ПЛУГ (Адам) (сапр.Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),
польскі і бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.Дуніным-Марцінкевічам, С.Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел.літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт.зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац. раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ. жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.Гейнэ, В.Гюго, А.Пушкіна, У.Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Тв.:
Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;
Wilno, 1862—63;
Бел.пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;
Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.
Літ.:
Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969.