ПЛУ́ТАС,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бог багацця. Лічыўся сынам багіні Дэметры і крыцкага бога земляробства Іасіёна. Яго ўяўлялі або сляпым старым, які надзяляе людзей багаццем незалежна ад іх маральных якасцей, або малым хлопчыкам з рогам багацця, якога трымае на руках багіня міру Эйрэна. У глыбокай старажытнасці П. часам атаясамлівалі з богам падземнага царства Плутонам (Аідам), бо той лічыўся ўладальнікам незлічоных багаццяў.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)