Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»

[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],

серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.

З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.

Г.Я.Галенчанка.

т. 6, с. 14

«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,

зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.В.Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

М.Ф.Шумейка.

т. 6, с. 14

ДАКУТО́ВІЧ Барыс Нічыпаравіч

(н. 1.8.1921, Масква),

рускі рэжысёр. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1951), дзе і выкладаў да 1958. Працаваў у т-рах Расіі. У 1958—63 на Беларусі: гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1958—60) і Бел. рэсп. т-ра юнага гледача (1962—63). Пастаноўкам Д. ўласціва яркая тэатр. форма, вобразна-асацыятыўная сцэн. мова, інтэлектуальнасць: «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Чырвоныя чарцяняты» П.Бляхіна, А.Палявога і А.Талбузіна (1961), «Клоп» У Маякоўскага (1962), «Бітва ў космасе» М.Гамолкі (1963). Аўтар кніг «Акцёр і роля: Некаторыя рэжысёрскія ўрокі Ю.А.Завадскага» (1983), «Загадкі малой драматургіі» (1989).

т. 6, с. 14

ДАКУЧА́ЕЎ Васіль Васілевіч

(1.3.1846, с. Мілюкова Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1903),

рускі вучоны-прыродазнавец, заснавальнік навук. генет. глебазнаўства і занальнай аграхіміі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1871). З 1880 выкладаў у ім, з 1883 праф., у 1892—97 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (заснаваў у ім першую ў Расіі кафедру глебазнаўства, 1895). Стварыў вучэнне пра геагр. зоны. Абгрунтаваў навук. класіфікацыю глеб (1886), распрацаваў комплекс мер па барацьбе з засухай, метады картаграфавання і склаў першую глебавую карту паўн. паўшар’я. Імя Д. прысвоена Глебаваму ін-ту і Цэнтр. музею глебазнаўства УАСГНІЛ. З 1946 прысуджаецца залаты медаль і прэмія імя Д. АН СССР.

Тв.:

Соч. Т. 1—9. М.; Л., 1949—61.

Літ.:

Рагавой П.П. В.В.Дакучаеў. Мн., 1951.

В.В.Дакучаеў.

т. 6, с. 14

ДАКЭ́Н-ДАБА́Н, Рытэра хрыбет,

горны хрыбет у зах. ч. Наньшаня, у Кітаі. Даўж. каля 200 км. Выш. да 5926 м. Складзены з крышт. сланцаў, пясчанікаў, філітаў. Слаба расчлянёны. Стромкія кароткія схілы пераходзяць каля падножжа ў галечна-друзаватыя нахільныя раўніны. У цэнтр. частцы — ледавікі. Горныя пустыні, стэп. Даследаваны і названы М.М.Пржавальскім у гонар ням. географа К.Рытэра.

т. 6, с. 15

ДАЛАДЗЬЕ́ (Daladier) Эдуар

(18.6.1884, г. Карпантра, Францыя — 10.10.1970),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Чл. Рэспубліканскай партыі радыкалаў і радыкал-сацыялістаў, у 1927—31, 1935—38, 1957—58 яе старшыня. Дэп. парламента (1919—40, 1946—58). Ваен. міністр (1932—34), міністр абароны (1936—40). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1933, 1934, 1938—40. Адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1936). У знешняй палітыцы прыхільнік кампрамісу з фаш. Германіяй (гл. Мюнхенскае пагадненне 1938). Удзельнік Маскоўскіх перагавораў 1939. 3.9.1939 урад Д. абвясціў Германіі вайну. Пасля капітуляцыі Францыі арыштаваны (1940) і асуджаны (1942) урадам «Вішы». У 1943—45 інтэрніраваны ў Германіі. У 1947—54 кіраваў дзейнасцю «Аб’яднання левых рэспубліканцаў». Выступаў супраць калан. вайны Францыі ў Індакітаі (1946—54), стварэння «Еўрапейскага абарончага супольніцтва». Пасля ўстанаўлення ў Францыі Пятай рэспублікі (1958) адышоў ад палітыкі.

Э.Даладзье.

т. 6, с. 15

ДАЛАЙНО́Р, Хулуньчы,

возера на ПнУ Кітая, на выш. 539 м. Пл. (пры высокім узроўні вады) каля 1100 км2. Глыб. 6—9 м. Жывіцца водамі рэк Керулен і Арчун-Гол; у час высокіх узроўняў — сцёк у р. Аргунь. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, занятыя трыснягом.

т. 6, с. 15

ДАЛА́Й-ЛА́МА

[ад манг. далай — мора (мудрасці) + лама],

тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл. Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.

Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).

т. 6, с. 15

ДАЛАМІ́Т

(ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),

1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.

2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд. т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.

У.Я.Бардон.

Даламіт.

т. 6, с. 15

ДАЛАМІ́ТАВЫЯ А́ЛЬПЫ

(Alpi Dolomiti),

горны масіў ва Усх. Альпах, на ПнУ Італіі. Даўж. 120 км. Выш. да 3342 м (г. Мармалада). Характэрны зубчастыя грабяні і стромкія схілы. Складзены з даламітаў і вапнякоў. Ліставыя і хваёвыя лясы. Снежнікі і ледавікі. Некалькі рэзерватаў. Курорты (Корцінад’Ампеца і інш.). Турызм, зімовыя віды спорту.

т. 6, с. 15