Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́ННЫ СПОРТ,

верхавая язда спарт. характару. Уключае пераадольванне перашкод (канкур), выездку, трохбор’е (манежная язда, палявыя выпрабаванні, пераадольванне перашкод), прабегі, вальтыжыроўку. Да К.с. адносяць таксама скачкі (гладкія і бар’ерныя), стыпль-чэз, джыгітоўку, язду ў экіпажах, коннае пола, нац. конныя гульні. Спаборніцтвы праводзяцца звычайна на іпадромах і ў манежах.

Вядомы са стараж. часоў. У Расіі першыя конныя турніры пачаліся ў Пецярбургу ў 1766, першыя скачкі — у 1826. У СССР К.с. развіваўся ў 1920-я г. ў армейскіх часцях, у клубах Асаавіяхіма. На Беларусі культывуецца з 1957, з часу адкрыцця аддзялення К.с. ў Гомельскай спарт. школе моладзі. Працуюць (1998) Рэсп. цэнтр па К.с. і конегадоўлі (пас. Ратамка Мінскага р-на), 11 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і 8 секцый К.с. Найб. вядомыя бел. спартсмены: В.Угрумаў, І.​Карачова — бронз. прызёр чэмпіянату свету і чэмпіёнка СССР у камандным заліку (1978); чэмпіёны СССР — Ю.​Зябраў (1965), В.​Вагнер (1978), абодва — пераадольванне перашкод, А.​Яцына (1977, выездка); А.​Зелянко, А.​Сарачаў, С.​Антановіч, Ю.​Навумовіч-Швабоўская, Т.​Жалабковіч і інш.

А.​Э.​Няхайчык.

т. 8, с. 407

КО́НРАД (Conrad) Джозеф [сапр. Кажанёўскі

(Korzeniowski) Тэадор Юзаф Конрад; 3.12.1857, г. Бярдзічаў, Украіна — 3.8.1924], англійскі пісьменнік. Па паходжанні паляк, сын удзельніка паўстання 1863—64. З 1874 прафесійны мараплавец. У 1894 пакінуў марскую службу, жыў у Англіі. У л-ры дэбютаваў раманам «Капрыз Алмеера» (1895),

рукапіс якога ўхваліў Дж.​Голсуарсі. У неарамант. раманах «Негр з «Нарцыса» (1897), «Лорд Джым» (1900), «Сэрца цемры» (1902), звяртаючыся да марской тэматыкі, даследуе сутнасць душы чалавека, які ўступае ў фатальную схватку з лёсам і самім сабой. Найб. вядомы твор — раман «Нострама» (1904) пра разбуральнае ўздзеянне палітыкі і матэрыяльных інтарэсаў на ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Аўтар паліт. рамана «Вачыма Захаду» (1911), артыкулаў пра І.​Тургенева, Г. дэ Мапасана.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;

Ностромо. М., 1985.

Літ.:

Урнов Д.М. Джозеф Конрад. М., 1977;

Najder Z. Życie Conrada-Korzeniowskiego. T. 1—2. Warszawa, 1980.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 407

КО́НРАД (Мікалай Іосіфавіч) (13.3.1891, Рыга — 30.9.1970),

савецкі ўсходазнавец, заснавальнік сав. школы японазнаўства. Акад. АН СССР (1958), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі ун-т і Практычную ўсх. акадэмію (1912). У 1913—50 выкладаў у ВНУ Кіева, Арла, Ленінграда, Масквы, пазней працаваў у Ін-це ўсходазнаўства АН СССР. Асн. працы па літ.-знаўстве, мовазнаўстве, гісторыі і гісторыі культуры Кітая, Карэі, Японіі; перакладчык пісьмовых помнікаў гэтых краін на рус. мову. Даў аналіз заканамернасцей развіцця сусв. л-ры, агульных і своеасаблівых рыс гіст. развіцця краін Азіі і Еўропы. Быў членам гал. рэдакцыі «Сусветнай гісторыі» (т. 1—10, 1955—65), аўтар многіх яе раздзелаў.

т. 8, с. 408

КО́НРАД ((Conrad) Чарлз) (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.​Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.​Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 8, с. 408

КО́НРАДА ПАВЕ́РХНЯ,

умоўная мяжа паміж «гранітным» і «базальтавым» слаямі зямной кары, якая выяўляецца па скачкападобным павелічэнні хуткасці праходжання сейсмічных хваль (месцамі адсутнічае). Глыб. залягання 5—35 км. Названа імем аўстр. геафізіка В.​Конрада.

т. 8, с. 408

КОНС,

адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.

т. 8, с. 408

КО́НСКАЯ СІ́ЛА,

устарэлая пазасістэмная адзінка магутнасці. Абазначаецца к.с., л.с. (рус. лошадиная сила), PS (ням. Pferdestärke), CV (франц. chevalvapeur), HP (англ. horse power). Замест яе ў Міжнароднай сістэме адзінак ужываецца ват. 1 к.с. = 75 кгс∙м/с = 735,499 Вт. У ЗША і Вялікабрытаніі 1 HP = 745,7 Вт.

т. 8, с. 408

КО́НСКІЯ ШЫРО́ТЫ,

вобласці Паўн. і Паўд. паўшар’яў Зямлі (паміж 30—35° паўн. ш. і паўд. ш.) ва ўнутр. ч. субтрапічных антыцыклонаў са слабымі вятрамі і частымі штылямі. Назва звязана з тым, што ў часы паруснага мараплавання з-за штыляў у Атлантычным ак. здараліся працяглыя затрымкі суднаў і з-за недахопу прэснай вады даводзілася выкідаць за борт коней, якіх перавозілі з Еўропы ў Амерыку.

т. 8, с. 408

КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),

род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).

Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.

Конскі каштан: галінка з кветкамі і плод.

т. 8, с. 408

КО́НСТЭБЛ, Констэбль (Constable) Джон (11.6.1776, Іст-Бергхалт, каля г. Іпсуіч, Вялікабрытанія — 31.3.1837), англійскі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік англ. рэаліст. пейзажа. Скончыў АМ у Лондане (1805, з 1829 яе член). Склаўся пад уплывам твораў Я. ван Ройсдала, Н.Пусэна, Т.Гейнсбара. Першы ў гісторыі еўрап. пейзажа маляваў прыроду з натуры Творы рабіў на аснове эцюдаў смелымі неспакойнымі мазкамі, ствараючы свежасць і жывую дынаміку фарбаў, стан святлопаветранага асяроддзя: «Млын у Флэтфардзе» (1817), «Воз для сена» і «Эцюд дрэва» (абодва 1821), «Сабор у Солсберы» (каля 1823), «Дэдхемская даліна» (1828), «Від на Хайгет з Хэмпстэдскіх пагоркаў» (каля 1834), «Стокбай-Нэйленд» (1836) і інш. Яго творы, выстаўленыя ў франц. салоне 1824, паўплывалі на франц. рэаліст. пейзаж 1830—40-х г., у т. л. на Э.Дэлакруа, мастакоў барбізонскай школы, імпрэсіяністаў.

Літ.:

Чегодаев А.Д. Джон Констебль. М., 1968.

В.​Я.​Буйвал.

Дж.Констэбл. Сабор у Солсберы. Каля 1823.

т. 8, с. 408