У жывёл, што карыстаюцца эхалакацыяй (напр., кажаны, дэльфіны) М. органаў слыху ўспрымаюць ультрагукі. Развіццё апорна-рухальнага апарата выклікала паяўленне прапрыярэцэптараў, развіццё сардэчна-сасудзістай сістэмы — узнікненне М. сэрца, барарэцэптараў сасудаў і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 320

МЕХАНАТРО́Н [ад механа... + (элек)трон],

электравакуумная прылада, у якой кіраванне эл. токам ажыццяўляецца мех. перамяшчэннем яе электродаў. Прызначаны для пераўтварэння мех. велічынь (перамяшчэння, сілы, паскарэння ці інш.) у эл. сігнал; выкарыстоўваецца ў якасці датчыка вымяральных прылад.

т. 10, с. 320

МЕХАНАТЭРАПІ́Я (ад механа... + тэрапія),

метад лячэння хворых лакалізаванымі і дазаванымі фіз. практыкаваннямі на спец. апаратах; састаўная частка лячэбнай фізічнай культуры. Распрацавана швед. урачом Г.​Цандэрам (1857). Выкарыстоўваецца пры недастатковай рухомасці суставаў, рэабілітацыі пасля пераломаў і інш. З дапамогай апаратаў можна павялічваць ці змяншаць нагрузкі на суставы.

т. 10, с. 320

МЕХАНАХІ́МІЯ палімераў,

раздзел хіміі высокамалекулярных злучэнняў, у якім даследуюцца хім. ператварэнні, што адбываюцца ў выніку паглынання сістэмай мех. энергіі.

Хім. ператварэнні, ініцыіраваныя ці паскораныя мех. уздзеяннем, наз. механахімічнымі рэакцыямі. Механахім. рэакцыі (пераважна мех. дэструкцыя палімераў) ідуць пры перапрацоўцы палімерных матэрыялаў на вальцах, у экструдэрах, змешвальніках, пры ўздзеянні на палімеры ультрагуку, пры эксплуатацыі вырабаў ва ўмовах статычных і дынамічных мех. нагрузак, пры розных відах мех. апрацоўкі і інш. М. вырашае шматлікія практычныя праблемы мадыфікацыі палімераў, удасканальвання тэхналогіі вытв-сці і мех. апрацоўкі палімерных матэрыялаў, заўчаснага выхаду са строю механізмаў і асобных дэталей, якія працуюць ва ўмовах інтэнсіўных мех. нагрузак.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 320

МЕХАНГЧНЫ СКЛАД ГЛЕ́БЫ,

тое, што грануламетрычны склад глебы.

т. 10, с. 323

МЕХАНІЗАВА́НЫЯ ВО́ЙСКІ,

войскі, якія складаюцца з механізаваных злучэнняў і часцей. Ва Узбр. Сілах СССР (1930—50) у склад М.в. уваходзілі матарызаваныя, мотастралк., танк., артыл., зенітна-артыл. злучэнні і часці, падраздзяленні спец. войск. Механізаваныя злучэнні, якія існуюць ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь, уключаюць мотастралк., танк. і інш. падраздзяленні (часці). Гл. таксама Мотастралковыя войскі, Танкавыя войскі.

т. 10, с. 320