Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́НГА ЎПА́ДЗІНА,

шырокае паніжэнне ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга. Дыям. каля 1000 км. Адпавядае сінеклізе Афрыканскай платформы, запоўненай магутнай тоўшчай стараж. і сучасных асадкавых парод (пясчанікі, сланцы, пясок, гліна). Плоскае днішча размешчана на выш. 300—500 м, акаймавана ступеньчатымі плато і пласкагор’ямі. Дрэніруецца р. Конга і рэкамі яе басейна. Гарачы, вільготны экватарыяльны і субэкватарыяльны клімат. Сярэднямесячныя т-ры ад 23 °C да 27 °C. Ападкаў да 2000 мм і больш за год. Вечназялёныя вільготныя і лістападныя лясы.

т. 8, с. 405

КО́НГРЫЎ ((Congreve) Уільям) (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

КО́НДА,

рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр.пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.

т. 8, с. 405

КО́НЕВЫЯ (Equidae),

коні, сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 405

КОНЕГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коней свойскіх. Асн. кірункі: племянная і спартыўная К. У працэсе развіцця К. створаны 3 асн. тыпы коней: верхавы, запражны, цяжкавозны. Коні выкарыстоўваюцца на некат. палявых і трансп. работах, а верхавыя і рысістыя — у конным спорце. У некат. краінах развіваецца мясная і малочная К. З конскай крыві атрымліваюць прафілакт. і лек. сывараткі і інш. К. ўзнікла ў краінах Еўропы і Азіі ў 4-м тыс. да н. э. З часу прыручэння конь быў пастаянным памочнікам чалавека ў выкананні с.-г. і трансп. работ, адыгрываў важнейшую ролю ў арміі. У 1995 у свеце было 60894 тыс. коней. Найбольшае пагалоўе ў Кітаі (10039 тыс.), Бразіліі (6300 тыс.), Мексіцы (6185 тыс.), ЗША (6000 тыс.), Аргенціне (3300 тыс.), Эфіопіі (2750 тыс.), Расіі (2400 тыс.). На тэр. Беларусі свойскія коні былі ў бронзавым веку (2-е тыс. да н. э.). З жал. веку (з 7—6 ст. да н. э.) павялічваецца іх роля ў земляробстве. У 1800—1917 на Беларусі існавала больш за 45 прыватных конных з-даў і 6 дзярж. заводскіх стайняў. У Вял. Айч. вайну пагалоўе коней паменшылася на 75%. У 1961 было 519 тыс. коней. (гл. табліцу). Іх пагалоўе скарачалася ў сувязі з механізацыяй сельскай гаспадаркі і развіццём аўтамаб. транспарту. У 1990-я г. коні на Беларусі гадуюць у грамадскіх гаспадарках і ў прыватным сектары. Стварэнне фермерскіх гаспадарак і наданне большай самастойнасці індывід. сектару абумовілі павелічэнне пагалоўя коней. На Беларусі К. развіваецца ў 3 кірунках: племянная, цяглава-транспартная, або карыстальніцкая, прадукцыйная. Развядзеннем элітных парод коней, іх селекцыяй займаюцца 5 спецыялізаваных конезаводаў: «Мір» (Баранавіцкі р-н, парода бел. запражная), № 59 (Веткаўскі р-н, рус. рысістая), № 120 (Мсціслаўскі р-н, рус. цяжкавозная), імя Даватара (Мінскі р-н, тракененская), № 5 (Смалявіцкі р-н, бел. запражная).

Спартыўных коней разводзяць у 3 гаспадарках. Гадуюць коней тракененскай, гановерскай, украінскай верхавой, будзёнаўскай парод. Н.-д. работа па К. вядзецца ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Беларусь экспартуе коней у Італію (на мяса), спарт. парод — у Германію, Польшчу, Фінляндыю і інш. Цяглава-трансп. К. прадстаўлена каняфермамі ва ўсіх калгасах і саўгасах; па 1—2 кані ёсць у многіх фермерскіх і індывід. гаспадарках. Пераважаюць коні бел. запражной пароды (каля 70% пагалоўя, найб. прыстасаваны да мясцовых умоў), ёсць арлоўскай, рус. рысістай, літ. запражной парод, а таксама беспародныя. Прадукцыйнае К. развіваецца для атрымання пераважна мяса і малака (ідзе на выраб кумысу).

Н.​І.​Жураўская.

Да арт. Конегадоўля. Статак коней на пашы.
Пагалоўе коней на Беларусі (тыс. галоў)
1941 1961 1981 1991 1998
Усе катэгорыі гаспадарак 1170 519 231 217 233
У т.л. грамадскія гаспадаркі 618 512 230 205 143

КО́НЕСКІ (Блажа) (н. 19.12.1921, Нябрэгава, Македонія),

македонскі пісьменнік, лінгвіст. Вучыўся ў Бялградскім і Сафійскім ун-тах. Быў старшынёй Саюза пісьменнікаў Югаславіі (1961—64), прэзідэнтам Макед. АН. Літ. дзейнасць пачаў у 1939. Аўтар паэмы «Мост» (1945), зб-каў лірычных вершаў «Зямля і каханне» (1948), «Песні» (1953), «Вышывальшчыца» (1955), «Рэкі» (1968), «Запісы» (1974). Лірыцы К. ўласцівы зварот да філасофіі, рэфлексіўнасць і экспрэсіўнасць, спалучэнне верлібра з традыц. песеннасцю. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў прозе К. (зб. апавяд. «Вінаграднікі», 1955). Аўтар. першай навук. «Граматыкі македонскай мовы» (1952—54), гісторыка-літ. прац.

