Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛУЦІНО́К,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на Пн ад г. Браслаў, паміж азёрамі Струста, Войса і Балойса. У межах нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі 2,56 км. Пл. вадазбору 0,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы слабавыражаныя, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м. Берагі нізкія, пясчаныя, затарфаваныя, пад хмызняком, на Пн і ПнУ сплавінныя. Дно плоскае, да глыбіні 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае.

т. 12, с. 436

ПЛУ́ЧАК (Валянцін Мікалаевіч) (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

ПЛЫВУ́Н,

насычаныя вадой рыхлыя асадкавыя горныя пароды, якія пры ўскрыцці праяўляюць вял. рухомасць (плывучасць). Адрозніваюць П. сапраўдныя (пяскі, супескі, суглінкі і інш., якія змяшчаюць гідрафільныя калоіды) і несапраўдныя (пераважна пяскі без калоідных часцінак). Сапраўдныя П. набываюць плывучасць пры вельмі малых напорных градыентах і маюць устойлівыя плывучыя ўласцівасці. Несапраўдныя П. пераходзяць у плывучы стан пры значных напорных градыентах, лёгка аддаюць ваду, пасля чаго трацяць плывучасць. На Беларусі П. часта трапляюцца на Палессі сярод алювіяльных, азёрных і водналедавіковых надмарэнных адкладаў. З П. змагаюцца шляхам іх асушэння.

т. 12, с. 437

ПЛЫВУ́Н,

возера ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Вір (цячэ праз возера), за 10 км на ПдУ ад г. Бабруйск. Пл. 0,39 км², даўж. 4,7 км, найб. шыр. 130 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Катлавіна — азёрападобнае расшырэнне рэчышча р. Вір. Берагі высокія, на Пн пад лесам і хмызняком. Злучана ракой з воз. Вяхава.

т. 12, с. 437

ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),

род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.

Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.

Плывунец звычайны.

т. 12, с. 437

ПЛЫВУНЦЫ́ (Dytiscidae),

сямейства водных насякомых атр. цвердакрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Некат. віды знішчаюць лічынак камароў-крывасмокаў, інш. — малявак рыб. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. трапляюцца балацянік буры (Colymbetes fuscus), падводнік выразнакрапінкавы (Coelambus impessopunctatus), паласкун баразнаваты (Acilius sulcatus), П. аблямаваны (Dytiscus marginalis), ціннікі аблямаваны (Ilybius fuliginosus) і чорны (I. ater) і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 2 віды: П. найшырэйшы (D. latissimus) і глейнік невядомы (Rhantus incognitus).

Даўж. да 5 см. Цела авальнае, чорнае, інш. раз з жоўтымі плямамі або палосамі, верх крапінкавы або шчыгрынаваны. Галава шыр., вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя. Брушка з 14 сегментаў. Заднія ногі доўгія, плавальныя, пярэднія кароткія, хапальныя. Дыхаюць паветрам, якое ўтрымліваюць пад надкрыламі. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем. Акукліваюцца ў глебе паблізу вады.

С.​Л.​Максімава.

Плывунцы: 1 — плывунец аблямаваны; 2 — паласкун баразнаваты; 3 — ціннік чорны; 4 — глейнік невядомы; 5 — плывунец найшырэйшы (а — самец, б — самка).

т. 12, с. 437

ПЛЫВУ́ЧЫ КРАН,

прамысловы грузападымальны кран для работ на плаву. Устанаўліваецца на самаходным ці буксірным пантоне. Для перагрузачных работ выкарыстоўваюць паваротныя П.к. грузападымальнасцю да 25 т з вылетам стралы да 35 м; для перагрузкі суднаў (цяжкавагавікоў), выканання буд.-мантажных, суднабуд. і аварыйна-выратавальных работ — паваротныя краны грузападымальнасцю да 350 т (звычайна самаходныя) з вылетам стралы да 60 м. Непаваротныя П.к. маюць грузападымальнасць да 2,5 тыс. т, вылет стралы да 25 м; іх выкарыстоўваюць для падымання асабліва цяжкіх грузаў і правядзення спец. работ.

Плывучы кран.

т. 12, с. 437

ПЛЫНЬ І КІРУ́НАК у літаратуры і мастацтве,

эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкага і стылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная і грамадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст. і інш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму і інш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел. выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст. і інш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.

Літ.:

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

У.​М.​Конан, Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 438

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

ПЛЫТ,

1) транспартная адзінка пры сплаве лесу. Складаецца з пучкоў бярвён. Аб’ём рачных і азёрных П. (звычайна чатырохвугольных) больш за 25 тыс. м³, марскіх (цыгарападобных) — каля 1,5 тыс. м³.

2) Прымітыўнае судна са звязаных бярвён. Звычайна мае насціл з дошак. Выкарыстоўваюць для суднарамонтных работ, наплаўных мастоў, прычалаў, паромаў і інш., а таксама плавання па рэках і ў моры.

т. 12, с. 438