Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЛЧА́НАЎ (Павел Сцяпанавіч) (14.3. 1902, в. Івольск Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.1977),

бел. акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у бел. т-рах імя Я.​Коласа (1926—51, з перапынкамі, з 1946 маст. кіраўнік), Бел. ТРАМе, на кінастудыі «Савецкая Беларусь» (1930—35). З 1952 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго творчасць адметная спалучэннем прастаты, чалавечнасці з моцным тэмпераментам. Стварыў яркія нар. характары, вобразы простых людзей, трагічных і драм. герояў: Кутас («Прымакі» Я.​Купалы), ураднік Шышла, Дарвідошка («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Караневіч («Проба агнём» К.​Крапівы), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Сорын, Вяршынін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Пярчыхін, Лука («Мяшчане», «На дне» М.​Горкага), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Освальд, доктар Ранк («Здані», «Нора» Г.​Ібсена), Віктор Чэрмлені («Гульня з кошкай» І.​Эркеня). Паставіў спектаклі: у Бел. ТРАМе — «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935, разам з Г.​Ферманам); у т-ры імя Я.​Коласа — «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы; 1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Рускае пытанне» (1947) К.​Сіманава; у т-ры імя Я.​Купалы — «Патрабуецца лгун» Дз.​Пратасава (1965), «Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча (1969); у Бел. т-ры юнага гледача — «Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.​Гайдара (1963), «Даманевідзімка» П.​Кальдэрона (1964); а таксама фільм «Палескія рабінзоны» (1934, з І.​Бахарам). Пра М. створаны хранікальна-дакумент. фільм «Дзесяць хвілін з Паўлам Малчанавым» (1969). Аўтар успамінаў «Тэатр — жыццё маё» (1984). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Няфёд У. Народны артыст СССР П.С. Малчанаў. Мн., 1958.

У.​І.​Няфёд.

П.С.Малчанаў.
П.Малчанаў у ролі ўрадніка Шышлы.

т. 10, с. 38

МАЛЫ́ГІН (Сцяпан Гаўрылавіч) (? — 1764),

расійскі даследчык Арктыкі, капітан-камандор (1762). У 1711—17 вучыўся ў Маскоўскай школе матэм. і навігацыйных навук. У 1733 склаў першы дапаможнік па навігацыі на рус. мове «Скарочаная навігацыя па карце дэ-Рэдукцыён». У 1736—37 кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1737 разам з А.​Скуратавым абагнуў морам п-аў Ямал, прайшоў пралівам паміж ім і в-вам Белы (Малыгіна праліў) і дасягнуў вусця р. Об. У выніку падарожжаў атрада М. апісана гэта частка ўзбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і складзена карта ўзбярэжжа паміж рэкамі Пячора і Об.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́ГІНА ПРАЛІ́Ў.

Паміж в-вам Белы і п-вам Ямал (Расія) у Карскім моры. Даўж. 63 км, шыр. 9—27 км, глыб. да 4 м. Берагі нізінныя, пясчана-гліністыя, пакрытыя тундравай расліннасцю. Названы ў гонар рус. даследчыка Арктыкі С.Г.Малыгіна, які прайшоў цераз праліў у 1737.

т. 10, с. 39

МАЛЫ́Ш,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. р. Дняпро). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 234 км². Пачынаецца на ўсх. ускраіне в. Падкрэжнік. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Асн. прыток — р. Ліпаўка (злева). Рэчышча каналізаванае на працягу 2,4 км.

т. 10, с. 40

МА́ЛЫШАВА (Клара Мікалаеўна) (н. 31.12.1935, г.п. Памяць Парыжскай Камуны Борскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Расіі (1964). Нар. арт. Беларусі (1971). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1955). Працавала ў т-рах оперы і балета ў Горкім і Чэлябінску. З 1965 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі (да 1992 і маст. кіраўнік). Балерына шырокага творчага дыяпазону, у рэпертуары партыі ад чыста класічных да гратэскавых. Валодае высокай тэхнікай, экспрэсіўнай, энергічнай манерай танца. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Джулія, Няўзіра («Альпійская балада», «Выбранніца» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага). У інш. т-рах выканала партыі Ніны («Маскарад» Л.​Лапуціна), Кацярыны («Каменная кветка» Пракоф’ева) і інш.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 69—70, 81.

