Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Генры Хобсан) (29.9.1838, Сент-Джэймс, ЗША — 27.4.1886),

амерыканскі архітэктар. Скончыў Гарвардскі ун-т у г. Кеймбрыдж (ЗША; 1859), Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1860—65). З 1865 працаваў у Нью-Йорку, з 1874 — у г. Бруклін. Па-майстэрску выкарыстоўваў формы раманскага стылю для стварэння рамантычна-эфектных пабудоў, тонка ўпісаных у прыроднае асяроддзе: царква Трыніты-чэрч у г. Бостан (1873—77), асабняк Эймс-гейт-лодж у г. Норт-Істан (1880—81) і інш. Лепшыя работы Р., адметныя строгай тэктанічнасцю кампазіцыі, дакладнай функцыян. арг-цыяй (будынак суда і турмы графства Алегейні ў г. Пітсбург, 1884—88; магазін «Маршал Філд» у г. Чыкага, 1885—87, не захаваўся), заклалі аснову рацыяналістычнага кірунку ў архітэктуры ЗША. Пачынальнік т.зв. гонтавага стылю кампактных і камфартабельных драўляных жылых дамоў (Браент-хаўс у г. Кохасет, штат Масачусетс, 1880; Стаўтан-хаўс у Кеймбрыджы, 1882—83).

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Оўэн Уіланс) (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.

О.Рычардсан.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Роберт Коўлман) (н. 26.6.1937, Вашынгтон),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1986). Замежны чл. Фін. акадэміі навук і л-ры (1993). Скончыў Віргінскі політэхн, ін-т (1960), ун-т Дзюка (г. Дархэм, штат Паўн. Караліна; 1966). З 1966 у Корнелскім ун-це (з 1975 праф.). Навук. працы па эксперым. фізіцы нізкіх тэмператур, вывучэнні ўласцівасцей вадкасцей і цвёрдых цел пры звышнізкіх т-рах. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.М.Лі, Д.​Дз.Ошэрафам; 1972). Нобелеўская прэмія 1996 (з Лі і Ошэрафам).

Тв.:

Рус. пер. — Эффект Померанчука // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Рычардсан.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Сэмюэл) (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),

англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ) і на псіхал, лінію рамана 19 ст.

Літ.:

Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;

Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ. М., 1966.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАНА ЭФЕ́КТ,

тое, што тэрмаэлектронная эмісія.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРД I Львінае Сэрца

(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),

кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч. жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны за вял. выкуп. З 1194 ваяваў з франц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.

Літ.:

Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;

Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;

Ростов н/Д, 1997.

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРД II (Richard; 6.1.1367, г. Бардо, Францыя — 14.2.1400),

кароль Англіі [1377—99]. Апошні з дынастыі Плантагенетаў. Уступіў на трон у 12-гадовым узросце (краінай правіў савет). З 1389 правіў самастойна, абапіраючыся на парламент і ч. знаці. Заключыў мір з Францыяй (1397). З 1397 усталяваў аднаасобнае праўленне, падпарадкаваў сабе парламент, выгнаў з краіны свайго брата Генрыха IV Ланкастэрскага і пазбавіў яго спадчынных правоў. Сваіх б. праціўнікаў караў штрафамі і канфіскацыяй іх маёмасці, што выклікала мяцеж буйных феадалаў. У 1399 скінуты, у 1400 забіты ці памёр ад голаду ў зняволенні. Герой гіст. драмы У.​Шэкспіра «Рычард П» (1595).

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРД III (Richard; 2.10.1452, замак Фотэрынгей, каля г. Корбі, Вялікабрытанія — 22.8.1485),

кароль Англіі [1483—85]. Апошні з дынастыі Йоркаў. З 1461 герцаг Глостэрскі. Стаў каралём у час Пунсовай і Белай руж вайны: прызначаны ў 1483 пратэктарам каралеўства пры малалетнім каралю Эдуарду V, скінуў яго і зняволіў у Таўэры. У бітве пры Босварце (1485) пацярпеў паражэнне і забіты. Новы кароль Генрых VII афіцыйна абвінаваціў Р. III у забойстве Эдуарда V і яго брата. Р. III — герой твораў Т.​Мора («Гісторыя Рычарда III») і У.​Шэкспіра («Рычард III»).

т. 13, с. 528

РЫ́ЧКІ,

вадасховішча ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Кублік. Створана ў 1981. Пл. 0,5 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,1 км. Напаўняецца вадой з Ляхавіцкага канала мех. водапад’ёмам. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,4 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення зямель, рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 13, с. 529

РЫЧКО́Ў (Юрый Міхайлавіч) (н. 9.9.1952, с. Верхаважжа Валагодскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1996), праф. (1999). Скончыў Ленінградскі ун-т (1977). З 1983 у Гродзенскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па фіз. электроніцы, прыкладной электрадынаміцы. Выявіў іонна-кластэрны механізм кантактных з’яў у вадкіх слабаправодных асяроддзях.

Тв.:

Контактные явления в жидких слабопроводящих средах // Инженерно-физ. журн. 1997. Т. 70, № 6;

Прикладная электродинамика. Гродно, 1999.

т. 13, с. 529