ПЛУГ (Адам) (сапр.Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),
польскі і бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.Дуніным-Марцінкевічам, С.Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел.літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт.зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац. раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ. жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.Гейнэ, В.Гюго, А.Пушкіна, У.Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Тв.:
Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;
Wilno, 1862—63;
Бел.пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;
Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.
Літ.:
Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969.
ПЛУ́ЖНІКАЎ (Віктар Мікалаевіч) (18.7.1931, г. Стаўрапаль, Расія — 1.1.1998),
бел. вучоны ў галіне воднай гаспадаркі. Д-ртэхн.н. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў воднай гаспадаркі (1953). У 1961—97 у Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск, з 1966 заг. лабараторыі). Навук. працы па метадалогіі складання водагасп. балансаў і гідралагічных разлікаў у розных прыродных і гасп. умовах, аптымізацыі рэжымаў і параметраў водагасп. сістэм, прагназіраванні ў галіне выкарыстання і аховы вод.
Тв.:
Вилейско-Минская водная система. Мн., 1987 (у сааўт.);
Использование и охрана малых рек. Мн., 1989 (у сааўт.).
ПЛУТАНІ́ЗМ (ад грэч. Pluton Плутон, бог падземнага царства),
геалагічная канцэпцыя канца 18 — пач. 19 ст. пра вядучую ролю ўнутраных сіл у геал. гісторыі Зямлі. Надаваў гал. значэнне дзеянню эндагенных працэсаў (асабліва глыбіннаму магматызму і вулканізму) у фарміраванні і пераўтварэнні парод зямной кары. Канцэпцыя распрацавана шатл. геолагам Дж.Гетанам («Тэорыя Зямлі», 1795). Развіццё П. адбывалася ў супрацьпастаўленні нептунізму. Уяўленне пра ўтварэнне асадкавых горных парод было памылковым.
старажытнагрэчаскі гісторык, філосаф і пісьменнік. Вучыўся ў Афінах, жыў пераважна ў Беотыі. Быў архантам, вярх. жрацом Апалона Піфійскага ў Дэльфах. Як філосаф быў прыхільнікам вучэння Платона. Зведаў значны ўплыў піфагарэізму (вучэння аб манадзе, ліку і інш.) і акадэмічнага скептыцызму. Аднак не падзяляў матэрыяліст. і пантэістычных ідэй («Платонаўскія пытанні», «Аб псіхалогіі ў «Тымеі»); не прытрымліваўся адзінай, выразнай філас. лініі, схіляўся да пазіцый эклектыкі і дуалізму. Прызнаваў як нешта вечнае бясформенную, бяз’якасную матэрыю і божага Дэміурга, які ўпарадкоўвае «няўладжанасць» космасу, у выніку чаго матэрыя набывае гармонію і прыгажосць. Больш вядомы як гісторык. У гал. сваім творы «Параўнальныя жыццеапісанні» змясціў 50 біяграфій выдатных дзеячаў Стараж. Грэцыі і Рыма. Развіваў вучэнне аб нагляднасці, спецыфічнасці эстэт. сферы свядомасці і інш.; раскрыў сутнасць і ролю паэзіі і музыкі ў фарміраванні асобы («Аб тым як падабае юнаку чытаць паэтычныя творы», «Аб музыцы»). Разглядаў паэзію як сродак падрыхтоўкі да засваення філасофіі, музыку лічыў найважнейшым інструментам выхавання. У яго тэарэт. разважаннях філасофія, прыгажосць і мараль арганічна звязаны. Работы П. прасякнуты ідэямі гуманізму і чалавекалюбства.
Тв.:
Рус.пер. — Сравнительные жизнеописания. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994;
Соч.М., 1983;
Застольные беседы. Л., 1990;
Избр. жизнеописания. Мн., 1998.
Літ.:
Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;
Лосев А.Ф. Эллинистически-римская эстетика I—II вв. н.э.М., 1979.
у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.
дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.
Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙103кг/м³, Харона 2,18 ∙103кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙1022кг. У 1999 Міжнар.астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
самастойны вялікі інтрузіўны масіў магматычных парод у верхніх слаях зямной кары. Утвараецца пры застыванні магмы, якая пранікае з ніжніх частак зямной кары або з мантыі. Паводле памераў, формы і залягання ў зямной кары адрозніваюць баталіты, лакаліты, дайкі, лапаліты, пластавыя жылы і інш.Гл. таксама Інтрузія.
Pu, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 94, адносіцца да актыноідаў. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 232—246; найб. устойлівы 244 Pu (перыяд паўраспаду T1/2 7,5∙107 гадоў). У прыродзе трапляецца ў мізэрнай колькасці ва уранавых рудах 239Pu (T1/2 2,41∙104 гадоў, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1940 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі; назва ад планеты Плутон.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 640 °C, tкіп 3352 °C. Існуе ў 6 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 112 °C стабільная манаклінная α-фаза, шчыльн. 19860 кг/м³. Хімічна найб. актыўны з актыноідаў. Кампактны П. у паветры павольна акісляецца. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў салянай, артафосфарнай і хлорнай к-тах. Узаемадзейнічае пры награванні з галагенамі, вадародам, азотам, серай і інш. неметаламі; з многімі металамі ўтварае інтэрметаліды. Выкарыстоўваюць 239Pu як паліва ў ядз. энергетыцы, пры вырабе ядз. зброі (крытычная маса метал. П. 5,6 кг), як сыравіну для вытв-сці трансплутоніевых элементаў; 238Pu — для вырабу малагабарытных ядз. крыніц эл. току з працяглым тэрмінам службы. Высокатаксічны. ГДК у паветры рабочых памяшканняў для 239Pu 3,3∙10−5Бк/л.