Ю.​М.​Чурко.

К.М.Малышава.
К.Малышава ў ролі Дзяўчыны.

т. 10, с. 40

МА́ЛЫШАЎ (Андрэй Якаўлевіч) (30.11. 1913, Мінск — 21.1.1984),

бел. вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Канд. геагр. н. (1952). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). З 1949 у БДУ (у 1954—79 прарэктар). Працы па эканам. геаграфіі і населеных пунктах Беларусі, праблемах асушэння Палесся.

Тв.:

Города и села Белорусской ССР. Мн., 1959 (разам з В.​А.​Жучкевічам, Н.​Я.​Рагозіным);

Прамысловасць Мінска: (Экан.-геагр. нарыс). Мн., 1972 (разам з Л.​А.​Паўловіч);

Транспорт и экономические связи // География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977.

т. 10, с. 40

МА́ЛЫШАЎ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 1.12.1931, С.-Пецярбург),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1983). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1958). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект» (з 1958, у 1978—80 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Мінскі палац спорту, у сааўтарстве корпус бальніцы Лячэбнага сан. ўпраўлення (1968), Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка (1969), кінатэатр «Кастрычнік» (1975), генплан акадэмгарадка па вул. Жодзінскай, Дом праектных арг-цый Дзяржбуда Беларусі (абодва 1980); Палац культуры ў Салігорску (1967), конна-спарт. манеж у Ратамцы пад Мінскам (1969), серыя буйнапанэльных жылых дамоў для гарадоў Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск (1972—77); санаторыі «Беларусь» у гарадах Друскінінкай (Літва, 1972) і Юрмала (Латвія, 1976); г. Лангепас Цюменскай вобл. (Расія, 1982) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 10, с. 40

МА́ЛЫШАЎ (Пётр Фёдаравіч) (28.8.1898, в. Селязнёва Яраслаўскай вобл., Расія — 10.12.1972),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.лейт. (1943). Скончыў курсы «Выстрал» (1923, 1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт. франтах. Са жн. 1943 камандуючы 4-й ударнай арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай, Віцебска-Аршанскай, Полацкай і Мінскай аперацыях. Войскі пад яго камандаваннем вызначыліся пры вызваленні Гарадка, Полацка і інш. нас. пунктаў. Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі, у т. л. ў БВА.

т. 10, с. 40

МА́ЛЫШАЎ (Фёдар Аляксеевіч) (н. 20.4. 1914, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Канд. тэхн. н. (1950). Скончыў БПІ (1941). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 у партызанах: падрыўнік, камандзір дыверсійнай групы партыз. атрада 125-й Капаткевіцкай брыгады; асабіста падарваў 18 варожых эшалонаў. Са снеж. 1943 у Наркамаце мясц. паліўнай прам-сці БССР, у 1947—90 навук. супрацоўнік Ін-та торфу АН БССР.

Ф.А.Малышаў.

т. 10, с. 40

МА́ЛЫШАЎ (Юрый Васілевіч) (27.8. 1941, г. Нікалаеўск Валгаградскай вобл., Расія —8.11.1999),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык-касманаўт СССР (1980). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 5—9.6.1980 з У.В.Аксёнавым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-2» (Як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.І.Папоў і В.В.Румін); 3—11.4.1984 з Г.М.Стракалавым і Р.Шарма — палёт на КК «Саюз Т-11» (як камандзір; пасадка на КК «Саюз Т-10») і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж Л.​Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.​Ю.​Ацькоў). У космасе правёў 11,8 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 40