ІГОЛКАЛЯЧЭ́ННЕ, акупунктура,
лячэнне ўколамі з дапамогай спец. іголак; адзін з асн. метадаў кіт. нар. медыцыны (у Кітаі вядомы з 2 ст. да н.э.). Робяць пры хваробах нерв. сістэмы, бранхіяльнай астмы, некат. хваробах унутр. органаў, страўніка, рэўматычных артрытах, алергіі, парушэнні менструальнага цыкла і інш. Кропкі для ўколаў (іх налічваецца больш за 600) выбіраюць у залежнасці ад характару хваробы.
Іголкі (залатыя, сярэбраныя, стальныя) уводзяць на пэўную глыбіню на 5—20 мін.
т. 7, с. 163
ІГО́ЛЬНАГА МЫ́СА ЦЯЧЭ́ННЕ, Агульясава цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне ў Індыйскім ак. каля паўд.-ўсх. берагоў Афрыкі. Утвараецца пры сутоках вод Мазамбікскага і Мадагаскарскага цячэнняў, накіравана на Пд. Скорасць мяняецца ад 0,7 да 3 км/гадз у залежнасці ад пары года. Т-ра вады ад 16 да 27 °C. Салёнасць 35,5‰. Каля 38° паўд. ш. сустракаецца з халодным Заходніх Вятроў цячэннем і пераходзіць у глыбіню акіяна.
т. 7, с. 164
ІГО́ЛЬНЫ МЫС, Агульяс,
самая паўд. канцавая ч. мацерыка Афрыкі (34°52′ паўд. ш. і 19°59′ усх. д.), на тэр. Паўднёва-Афр. Рэспублікі. Названы ў сувязі з назіраннем паблізу ў моры магнітнай анамаліі (партуг. agulha іголка, у дадзеным выпадку стрэлка компаса).
т. 7, с. 164
ІГРУ́ШКА,
вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад горада і 12 км ад чыг. ст. Крупкі, 127 км ад Мінска. 448 ж., 195 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 7, с. 164
ІГРЫ́ШЧА,
народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).
Літ.:
Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;
Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;
Народны тэатр. Мн., 1983.
З.Я.Мажэйка.
т. 7, с. 164
ІГУА́НАВЫЯ, ігуаны (Iguanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. Больш за 50 родаў, у т.л. ўласна І. (Iguana), анолісы (Anolis), васіліскі (Basiliscus), рапухападобныя, або рагатыя, яшчаркі (Phrynosoma) і інш., 700 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Мадагаскары і некат. астравах Палінезіі. Жывуць у лясах, на дрэвах, у пустынях, гарах, некат. вядуць паўводнае жыццё. 13 відаў і многія падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Галава ўкрыта шматлікімі дробнымі шчыткамі. У адрозненне ад агам зубы прымацаваны да ўнутр. паверхні сківіц. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца пераважна насякомымі і інш. дробнымі беспазваночнымі; некат. расліннаедныя. Мяса і яйцы ядомыя.
т. 7, с. 164
ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),
сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на 3 Паўн. Амерыкі і Аўстраліі.
Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 7, с. 164
ІГУАСУ́ (Iguaçu),
вадаспад на р. Ігуасу, на мяжы Аргенціны і Бразіліі, за 26 км ад месца ўпадзення яе ў р. Парана. Выш. 72 м, шыр. 2700 м. Вада спадае ў цясніну з 2 стромкіх базальтавых прыступак 275 струменямі, якія падзелены скалістымі астравамі. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Аднайменныя нац. паркі ў Аргенціне і Бразіліі (уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны). Турызм. Адкрыты ў 1892 пад назвай Санта-Марыя.
т. 7, с. 164
ІГУ́МЕН (ад грэч. hēgumenos літар. вядучы),
настаяцель правасл. манастыра (у жаночых — ігумення). У старажытнасці — настаяцель кожнага манастыра; паводле палажэння 1764 у Рас. імперыі — толькі манастыра 3-га класа. І. буйнейшых манастыроў (пасля 1764 манастыроў 1-га і 2-га класаў) маюць тытул архімандрыт. Тытул 1. можа надавацца настаяцелю храма, калі ён манах.
т. 7, с. 164