РЫ́ФМА (ад грэч. rhythmos сувымеранасць, суладнасць),

гукавы паўтор заключных частак вершаванага радка ў сілабічным (гл. Сілабічнае вершаскладанне) ці рытмараду ў сілаба-танічным і танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне, Танічнае вершаскладанне) вершы. Паводле характару гучання Р. падзяляюць на дакладаныя і прыблізныя, поўныя і няпоўныя, асанансныя і дысанансныя, простыя і састаўныя, багатыя і бедныя, таўталагічныя, роўнаскладовыя і няроўнаскладовыя, рознанаціскныя; паводле размеркавання ў страфе — сумежныя (аабб), перакрыжаваныя (абаб) і апаясныя (кальцавыя; абба). У цвёрдых формах верша (санет, рандо, актава, трыялет і інш.) ужываюцца спецыфічныя схемы расстаноўкі Р. Вылучаюцца Р. і паводле аб’ёму складоў: мужчынская (націск на апошнім складзе), жаночая (націск на перадапошнім складзе), дактылічная (націск на 3-м ад канца складзе) і гіпердактылічная (націск на 4-м і далей ад канца складзе). У значэнні клаўзульнага (канцавога, гл. Клаўзула) сугучча ўпершыню ў бел. сілабічнай паэзіі выкарыстана ў вершаваных творах Ф.​Скарыны, а ў Сімяона Полацкага названа ўжо «краесогласием» («стиси краесогласнии...»). Можа ўжывацца не толькі ў клаўзульнай частцы, але і ў пачатку і сярэдзіне (унутраная рыфма) вершаванага радка. Найб. развітая форма Р. — пантарыфма (суцэльная Р.), калі ўнутр. і канцавыя сугуччы прыпадаюць амаль на ўсе словы вершаванага радка ці твора. Р. адыгрывае важную ролю ў арганізацыі верша, яго страфічнай будове, гукавой выразнасці, запамінальнасці паэт. тэксту.

Як структурны кампанент Р. зарадзілася ў замовах, казках, нар.-песеннай творчасці, потым як сродак эўфанічнай канцэнтрацыі перайшла і ў пісьмовую л-ру. Узоры набліжаных да Р. канцавых сугуччаў ёсць ужо ў «Слове пра паход Ігаравы», у «словах» Кірылы Тураўскага, у палемічнай л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Кампазіцыйная роля Р. значна ўзмацнілася ў бел. сілабічнай паэзіі 19 ст., у якой прыкметны ўплыў нар.-песенных традыцый, асабліва прыёмаў танізацыі верша, што прывяло да сінтэзу розных версіфікацыйных сістэм. У выніку прыкметна ўзмацнілася эўфанічная роля Р. ў арганізацыі бел. сілабічнага верша. Найб. дасканалага ўзроўню яна дасягнула ў сілаба-танічным вершаскладанні, дзе побач з рытмам ёй належыць дзейсная формаўтваральная функцыя.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Гончаров Б.П. Звуковая организация стиха и проблема рифмы. М., 1974;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987.

М.​М.​Грынчык.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)