А.​У.​Вострыкава.

т. 8, с. 405

КО́НЕЎ (Іван Сцяпанавіч) (28.12.1897, в. Ладзейна Падасінаўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 21.5.1973),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). У арміі з 1916. Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1940 камандуючы войскамі Забайкальскай і Паўн.-Каўк. ваен. акруг. У Вял. Айч. вайну камандуючы 19-й арміяй (лета 1941), Зах. (вер.кастр. 1941, жн. 1942 — люты 1943), Калінінскім (кастр. 1941 — жн. 1942), Паўн.-Зах. (сак.чэрв. 1943), Сцяпным (ліп.кастр. 1943), 2-м Укр. (кастр. 1943 — май 1944) і 1-м Укр. (май 1944 — май 1945) франтамі; удзельнік Смаленскай, Маскоўскай і Курскай бітваў, бітвы за Дняпро, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай, Пражскай і інш. аперацый. З 1945 галоўнакамандуючы Цэнтр. групай войск і вярхоўны камісар па Аўстрыі. З 1946 галоўнакамандуючы сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1950 гал. інспектар Сав. Арміі і нам. ваен. міністра СССР. З 1951 камандуючы войскамі Прыкарпацкай ваен. акругі. У 1955—60 1-ы нам. міністра абароны СССР, адначасова ў 1955—56 галоўнакаманд. сухап. войскамі краіны і ў 1955—60 галоўнакаманд. аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. У 1961—62 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі.

Тв.:

Записки командующего фронтом. М., 1991.

І.С.Конеў.

т. 8, с. 406

КО́НЕЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 19.1.1931, в. Локаць Брасаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-біяфізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1989), д-р біял. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). З 1959 у Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў, з 1967 заг. лабараторыі ў Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фатоніцы бялкоў, структурных перабудовах бялкоў і біямембран, кааператыўнасці арганізацыі біямембран і іх напружанага метастабільнага стану, вывучэнні ролі структурнай дынамікі спалучальных мембран у рабоце электроннатрансп. ланцуга мітахондрый, мембраннага рэгулявання фізіял. працэсаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979 (разам з І.​Дз.​Валатоўскім);

Структурная лабильность биологических мембран и регуляторные процессы. Мн., 1987;

Биохимия и микробиология. М., 1992 (разам з М.​С.​Ручаем).

С.В.Конеў.

т. 8, с. 406

КО́НЕЎ (Уладзімір Афанасьевіч) (н. 1.11.1940, с. Прасноўка Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне дэфектаскапіі матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Ташкенцкі політэхн. ін-т (1966). З 1975 у Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. З 1995 у НДІ буд. матэрыялаў. Навук. працы па фіз. асновах палярызацыйна-частотных метадаў радыёхвалевага кантролю матэрыялаў. Распрацаваў спосабы і прылады для дэфектаскапіі дыэлектрычных асяроддзяў, дыягностыкі слаістых сістэм з неэлектраправодных матэрыялаў і радыёхвалевай эліпсаметрыі танкаплёначных структур.

Тв.:

Радиоволновая эллипсометрия. Мн., 1985 (разам з Я.​М.​Куляшовым, М.​М.​Пунько);

Радиоволновая эллипсометрия диэлектрических структур. Мн., 1989 (разам з М.​В.​Любецкім, С.​А.​Ціхановічам).

т. 8, с. 406

КО́НЁВІЧ ((Konjović) Петар) (5.5.1883, Чуруг, Сербія — 1.10.1970),

сербскі кампазітар, дырыжор, педагог, фалькларыст, музыказнавец; адзін з заснавальнікаў серб. кампазітарскай школы. Чл. Чэшскай (1938) і Сербскай (1946) акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1906). Дырыжор, рэжысёр, ген. дырэктар оперных т-раў у многіх гарадах (у 1921—26 і 1933—39 у Заграбе). У 1939—50 праф., у 1939—43 і 1945—47 рэктар Акадэміі музыкі, у 1948—54 дырэктар заснаванага ім Ін-та музыказнаўства Серб. акадэміі навук. і мастацтваў у Бялградзе. Сярод твораў: оперы «Жаніцьба Мілаша» (1927), «Зецкі князь» (1929), «Каштана» (1931), «Сяляне» (1951), драм. містэрыя «Айчына» (1960, паст. 1983); сімфонія (1907), сімф. паэма «Макар Чудра» (1945); канцэрт для скрыпкі з арк. «Адрыятычнае капрычыо» (1936); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні, апрацоўкі нар. песень («Мая зямля»), музыка да драм. спектакляў. Аўтар кн. «Асобы» (1920), «Кніга пра сербскую і славацкую музыку» (1947), «Мілое Мілоевіч» (1954), «Стэван Макраняц» (1956) і інш.

т. 8, с. 406

КО́НІ,

гл. Коневыя.

т. 8, с. 406