Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГНІ́ТНЫ МАНАПО́ЛЬ,

гл. Манаполь магнітны.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ МО́МАНТ,

фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці часцінак рэчыва і макраскапічных цел. М.м плоскага замкнутага контура з эл. токам — вектар pm = ISn , дзе I — сіла току; S — плошча, абмежаваная контурам; n — адзінкавы вектар нармалі, накіраваны перпендыкулярна да плоскасці контура ў адпаведнасці з правілам правага вінта. Адзінка М.м. ў СІампер-квадратны метр (А∙м​2).

М.м. атамаў і малекул абумоўлены прасторавым рухам электронаў (арбітальны М.м.), спінавымі М.м. электронаў (гл. Спін), вярчальным рухам малекул (вярчальны М.м.), а таксама М.м. атамных ядраў (гл. Магнетон). М.м. макраскапічнага цела роўны вектарнай суме М.м. мікрачасціц, з якіх гэтае цела складаецца, і вызначае яго намагнічанасць.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ ПАТО́К, паток магнітнай індукцыі,

паток вектара магнітнай індукцыі праз якую-н. паверхню.

М.п. праз малы элемент паверхні dS, у межах якога вектар магнітнай індукцыі B можна лічыць пастаянным, вызначаецца формулай: dΦ = B dS = BdScosα , дзе dS = dSn , n — адзінкавы вектар нармалі да элемента паверхні dS, α — вугал паміж вектарамі B і n. М.п. праз адвольную паверхню S вызначаецца інтэгралам Φ = (S) B dS . Для замкнёнай паверхні гэты інтэграл роўны нулю, што адлюстроўвае саленаідальны характар магнітнага поля. Поўны М.п., звязаны з некаторым эл. контурам (напр., саленоідам), наз. патокасчапленнем. Адзінка М.п. ў СІвебер.

Да арт. Магнітны момант.
Да арт. Магнітны паток.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ ПО́ЛЮС,

частка паверхні намагнічанага цела, на якой нармальная кампанента вектара намагнічанасці адметная ад нуля. М.п., з якога выходзяць сілавыя лініі, наз. паўночным (N) ці дадатным, у які ўваходзяць гэтыя лініі — паўднёвым (5) ці адмоўным. Назвы М.п. уведзены, зыходзячы з напрамку ўстанаўлення стрэлкі магн. компаса ў магн. полі Зямлі: паўн. полюс стрэлкі паварочваецца ў бок геагр. Поўначы (гл. Магнітныя полюсы Зямлі). Аднайменныя М.п. адштурхоўваюцца, разнайменныя — прыцягваюцца.

Магнітныя полюсы (N і S) намагнічанага стальнога стрыжня (лініі са стрэлкамі — магнітныя сілавыя лініі; яны замыкаюцца ў навакольнай прасторы стрыжня).

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

выбіральнае паглынанне рэчывам эл.-магн. хваль пэўнай частаты, абумоўленае зменай арыентацыі магнітных момантаў часціц рэчыва (электронаў, атамных ядраў).

Энергет. ўзроўні часціцы, якая мае магнітны момант, у знешнім магн. полі расшчапляюцца на магн. падузроўні, кожнаму з якіх адпавядае пэўная арыентацыя магн. моманту адносна поля (гл. Зеемана з’ява). Эл.-магн. поле рэзананснай частаты выклікае квантавы пераход паміж магн. падузроўнямі. Пры паглынанні энергіі ядрамі атамаў назіраецца ядзерны магнітны рэзананс; у парамагнетыках паглынанне энергіі абумоўлена магн. момантамі няспараных электронаў — электронны парамагнітны рэзананс; у магнітаўпарадкаваных рэчывах адрозніваюць ферамагнітны рэзананс, антыферамагнітны рэзананс, ферымагнітны рэзананс. Выкарыстоўваецца для даследавання ўнутр. структуры цвёрдых цел і вадкасцей, для неразбуральнага хім. аналізу, прэцызійных метадаў вымярэння і стабілізацыі магн. палёў, у ферытавых прыладах ЗВЧ, мазерах і інш.

Літ.:

Сликтер Ч.П. Основы теории магнитного резонанса: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981.

Р.М.Шахлевіч.

