ДАЛА́Й-ЛА́МА
[ад манг. далай — мора (мудрасці) + лама],
тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл. Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.
Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).
т. 6, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)