МЕХАНАРЭЦЭ́ПТАРЫ сенсарныя структуры жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць мех. раздражненні з навакольнага асяроддзя ці з унутр. органаў. Рэцэптары 1-га тыпу маюць спецыялізаваныя валаскова-раснічастыя структуры, што прымаюць удзел у першаснай рэцэпцыі (напр., валасковыя рэцэптары органаў слыху, бакавой лініі, вестыбулярнага апарата і інш.). Рэцэптары 2-га тыпу ўспрымаюць стымул непасрэдна механаадчувальнай мембранай нерв. канца (напр., тканкавыя М. пазваночных). Важную ролю ў развіцці, арганізацыі і дзейнасці М. адыгрываюць умовы існавання арганізмаў. У жывёл, што карыстаюцца эхалакацыяй (напр., кажаны, дэльфіны) М. органаў слыху ўспрымаюць ультрагукі. Развіццё апорна-рухальнага апарата выклікала паяўленне прапрыярэцэптараў, развіццё сардэчна-сасудзістай сістэмы — узнікненне М. сэрца, барарэцэптараў сасудаў і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)