Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАШТА́Б (ням. Maßstab ад Maß мера, памер + Stab палка),

адносіны даўжыні лініі на чарцяжы, плане ці карце да даўжыні адпаведнай лініі ў натуры. Адрозніваюць: лікавы М. — дроб, у якім лічнік 1, а назоўнік паказвае, у колькі разоў паменшаны адлюстраваныя памеры; лінейны М. — графік для пераводу даўжынь, якія вымяраюцца на карце, у адпаведныя адлегласці на мясцовасці (падзеленая на роўныя адрэзкі прамая лінія з подпісам, што паказвае даўж. лініі ў натуры); галоўны — М. мадэлі эліпсоіда або шара, адлюстраванага на плоскасці; прыватны — М. у пэўным пункце па пэўным напрамку, які адрозніваецца ад галоўнага ў выніку скажэнняў, абумоўленых картаграфічнай праекцыяй.

т. 10, с. 236

МАШТА́Б ЦЭН,

спосаб і сродак вымярэння і выяўлення кошту тавару ў грашовых адзінках. Ва ўмовах метал. абарачэння і залатога стандарту М.ц. выяўляе колькасць серабра ці золата, якая адпавядае адной грашовай адзінцы.

т. 10, с. 236

МАШТАКО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (24.10.1905, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскага р-на, Расія — 28.7.1970),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1955), праф. (1956). Скончыў Саратаўскі с.-г. ін-т (1930). З 1948 у АН Беларусі: Ін-це меліярацыі (заг. лабараторыі), з 1956 у Ін-це біялогіі (нам. дырэктара), з 1963 у Ін-це эксперым. батанікі (заг. лабараторыі). Навук. працы па біясінтэзе каўчуку, фізіялогіі збожжавых у сувязі з паляганнем, дзеянні інсектафунгіцыдаў і гербіцыдаў на с.-г. расліны.

Тв.:

Гербициды в борьбе с сорной растительностью. Мн., 1960;

Физиологическое действие некоторых гербицидов на растения. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 10, с. 236

МАШУ́К,

купалападобная гара-лакаліт на Паўн. Каўказе, у раёне Каўказскіх Мінеральных Вод, у Стаўрапольскім краі, Расія. Выш. 993 м. Большая ч. схілаў укрыта шыракалістымі лясамі. Каля падножжа М. — выхады мінер. вод, на базе якіх узнік бальнеалагічны курорт Пяцігорск. Абеліск на месцы гібелі М.Ю.Лермантава. Турызм.

т. 10, с. 236

МА́ШЧАНКА (Міхаіл Васілевіч) (н. 13.12.1940, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р біял. н. (1985), праф. (1986). Скончыў Растоўскі-на-Доне ун-т (1967). З 1980 у Магілёўскім ун-це (заг. кафедры, у 1986—98 прарэктар). Навук. працы па ўзроставай фізіялогіі, фізіялогіі стрававання.

Тв.:

Основные физиологические термины и понятия: (Рус.-бел. эквивалент). Могилев, 1996 (разам з М.​А.​Аўласевічам);

Основы физиологии нервной системы. Могилев, 1998 (разам з М.​В.​Акулічам).

т. 10, с. 236

МАШЧО́НАЕ—ПАГАЭ́ЧЧА,

балота ў Петрыкаўскім і Акцябрскім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Пціч і яе прытока р. Арэса. Нізіннага тыпу. Балота перасякае Галоўчыцкі канал, па якім вада з большай ч. масіву сцякае ў р. Пціч. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,5 м. Балота асушана дрэнажом, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 10, с. 236

МАШЧЭ́НСКАЯ (Людміла Рыгораўна) (н. 29.5.1937, с. Іванаўскае Істрынскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). Настаўнічала. З 1969 выкладае ў БДУ. Навук. працы па сацыялінгвістыцы, гісторыі рус. і бел. моў, іх узаемаадносінах. Аўтар манаграфіі «Як беларусы гавораць па-руску? Варыянты роду назоўнікаў у рускім маўленні беларусаў» (1992), шматлікіх артыкулаў.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 236

МАШЧЭ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 15.8.1937, в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Канд. тэхн. н. (1973), праф. (1989). Скончыў БПІ (1960). З 1977 у Бел. агр,тэхн. акадэміі (у 1982—98 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні аптым. паказчыкаў цягава-счапных уласцівасцей і паліўнай эканамічнасці с.-г. і меліярац. машынна-трактарных агрэгатаў. Навукова абгрунтаваў энергет., кінематычныя і геам. параметры фрэзерных рабочых органаў меліярац. машын.

