Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГУ́ТНАСЦЬ ГУ́КУ,

энергія, што пераносіцца гукавой хваляй праз дадзеную паверхню за адзінку часу. Сярэдняе па часе значэнне М.г., аднесенае да адзінкі плошчы, наз. інтэнсіўнасцю гуку.

т. 9, с. 486

МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,

фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.

Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз. актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.

М.А.Караткевіч.

Магутнасць электрычная пераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.

т. 9, с. 486

«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,

«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.Тусакоўскі, М.Ладыжанскі, М.Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай ў 1862 Балакіравым і Г.Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус. рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.Глінкі, А.Даргамыжскага, яны развівалі нац. муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф, фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус. муз. культуры.

Літ.:

Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.

Т.А.Дубкова.

т. 9, с. 486

«МАГУ́ТНЫ БО́ЖА»,

міжнародны фестываль духоўнай музыкі. Праводзіцца з 1993 штогод у Магілёве. Засн. па ініцыятыве Бел. каталіцкага т-ва і рымска-каталіцкай парафіі. Назва ад духоўнага гімна М.Равенскага «Магутны Божа» на вершы Н.Арсенневай, які стаў муз. эмблемай фестывалю. Мае на мэце аб’яднанне пры дапамозе музыкі прадстаўнікоў розных хрысц. канфесій, захаванне і развіццё традыцый сусв. і бел. духоўнай музыкі. У фестывалі ўдзельнічаюць прафес. і аматарскія, прыходскія хар. калектывы і вак. ансамблі розных складаў, салісты. Праводзяцца конкурсы вакалістаў, у т.л. на лепшае выкананне гімна «Авэ Марыя», канцэрты хар., вак. і арганнай музыкі і інш. У рэпертуары творы сусв. духоўнай класікі і бел. кампазітараў, у т.л. М.Шчаглова, В.Селяха-Качаноўскага, В.Панфілавай і інш. Сярод лаўрэатаў фестывалю: Дзярж. акад. нар. хор імя Г.І.Цітовіча, магілёўскі мужчынскі камерны хор «Унія», актэт «Чысты голас», камерны хор «Гродзенскай капэлы», Гомельскі дзіцячы хор правасл кафедральнага сабора Пятра і Паўла (Беларусь), Бранскі муніцыпальны акад. хор, Казанскі муніцыпальны мужчынскі хор «Кафедра» (Расія); акад. Галіцкі хор «Еўшан», салісткі Л.Дарэнская, Г.Хасцян (Украіна). Сярод чл. журы В.Роўда, Г.Каржанеўская, Л.Каспорская, В.Скорабагатаў.

С.У.Вераценнікава.

т. 9, с. 486

МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).

Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.Гобса, Ж.Б Ламарка, І.Канта, Г.Гегеля, К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, Б.Расела, С.А.Крыпке, Я.Хінцікі.

Літ.:

Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.

В.І.Боўш.

т. 9, с. 486

МАГЧЫ́МЫХ ПЕРАМЯШЧЭ́ННЯЎ ПРЫ́НЦЫП,

прынцып, які ўстанаўлівае агульныя ўмовы раўнавагі мех. сіс-. тэмы; адзін з варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле М.п.п. для раўнавагі сістэм з ідэальнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя) неабходна і дастаткова, каб сума работ усіх актыўных сіл, прыкладзеных да сістэмы, пры любых магчымых перамяшчэннях сістэмы была роўная нулю (без разгляду невядомых рэакцый сувязей). Гл. таксама Д’Аламбера—Дагранжа прынцып.

т. 9, с. 487