Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́У-НЕ́ГРУ (Rio Negro),

рака пераважна ў Бразіліі, левы прыток р. Амазонка; у сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай. Даўж. 2,3 тыс. км, пл. басейна каля 691 тыс. км². Вытокі ў Калумбіі, у зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я, пад назвай Гуайнія, да г. Кастаньейру рэчышча парожыстае, у межах Амазонскай нізіны разгалінаванае і вельмі шырокае (да 30—50 км) са шматлікімі астравамі. Буйны прыток — р. Рыу-Бранку (злева). Левы прыток Касік’ярэ злучае Р.-Н. з р. Арынока (класічны прыклад біфуркацыі рэк). Паводкі ад сак. да канца жн., малаводная ў кастр.—студзені. Сярэдні расход вады 29,3 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця, дзе размешчаны буйны порт Манаўс.

т. 13, с. 523

РЫЎЕ́РА (Riviera),

паласа ўзбярэжжа Міжземнага (на З) і Лігурыйскага (на У) мораў, якая працягваецца ад г. Кан (Францыя) да г. Спецыя (Італія). Даўж. каля 370 км. Падзяляецца на франц. Р. — Блакітны бераг, і італьян. Р. — Рыўера-Лігурэ. Знаходзіцца каля падножжа Альпаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, лета сонечнае, гарачае. Развіты вінаградарства, садоўніцтва, кветкаводства. Буйны курортны раён. З пач. 19 ст. зона шматлікіх курортаў, месцаў адпачынку і турызму. Клімататэрапія і марскія купанні ўвесь год. Да 1-й сусв. вайны — адзін з асн. еўрап. цэнтраў лячэння туберкулёзу, пазней — расстройстваў нерв. сістэмы, атлусцення, дыябету і інш. Невял. ч. Р. займае дзяржава Манака.

т. 13, с. 523

РЫ́ЎКІН (Міхаіл Іонавіч) (7.1.1907, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 13.10.1993),

бел. і расійскі скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. дз. культ. Расіі (1992). Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1928, кл. А.Л.Бяссмертнага). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1937—41, кл. І.Мусіна). З 1929 працаваў у сімф. аркестрах радыёкамітэта, Белдзяржфілармоніі, адначасова выкладаў у муз. школах у Мінску. З 1946 дырыжор Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1953 — сімф. аркестра Томскай абл. філармоніі, выкладчык муз. вучылішчаў у Томску, з 1963 у Пскове. Адзін з першых прафес. дырыжораў Беларусі. Дзейнасць Р. садзейнічала станаўленню аркестра бел. нар. інструментаў у пасляваенны перыяд.

В.​У.​Мазанік.

т. 13, с. 523

РЫ́ЎЛІН (Езекііль Ісакавіч) (1.12.1901, г. Віцебск — 7.5.1978),

бел. гісторык, педагог. Акад. Бел. АН (1931), праф. (1931). Скончыў Камуніст. ун-т імя Я.​М.​Свярдлова (1923) і Ін-т чырв. прафесуры (1927) у Маскве. З 1927 дацэнт кафедры гісторыі Захаду, з 1928 прарэктар БДУ. З 1929 нам. наркома асветы БССР. У 1931—33 заг. сектара навукі і культуры ЦК КП(б)Б, дырэктар Ін-та аспірантуры Бел. АН, выкладчык Камуніст. ун-та Беларусі і інш. У 1933 арыштаваны за «антысав. прапаганду і трацкізм», сасланы ў Казахстан. У 1933—57 выкладаў у Кзыл-Ардынскім настаўніцкім ін-це. У 1956 рэабілітаваны. З 1958 заг. кафедры методыкі выкладання рус. мовы і л-ры, у 1963—71 выкладчык Каз. пед. ін-та (Алма-Ата). Даследаваў гісторыю герм. с.-д. руху, методыку выкладання рус. мовы і л-ры ў каз. нац. школах.

Тв.:

История германской социал-демократии. Мн., 1928;

Аграрная дискуссия в германской с.-д. Мн., 1929.

В.​А.​Астрога.

т. 13, с. 523

РЫФ (галанд. rif, reef),

рэзкае надводнае або падводнае ўзвышэнне марскога дна на мелкаводдзі. Утвараюцца пры разбурэнні скалістага дна і берагоў або з’яўляюцца каралавымі пабудовамі. Небяспечныя для суднаходства. Гл. таксама Вялікі Бар’ерны рыф).

т. 13, с. 523

РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),

рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн. г. да 650 ± 20 млн. г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн. г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн. г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер, вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 13, с. 523

