МЕ́ТЭРНІХ, Метэрніх-Вінебург (Metternich-Winneburg) Клеменс Венцэль фон (15.5.1773, г. Кобленц, Германія — 11.6.1859), аўстрыйскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Князь (1803). Са стараж. дваранскага роду. З 1801 аўстр. пасланнік у Саксоніі, з 1803 — у Прусіі, з 1806 — у Францыі. У 1809—21 міністр замежных спраў і фактычна кіраўнік аўстр. ўрада, у 1821—48 прыдворны і дзярж. канцлер. Напачатку праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. Пасля разгрому войск Напалеона I у Расіі заключыў у 1813 з Расіяй і Прусіяй Райхенбахскую канвенцыю аб саюзе. У час Венскага кангрэса 1814—15 дамогся стварэння Герм. саюза на чале з Аўстрыяй; падпісаў у снеж. 1815 сакрэтны дагавор з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Францыі супраць Расіі і Прусіі. М. — адзін з арганізатараў Свяшчэннага саюза 1815—33. Пасля рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі эмігрыраваў у Вялікабрытанію, з 1849 у Бельгіі. У 1851 вярнуўся ў Аўстрыю. Еўрап. гісторыкі лічаць М. міратворцам, стваральнікам канцэпцыі дзярж. ладу Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў і сістэмы еўрап. раўнавагі (сістэма М.).

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)