французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.Б.Карпо і А.Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.Гюго, Ж.Далу (1883), В.А.Рашфора (1897), П.Бертло (1906) і інш.
Літ.:
Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ.М., 1969;
Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.