Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́ЦАС ((Ritsos) Яніс) (1.5.1909, г. Манемвасія, Грэцыя — 11.11.1990),

грэчаскі пісьменнік. У 1948—52 і 1967—74 зняволены ўладамі Грэцыі. Яго сац.-паліт. погляды адлюстраваны ў зб. вершаў «Трактары» (1934), паэмах «Эпітафіі» (1936), «Песня для маёй сястры» (1937), дзе дамінуе імпрэсіянісцкае ўспрыманне рэчаіснасці. У зб-ках лірыкі «Выпрабаванні» (1943), «Каменны час» (1949), «Бяссонне» (1954), «Дзённікі высылкі» (1975), «Нататкі сляпога» (1979), «Карані Элінства» (1981), паэмах «Марш акіяна» (1940), «Ранішняя зорка» (1955), «Няскораны горад» (1958), «Мост» (1960), «Васемнаццаць мелодый горкай радзімы» (1973), «Граганда», «Званіца» (абедзве 1974) імкненне дасягнуць глыбінь чалавечай душы, спасцігнуць таямніцы жыцця. Сюррэаліст. рысы ўласцівыя вершам зб-каў «Архітэктура дрэў» (1958), «Сведчанні» (ч. 1—2, 1963—66). У раманах «Асцярожны Арыёст» (1982), «Што за дзіўныя рэчы!» (1983), «Штуршком локця» (1984) жыццё грэч. правінцыі. Пераклаў верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (1983). На бел. мову яго вершы перакладала А.​Кобец-Філімонава. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1977.

Тв.:

Бел. пер. — Макронісас. Мн., 1973;

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1968;

Избранное. М., 1973;

Становление. Стихотворения и поэмы. М., 1979;

Заметки на полях времени: Стихи и поэмы. М., 1985.

Літ.:

Ильинская С.Б. Яннис Рицос: Очерк жизни и творчества. М., 1986.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Я.Рыцас.

т. 13, с. 527

РЫ́ЦІК (Пётр Рыгоравіч) (н. 14.8.1931, в. Зарэчча Клінцоўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі і вірусалогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі сан.-гігіенічны мед. ін-т (1955). З 1958 у БелНДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1971 нам. дырэктара, з 1986 дырэктар, з 1995 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі дыфтэрыі, рэцыдыўных форм сыпнога тыфу, асабліва небяспечных вірусных гемарагічных ліхаманак, ВІЧ-інфекцыі.

Тв.:

Спорадический сыпной тиф. Мн., 1973 (у сааўт.). СПИД: синдром приобретенного иммунного дефицита. Мн., 1988 (разам з А.​Г.​Каламійцам, Н.​Дз.​Каламіец).

т. 13, с. 527

РЫ́ЦІХ (Аляксандр Фёдаравіч) (5.7.1831, Пецярбургская губ. — пасля 1900),

рускі этнограф, ваенны картограф. Ген.-лейтэнант (1891). Скончыў Інжынерную акадэмію (1853) і Акадэмію Генштаба (1858). Стаяў на пазіцыях вялікадзярж. шавінізму. Склаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), У якім памылкова адносіў беларусаў-католікаў да палякаў. Найб. каштоўныя яго этнагр. карты з этнічнай статыстыкай Беларусі, некат. абласцей Расіі, замежных слав. народаў («Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі», 1875). Яго працы, прысвечаныя Зах. краю («Матэрыялы для этнаграфіі Царства Польскага: Люблінская і Аўгустоўская губерні», 1864, і інш.), мелі апісальны характар.

В.​К.​Бандарчык.

т. 13, с. 528

РЫЦЫ́НА (польскае rycyna ад позналац. Ricinus клешчавіна),

раслінны тлусты алей з насення клешчавіны. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вязкая вадкасць светла-жоўтая ці амаль бясколерная, шчыльн. 950—974 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Не раствараецца ў вадзе і бензіне. Невысыхальны алей; мае 80—90% трыгліцэрыдаў рыцынолевай (12-гідраксі-цыс-9-октадэцэнавай) к-ты (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял, гідраўлічную вадкасць, кампанент мазей і касметычных сродкаў, у медыцыне.