Тв.:

Энергонасыщенные машины в мелиорации. Мн., 1985.

Л.​В.​Бароўка.

т. 10, с. 236

МАШЫКУЛІ́ (франц. mâchicoulis),

навясныя байніцы, размешчаныя ў верхняй частцы сцен і вежаў абарончых збудаванняў. Развіліся з абламаў. Давалі магчымасць абаронцам кантраляваць прастору непасрэдна каля сцен, весці агонь. са стралковай зброі, кідаць каменне, ліць вар, смалу і інш. У 10—16 ст. пашыраны ў абарончым дойлідстве Зах. Еўропы, у 16—17 ст. — на Беларусі (замак у г.п. Мір, цэрквы-крэпасці ў вёсках Мураванка Шчучынскага і Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл.). З развіццём артылерыі М. страцілі абарончыя функцыі, выкарыстоўваліся як элемент арх. дэкору ў афармленні малых арх. форм, касцёлаў, сядзібных дамоў.

С.​А.​Сергачоў.

Машыкулі.

т. 10, с. 237

МАШЫ́НА (франц. machine ад лац. machina збудаванне),

механізм ці спалучэнне механізмаў для ператварэння энергіі аднаго віду руху ў другі, для пераўтварэння матэрыялаў, збору, апрацоўкі, захоўвання і перадачы інфармацыі; найважнейшы элемент прадукцыйных сіл, матэрыяльная аснова вытворчасці. Асн. прызначэнне М. — частковая або поўная замена вытв. функцый чалавека з мэтай аблягчэння працы і павышэння яе прадукцыйнасці. Звычайна складаецца з выканаўчага і рухальнага механізмаў, перадатачнай і кантрольна-кіроўнай частак. У залежнасці ад асн. прызначэння (якое пераўтварэнне пераважае) адрозніваюць энергет., рабочыя і інфарм. М.

Энергетычныя М. прызначаны для ператварэння любога віду энергіі ў механічную (гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі, паравыя машыны, газавыя, гідраўлічныя і паравыя турбіны, рухавікі ўнутранага згарання, электрычныя машыны — электрарухавікі і генератары і інш.). Рабочыя М. ажыццяўляюць змену формы, стану, уласцівасцей і прасторавага становішча матэрыялаў, прадметаў працы. Падзяляюцца на тэхнал. (дрэваапрацоўчыя машыны, металарэзныя станкі, будаўнічыя машыны, пракатныя станы, ткацкія станкі, друкарскія машыны, глебаапрацоўчыя машыны, уборачныя машыны, меліярацыйныя машыны і інш.) і транспартныя машыны, у т. л. аўтамабілі, цеплавозы, цеплаходы, самалёты, верталёты, канвееры, элеватары, грузападымальныя машыны. Шырокае выкарыстанне ў розных галінах вытв-сці знайшлі аўтаматы, камбайны, аўтаматычныя лініі, цэхі- і заводы-аўтаматы, якія выконваюць рабочыя і дапаможныя аперацыі тэхнал. працэсаў без непасрэднага ўдзелу чалавека. Інфармацыйныя М. прызначаны для пераўтварэння інфармацыі — яе уніфікацыі, стандартызацыі, назапашвання, перапрацоўкі, перадачы, выкарыстання. Да інфарм. М. адносяць вылічальныя машыны і прыстасаванні, мех. інтэгратары, шыфравальныя М. і інш. (ЭВМ па сутнасці не з’яўляюцца машынамі, назва захавалася ў парадку гіст. пераемнасці ад лічыльных машын тыпу арыфмометра). Шырокае выкарыстанне рознага тыпу М. знайшлі ў ваен. справе — ад стараж. кідальных машын да сучасных баявых машын пяхоты, баявых машын рэактыўнай артылерыі, бронетранспарцёраў, бамбардзіроўшчыкаў і знішчальнікаў, танкаў, цягачоў і інш. Навукай аб агульных метадах даследавання і праектавання М. з’яўляецца механізмаў і машын тэорыя. Гл. таксама Машыназнаўства.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Механика машин. Вып. 1—62. М., 1966—89.

У.​М.​Сацута.

т. 10, с. 237