МЕХАНАХІ́МІЯ палімераў,

раздзел хіміі высокамалекулярных злучэнняў, у якім даследуюцца хім. ператварэнні, што адбываюцца ў выніку паглынання сістэмай мех. энергіі.

Хім. ператварэнні, ініцыіраваныя ці паскораныя мех. уздзеяннем, наз. механахімічнымі рэакцыямі. Механахім. рэакцыі (пераважна мех. дэструкцыя палімераў) ідуць пры перапрацоўцы палімерных матэрыялаў на вальцах, у экструдэрах, змешвальніках, пры ўздзеянні на палімеры ультрагуку, пры эксплуатацыі вырабаў ва ўмовах статычных і дынамічных мех. нагрузак, пры розных відах мех. апрацоўкі і інш. М. вырашае шматлікія практычныя праблемы мадыфікацыі палімераў, удасканальвання тэхналогіі вытв-сці і мех. апрацоўкі палімерных матэрыялаў, заўчаснага выхаду са строю механізмаў і асобных дэталей, якія працуюць ва ўмовах інтэнсіўных мех. нагрузак.

М.Р.Пракапчук.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)