РЫ́ФМА (ад грэч. rhythmos сувымеранасць, суладнасць),

гукавы паўтор заключных частак вершаванага радка ў сілабічным (гл. Сілабічнае вершаскладанне) ці рытмараду ў сілаба-танічным і танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне, Танічнае вершаскладанне) вершы. Паводле характару гучання Р. падзяляюць на дакладаныя і прыблізныя, поўныя і няпоўныя, асанансныя і дысанансныя, простыя і састаўныя, багатыя і бедныя, таўталагічныя, роўнаскладовыя і няроўнаскладовыя, рознанаціскныя; паводле размеркавання ў страфе — сумежныя (аабб), перакрыжаваныя (абаб) і апаясныя (кальцавыя; абба). У цвёрдых формах верша (санет, рандо, актава, трыялет і інш.) ужываюцца спецыфічныя схемы расстаноўкі Р. Вылучаюцца Р. і паводле аб’ёму складоў: мужчынская (націск на апошнім складзе), жаночая (націск на перадапошнім складзе), дактылічная (націск на 3-м ад канца складзе) і гіпердактылічная (націск на 4-м і далей ад канца складзе). У значэнні клаўзульнага (канцавога, гл. Клаўзула) сугучча ўпершыню ў бел. сілабічнай паэзіі выкарыстана ў вершаваных творах Ф.​Скарыны, а ў Сімяона Полацкага названа ўжо «краесогласием» («стиси краесогласнии...»). Можа ўжывацца не толькі ў клаўзульнай частцы, але і ў пачатку і сярэдзіне (унутраная рыфма) вершаванага радка. Найб. развітая форма Р. — пантарыфма (суцэльная Р.), калі ўнутр. і канцавыя сугуччы прыпадаюць амаль на ўсе словы вершаванага радка ці твора. Р. адыгрывае важную ролю ў арганізацыі верша, яго страфічнай будове, гукавой выразнасці, запамінальнасці паэт. тэксту.

Як структурны кампанент Р. зарадзілася ў замовах, казках, нар.-песеннай творчасці, потым як сродак эўфанічнай канцэнтрацыі перайшла і ў пісьмовую л-ру. Узоры набліжаных да Р. канцавых сугуччаў ёсць ужо ў «Слове пра паход Ігаравы», у «словах» Кірылы Тураўскага, у палемічнай л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Кампазіцыйная роля Р. значна ўзмацнілася ў бел. сілабічнай паэзіі 19 ст., у якой прыкметны ўплыў нар.-песенных традыцый, асабліва прыёмаў танізацыі верша, што прывяло да сінтэзу розных версіфікацыйных сістэм. У выніку прыкметна ўзмацнілася эўфанічная роля Р. ў арганізацыі бел. сілабічнага верша. Найб. дасканалага ўзроўню яна дасягнула ў сілаба-танічным вершаскладанні, дзе побач з рытмам ёй належыць дзейсная формаўтваральная функцыя.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Гончаров Б.П. Звуковая организация стиха и проблема рифмы. М., 1974;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987.

М.​М.​Грынчык.

т. 13, с. 523

РЫФМА́РЫЙ,

сукупнасць рыфмаў, якія выкарыстоўвае пэўны паэт ці ўся паэзія ў нейкі гіст. адрэзак часу (Р. бел. паэзіі 19 ст., Я.​Купалы і інш.). Часам Р. называюць рыфмаў слоўнік аднаго паэта або ўсёй нац. паэзіі.

т. 13, с. 524

РЫФМАЎ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, у якім у алфавітным парадку зафіксаваны словы-рыфмы, ужытыя ў творчасці пэўнага паэта або ў нац. паэзіі канкрэтнага перыяду. Да 1917 ў Расіі выйшла некалькі Р.с., якія адлюстроўвалі характар рыфмаў асобных рус. паэтаў, выяўлялі рыфматворныя магчымасці рус. мовы. Аднак гэтыя слоўнікі мелі нарматыўную скіраванасць і скоўвалі развіццё паэзіі. Першы Р.с. ва ўсх. славян пасля 1917 — «Слоўнік украінскіх рыфмаў» А.​А.​Бурачка і І.​І.​Гурына (1979). У пэўнай ступені Р.с. нагадваюць адваротныя слоўнікі, дзе лексіка размяшчаецца ў парадку алфавіта з канца слова. Р.с. не можа замяніць наватарскай працы паэта ў падборы неабходных сугучных слоў. Характар і якасць усіх элементаў формы, у т. л. і рыфмы, залежыць ад канкрэтнага зместу паэт. выказвання.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 524

РЫФМО́ЎКА,

размяшчэнне канцавых рыфмаў у строфах вершаванага твора. Р. характарызуецца месцам і колькасцю зарыфмаваных слоў. Па месцы рыфмаў бывае сумежнай (аабб), перакрыжаванай (абаб), апаясной, або кальцавой (абба). Напр., сумежная Р.:

Дарогі доўгія ў жыцці
Нам без памылак не прайсці.
Ад невялікіх — не гаруй,
Ёсць слова добрае — «даруй»!
(П.​Броўка. «Дарогі доўгія ў жыцці...»

перакрыжаваная Р.:

Знят з узбраення,
бо ўстарэў зусім
Славуты «максім», кулямёт станковы
А ты ўсё не старэеш,
Танк Максім, —
Гады ідуць, а ты штодзённа
новы...
(М.​Аўрамчык. «...Калі запеў ты некалі ў гаі»)

апаясная Р.:

Мой народ жыве каля крыніц.
Мой народ любому дасць напіцца,
Акрамя гвалтоўнікаў і хціўцаў,
Акрамя забойцаў — чужаніц.
(Л.​Дайнека. «Мой народ жыве каля крыніц...»)

Свой парадак Р. характэрны для цвёрдых форм верша (тэрцыны, секстыны, актавы і інш.), а таксама для строф, звязаных ланцуговымі і скразнымі рыфмамі. Па колькасці канцавых сугуччаў Р. бывае парная, трайная, чацвярная, шматкратная, манарыфма, тэрнарная, кватэрнарная.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 524