род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.
Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл.Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т.л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс.чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.
Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т.л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс.чал., 1998).
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;
Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;
Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
марская ігуана (Amblyrhynchus cristatus), паўзун сям. ігуанавых. Эндэмік а-воў Галапагас. Жыве на скалістых берагах паблізу ад лініі прыбою.
Даўж. самцоў да 1,4 м, самкі значна драбнейшыя. Афарбоўка зверху цёмна-бурая, шэрая, знізу жаўтавата-бурая; самкі святлейшыя. Галава акругленая, тулава масіўнае, хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Уздоўж спіны і хваста грэбень з падоўжаных лускавін. Пальцы злучаны кароткай плавальнай перапонкай Добра плавае і нырае. Корміцца водарасцямі. Палігамы. Адкладваюць у норах 1—3 яйцы.
донныя асадкі марскіх вадаёмаў. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама адносна асадкаў Сусветнага акіяна. Паводле генезісу падзяляюцца на тэрыгенныя, біягенныя, вулканагенныя, хемагенныя і полігенныя; па глыбіні ўтварэння — на літаральныя, нерытавыя, батыяльныя і абісальныя. Выкапнёвыя М.а. ператвораны працэсамі дыягенезу ў горныя пароды. Да М.а. адносяцца большасць вапнякоў, даламітаў, мергеляў і крамяністых парод, значная ч.глін, аргілітаў, алеўралітаў, пясчанікаў, кангламератаў, фасфарытаў, жалезных руд, марганцавых руд, гаручых сланцаў і інш. Састаў і размяшчэнне М.а. на паверхні Зямлі залежаць у асн. ад тэктанічнага рэжыму і кліматычных умоў.
рыбы роду Sebastes і блізкіх родаў сям. скарпенавых. У родзе Sebastes каля 100 відаў. Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага (М.а. звычайны, або залацісты — S. marinus, клювач — S. mentella i інш.) і Ціхага ак. (напр., трохзубцовы акунь — S. schlegeli і інш.). М.а. наз. таксама каменных акунёў (Serranidae). Жывуць у прыбярэжнай зоне і на глыбінях больш за 1000 м.
Даўж. ад 20 см да 1 м і больш. Афарбоўка прыбярэжных відаў цёмная, з палосамі і плямамі, глыбакаводных — ад ружовай да ярка- чырвонай. У глыбакаводных вялізныя вочы. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай. Жывародныя. Аб’екты промыслу.
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 500 млн. гадоў назад). 2 падкласы, каля 2 тыс. вымерлых і 800 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7 км. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі знойдзены ў верхнемелавых адкладах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Памеры ад 2 мм да 30 см. Цела ўкрыта радамі шкілетных пласцінак, што ўтвараюць панцыр і нясуць рухомыя іголкі і педыцылярыі (шкілетныя ўтварэнні ў форме шчыпчыкаў, якія выконваюць пераважна абарончую функцыю). Рухаюцца з дапамогай іголак і амбулакральных ножак. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя. Развіццё з плаваючай лічынкай; некат, жывародныя. Аб’ект промыслу (ікра).
2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.
Вышыня вапністага пласціністага доміка- ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.