Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. radiatio ззянне, бляск),

электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне. Узнікае пры ядз. пераўтварэннях (гл. Радыеактыўнасць), выпрамяненні Сонца (сонечная радыяцыя), астрафіз. працэсах у Сусвеце (касмічныя прамяні). Пашырана разуменне Р. як радыеактыўнага — іанізавальнага выпрамянення, калі ўзаемадзеянне патокаў элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў з пэўным асяроддзем вядзе да іанізацыі яго атамаў і малекул. Характарызуецца дозамі выпрамянення, вымяраецца дазіметрычнымі прыладамі. Уплывае на жывыя арганізмы (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў), выкарыстоўваецца для кансерватыўнага лячэння злаякасных пухлін і інш. (гл. Прамянёвая тэрапія). Пра небяспеку радыяцыйнага забруджвання біясферы і метады барацьбы з непажаданымі наступствамі Р. гл. ў арт. Радыяцыйная бяспека, Радыяцыйная экалогія.

т. 13, с. 244

РАДЭ́ЗІІ І НЬЯСАЛЕ́НДА ФЕДЭРА́ЦЫЯ (Federation of Rhodesia and Nyasalend),

адм.-паліт. ўтварэнне ў 1953—63, створана Вялікабрытаніяй у выніку аб’яднання яе афр. калоній: Радэзіі Паўднёвай, Радэзіі Паўночнай і Ньясаленда. Мела ўнутр. самакіраванне, але ўлада амаль цалкам належала еўрап. каланістам пераважна з Паўд. Радэзіі (каля 3% насельніцтва). Афр. насельніцтва выступала супраць федэрацыі, у выніку з яе выйшлі Ньясаленд (1962) і Паўн. Радэзія (1963). Фармальна скасавана 31.12.1963.

т. 13, с. 244

РАДЭ́ЗІЯ ПАЎДНЁВАЯ (Southem Rhodesia),

брытанская калонія ў Афрыцы ў 1890-я г. — 1980 (у 1953—63 у складзе Радэзіі і Ньясаленда Федэрацыі). У ліст. 1965 еўрап. каланісты (менш 5% нас.) абвясцілі незалежнасць Р.П. (у 1970—80 наз. Рэспубліка Радэзія), што не было прызнана ААН. З 1980 незалежная Рэспубліка Зімбабве.

т. 13, с. 244

РАДЭ́ЗІЯ ПАЎНО́ЧНАЯ (Northem Rhodesia),

брытанская калонія ў Афрыцы ў 1911—64 (у 1953—63 у складзе Радэзіі і Ньясаленда Федэрацыі). З 1964 — незалежная Рэспубліка Замбія.

т. 13, с. 245

РАДЭ́Н ((Rodin) Рэнэ Франсуа Агюст) (12.11.1840, Парыж — 17.11.1917),

французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.​Б.​Карпо і А.​Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.​Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.​Гюго, Ж.​Далу (1883), В.​А.​Рашфора (1897), П.​Бертло (1906) і інш.

Літ.:

Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ. М., 1969;

Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

Т.​В.​Пешына.

А.Радэн. Вечная вясна. 1880-я г.

т. 13, с. 245