т. 9, с. 483

МАГНІТО́ГРАФ (ад магніт + ...граф),

прылада, якая бесперапынна рэгіструе змены зямнога магн. поля ў часе (магн. варыяцыі). Складаецца з магн. варыёметраў і рэгістравальных прыстасаванняў (частатамеры, вальтметры, патэнцыёметры з запісвальнымі вузламі, магнітафоны і інш.). Рэгіструе кампаненты магн. поля Зямлі з перыядам ад некалькіх секунд да некалькіх месяцаў і больш. Паказанні М. (на магн. стужцы і інш. магнітаграмах) апрацоўваюцца на ЭВМ. Ёсць сонечныя М. для вымярэнняў магн. поля на Сонцы.

т. 9, с. 484

МАГНІТО́ЛА,

бытавы радыётэхнічны апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны магнітафон і радыёпрыёмнік. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік магутнасці нізкай частаты і акустычную сістэму. Гл. таксама Магнітарадыёла.

т. 9, с. 484

МАГНІТО́МЕТР (ад магніт + ...метр),

прылада для вымярэння параметраў магн. поля і яго напружанасці, напрамку, градыента і інш. М. наз. таксама вымяральныя блокі ўстановак для вызначэння магн. параметраў матэрыялаў. Паводле прынцыпу дзеяння М. падзяляюцца на магнітастатычныя, электрамагн., індукцыйныя, квантавыя, у т.л. звышправодныя; паводле прызначэння — на палямеры, вымяральнікі магн. індукцыі, градыентаметры, інклінатары, флюксметры.

Магнітастатычныя М. заснаваны на ўзаемадзеянні пастаяннага магніта (магн. стрэлкі) са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; эл.-магн. — на параўнанні магн. поля, якое даследуецца, з магн. полем эл. току ў шпулі; індукцыйныя — на з’яве электрамагнітнай індукцыі (на ўзнікненні эрс у вымяральнай шпулі пры зменах магн. патоку, што яе пранізвае); квантавыя — на выкарыстанні фіз. з’яў, што адбываюцца пры ўзаемадзеянні магн. момантаў ансамбляў мікрачасціц рэчыва са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; звышправодныя — на Джозефсана эфекце. З дапамогай М. вымяраюць магнітнае пале Зямлі і інш. планет, вывучаюць магн. анамаліі, шукаюць карысныя выкапні, вызначаюць уласцівасці магн. матэрыялаў і г.д.

Літ.:

Средства измерений параметров магнитного поля. Л., 1979;

Бондаренко С.И., Шеремет В.И. Применение сверхпроводимости в магнитных измерениях. Л., 1982.

Схема магнітометра — цесламера з аптычнай напампоўкай: 1 — камера з рабочым рэчывам; 2 — паляроід; 3 — крыніца выпрамянення з зададзеным спектральным саставам; 4 — генератар узбуджэння; 5 — фотадэтэктар; 6 — узмацняльнік; 7 — сінхронны дэтэктар; 8 — мадуляцыйны генератар; 9 — высокачастотны генератар; 10 — частатамер; B — магнітнае поле, што вымяраецца; Rac — рэзістар у ланцугу адваротнай сувязі.

М.А.Мяльгуй.

т. 9, с. 484

МАГНІТУ́ДА ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ (ад лац. magnitudo велічыня),

умоўная велічыня, якая характарызуе колькасць энергіі, што выдзелілася ў ачагу землетрасення. Прапарцыянальная лагарыфму адносін макс. амплітуды зрушэння глебы да адпаведнага перыяду сейсмічнай хвалі, запісанай сейсмографам на адлегласці 100 км ад эпіцэнтра землетрасення. Максімальная М.з. каля 9, што адпавядае энергіі 10​19 Дж. Паміж магнітудай і інтэнсіўнасцю (вымяраецца па 12-бальнай шкале) землетрасенняў існуюць суадносіны па функцыі адлегласці ад эпіцэнтра і глыбіні гіпацэнтра землетрасення. На Беларусі адчуваюцца землетрасенні (амаль у 5 балаў), якія адбываюцца пад гарамі Уранча ў Румыніі (макс. магчымая магнітуда каля 7,5).

Г.І.Каратаеў.

т. 9, с. 484

МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),

царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.Палестрына, А.Ласа, К.Мантэвердзі, І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, А.Вівалвдзі, Дж.Б.Пергалезі, В.А.Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.Мендэльсон, К.Пендарэцкі, Р.Воан-Уільямс.

Т.У.Ліхач.

т. 9, с. 484