ДАЛАДЗЬЕ́ (Daladier) Эдуар

(18.6.1884, г. Карпантра, Францыя — 10.10.1970),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Чл. Рэспубліканскай партыі радыкалаў і радыкал-сацыялістаў, у 1927—31, 1935—38, 1957—58 яе старшыня. Дэп. парламента (1919—40, 1946—58). Ваен. міністр (1932—34), міністр абароны (1936—40). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1933, 1934, 1938—40. Адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1936). У знешняй палітыцы прыхільнік кампрамісу з фаш. Германіяй (гл. Мюнхенскае пагадненне 1938). Удзельнік Маскоўскіх перагавораў 1939. 3.9.1939 урад Д. абвясціў Германіі вайну. Пасля капітуляцыі Францыі арыштаваны (1940) і асуджаны (1942) урадам «Вішы». У 1943—45 інтэрніраваны ў Германіі. У 1947—54 кіраваў дзейнасцю «Аб’яднання левых рэспубліканцаў». Выступаў супраць калан. вайны Францыі ў Індакітаі (1946—54), стварэння «Еўрапейскага абарончага супольніцтва». Пасля ўстанаўлення ў Францыі Пятай рэспублікі (1958) адышоў ад палітыкі.

Э.Даладзье.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)