МУСЦЕ́ЙКІС (Леанід Іванавіч) (1911, в. Усомля Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1944),
герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Паўн., Карэльскім франтах, Паўн. флоце. Электрык-пражэктарыст асобнага кулямётнага батальёна марской пяхоты старшына М. у час штурму ўмацаваных вышынь хрыбта Муста-Тунтуры закрыў сваім целам амбразуру варожага агнявога пункта. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Айч. вайны 2-й ступені.
т. 11, с. 40
МУСЦЬЕ́,
археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.
У.П.Ксяндзоў.
т. 11, с. 40
МУТАГЕНЕ́З (ад мутацыі + ... генез),
1) працэс узнікнення мутацый пад уздзеяннем фактараў (мутагенаў) навакольнага і ўнутранага асяроддзя. Аснова — змены ў малекулах нуклеінавых к-т, што захоўваюць і перадаюць спадчынную інфармацыю, і парушэнні мітатычнага апарата клетачнага дзялення.
2) Штучнае атрыманне мутацый з дапамогай фіз. і хім. мутагенаў.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 40
МУТАГЕ́НЫ,
фізічныя і хімічныя фактары, уздзеянне якіх на жывыя арганізмы прыводзіць да паяўлення мутацый з частатой, большай за ўзровень спантанных мутацый. Да фіз. М. адносяць іанізавальныя (гама- і рэнтгенаўскія прамяні, пратоны, нейтроны і інш.) і ультрафіялетавае выпрамяненні, высокія і нізкія т-ры; да хім. — многія алкіліруючыя злучэнні, аналагі азоцістых асноў нуклеінавых к-т, некат. біяпалімеры (чужародныя ДНК ці РНК), алкалоіды і інш. Супермутагенамі наз. М., што павялічваюць частату мутацый у сотні разоў. Часта М. з’яўляюцца канцэрагенамі і тэратагенамі (выклікаюць парушэнні ў развіцці зародка). Выкарыстоўваюцца ў селекцыі с.-г. раслін і карысных мікраарганізмаў для атрымання мутацый, якія служаць матэрыялам для штучнага адбору.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 40
МУТА́ЗЫ,
ферменты класа ізамераз, якія каталізуюць перанос асобных груповак ад аднаго ўчастка малекулы да другога. Напр., пераўтварэнне глюкоза-6-фасфату ў глюкозу-1-фасфат пры гліколізе каталізуецца фосфаглюкамутазай, якая ажыццяўляе ўнутрымалекулярны перанос.
т. 11, с. 40
МУТАЛІ́МАЎ (Магамед Гамідавіч) (н. 21.6.1932, в. Хкем, Дагестан, Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1986), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). З 1963 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Навук. працы па эканам. тэорыі, праблемах працы і яе стымулявання, пытаннях матывацыі працы і размеркавальных адносін.
Тв.:
Закон распределения по труду и его использование в развитом социалистическом обществе. Мн., 1980;
Ресурсы сельскохозяйственного производства и проблемы их использования. Мн., 1998 (разам з С.М.Муталімавым);
Мотивация труда и распределительные отношения. Мн., 2000.
т. 11, с. 40
МУТА́ЦЫІ (ад лац. mutatio змяненне, змена),
раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіць да адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.
Літ.:
Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;
Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 40
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,
зменлівасць, абумоўленая ўзнікненнем новых генатыпаў, адзін з фактараў эвалюцыі, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змены ўмоў існавання. Звычайна прыводзіць да змены фенатыпу. Адбываецца пад уздзеяннем мутагенаў і з’яўляецца спадчыннай. Адрозніваюць М.з. на генным узроўні (змена структуры малекулы ДНК), храмасомным (перабудова структуры храмасом) і геномным (змены колькасці храмасом). М.з. — аснова практычнай селекцыі пры атрыманні новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 40
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя зменлівасці і эвалюцыі,
сцвярджае, што існуе 2 катэгорыі зменлівасці — бесперапынная і перарывістая (дыскрэтная). Распрацаваў Г.Дэ Фрыз. Паводле гэтай тэорыі толькі перарывістая зменлівасць з’яўляецца спадчыннай. Для яе абазначэння ўведзены тэрмін «мутацыя». М.т. сцвярджае, што мутацыі могуць быць прагрэсіўныя (з’яўленне новых спадчынных уласцівасцей, што раўназначна ўзнікненню новых элементарных відаў) або рэгрэсіўныя (страта якіх-н. існуючых уласцівасцей, якія прыводзяць да ўзнікнення разнавіднасцей). Новыя жарданоны ўзнікаюць шляхам прагрэсіўных мутацый раптоўна, без пераходаў і звычайна адразу спадчынна пастаянныя. Масавыя мутацыі прымеркаваны да асобых рэдкіх мутацыйных перыядаў, што ў жыцці кожнага віду чаргуюцца з працяглымі перыядамі спакою. Развіццё генетыкі абвергла асн. палажэнні М.т. Падобную сістэму прадстаўленняў пра зменлівасць і эвалюцыю распрацаваў С.І.Каржынскі (1899). Сучасныя прадстаўленні аб спадчыннасці і іх сінтэзе з эвалюцыйным вучэннем сфармуляваў С.С.Чацверыкоў (1926). Гл. таксама Дарвінізм, Мендэлізм.
т. 11, с. 41
МУТАЦЫЯНІ́ЗМ,
канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс. Адбываецца ў выглядзе буйных адзінкавых спадчынных змен — макрамутацый або сальтацый. Яны ўзнікаюць у асобін зыходнага віду і адразу ўтвараюць новыя жыццёвыя формы, якія пры спрыяльных умовах асяроддзя з’яўляюцца родапачынальнікамі новых відаў. У якасці рухальнай сілы эвалюцыі ўсталёўвае ўнутраны адносна арганізма фактар — змены спадчыннасці і адмаўляе творчую ролю натуральнага адбору, які мае толькі значэнне фактару, што абмяжоўвае разнастайнасць жыццёвых форм ліквідацыяй нежыццяздольных варыянтаў. Заснавальнік М. — Г.Дэ Фрыз, які распрацаваў мутацыйную тэорыю эвалюцыі.
т. 11, с. 41