т. 13, с. 528

РЫЧ ((Rich) Вера) (н. 24.4.1936, Лондан),

англійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Оксфардскі ун-т (1958). З бел. мовы перакладае з 1960-х г. Пераклала зб. «Як вада, як агонь: Анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. да сённяшняга дня» (1971), дзе апубл. творы 41 бел. аўтара. Пераклады паасобных твораў М.​Багдановіча, З.​Бядулі, А.​Гаруна ў кн. «Снуецца зданяў рой» (1982). Пераклала паэму «Тарас на Парнасе», усе санеты Я.​Купалы. Яе пераклады адметныя дакладнай перадачай зместу і формы арыгінала. Аўтар многіх артыкулаў пра бел. л-ру. Перакладае таксама са стараангл., старанарвежскай, польскай, рус., укр. моў.

т. 13, с. 528

РЫЧА́Г,

цвёрдае цела, здольнае паварочвацца вакол фіксаванай восі пад дзеяннем сіл, перпендыкулярных да восі вярчэння. Адзін з найпрасцейшых механізмаў (разам з колам і вінтом). Вядомы з глыбокай старажытнасці. Тэорыя раўнавагі Р. пад дзеяннем сіл цяжару распрацавана Архімедам. Пры дзеянні некалькіх сіл раўнавага Р. дасягаецца пры ўмове, што сума момантаў гэтых сіл раўняецца нулю (гл. Момант сілы). Шырока выкарыстоўваецца ў якасці элемента канструкцый механізмаў і машын.

Рычаг «дошка-арэлі»: 1 — груз; 2 — пункт апоры; 3 — прыкладзеная сіла.

т. 13, с. 528

РЫЧАГО́Ў (Рыгор Пятровіч) (н. 10.4.1944, г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1989), праф. (1993). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1969). З 1990 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па хірург. гастраэнтэралогіі, агульнай хірургіі, малаінвазійных тэлеэндавідыё- і лазерных тэхналогіях.

Тв.:

Прогнозирование и профилактика, послеоперационных осложнений в хирургии язвенной болезни. Душанбе, 1991;

Ошибки, опасности и осложнения в желудочной хирургии. Мн., 1993;

Методы наложения повязок при травмах и некоторых заболеваниях. Мн., 1996 (разам з А.​М.​Няхаевым).

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Дзікінсан) (30.10.1895, г. Орындж, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.2.1973),

амерыканскі кардыёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Іельскі (1917) і Калумбійскі (1922) ун-ты. У 1945—61 кіраўнік мед. аддзела ў шпіталі Белв’ю ў Нью-Йорку. Навук. працы пра дзейнасць сэрца ва ўмовах траўматычнага шоку, па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў даследавання функцый сэрца і лёгкіх у норме і паталогіі; адзін з аўтараў метаду катэтарызацыі сэрца. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з А.Ф.Курнанам, В.Форсманам).

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Рычард) (н. 24.8.1946, г. Кі-Уэст, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 3-га рангу. З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 8—13.8.1989 на КК «Калумбія» (як пілот), 6—10.10.1990 на КК «Дыскаверы», 25.6—9.7.1992 на КК «Калумбія» і 9—20.9.1994 на КК «Дыскаверы» (як камандзір). Правёў у космасе 34,2 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Дз.Рычардс.

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Тэадор Уільям) (31.1.1868, г. Джэрмантаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 2.4.1928),

амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі ун-т у Кеймбрыджы (1888, д-р філасофіі), дзе і працаваў з 1889 (з 1901 праф.). Навук. працы па вызначэнні і ўдакладненні атамных мас хім. элементаў. Распрацаваў новую методыку і апаратуру, пры дапамозе якой з вял. дакладнасцю вызначыў атамныя масы 25 хім. элементаў (1888—1923). Эксперыментальна пацвердзіў законы электролізу Фарадэя (1902). Даказаў існаванне ізатопаў: вызначыў, што атамныя масы свінцу, атрыманага з уранавых і з торыевых руд, розныя. Нобелеўская прэмія 1914.

Т.Рычардс.

т. 13, с. 528