ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),

род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.

Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.

Плывунец звычайны.

т. 12, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)