Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІГНАЦЕ́НКА (Іларыён Мяфодзьевіч) (н. 28.12.1919, в. Дамамеркі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. гісторык. Акад. Нац. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1950). З 1948 пракурор г. Гомель, сакратар Мінскага гаркома КПБ, у БДУ. У 1966—80 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Ін-та гісторыі АН Беларусі, з 1980 заг. аддзела, з 1991 гал. навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, нац.-вызв. руху 20 ст. Аўтар прац «Бяднейшае сялянства — саюзнік пралетарыяту ў барацьбе за перамогу Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі (1917—1918 гг.)» (1962), «Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на Беларусі» (1986), «Кастрычніцкая рэвалюцыя і самавызначэнне Беларусі» (1992), «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» (1995), «Рэвалюцыя ў гістарычным працэсе» (1997) і інш. Чл. ЦК КПБ у 1976—81. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—86.

Літ.:

И.М.Игнагенко: (К 70-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1990.

І.М.Ігнаценка.

т. 7, с. 162

ІГНАЦЕ́НКА (Рыгор Канстанцінавіч) (н. 20.11.1930, в. Вусаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Народны ун-т мастацтваў у Маскве (1980). Друкуецца з 1961. Гал. тэма твораў — гармонія ва ўзаемаадносінах чалавека і прыроды. Аўтар зб-каў «Лясныя тынкоўшчыкі» (1964), «Урок у лесе» (1965), «Ластаўчына затока» (1967), «Рабчыкі спяваюць» (1970), «На заечых сцежках» (1973), «Дзе матылькі зімуюць» (1974), «Карабель вясны» (1980), «У зімовым садку» (1981) і інш.

т. 7, с. 163

ІГНАЦЕ́НКА (Трафім Дзянісавіч) (30.3.1916, в. Рудня-Споніцкая Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.9.1984),

бел. плакатыст. Скончыў Дзярж. маст. ін-т у Вільнюсе (1958). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1958—76). Творы пераважна сац. тэматыкі: «Час не чакае!» (1958), «Першае мая» (1960), «Ніхто і нішто не забыта!» (1963), «1945—1975. 9 мая» (1975), «Брэст — крэпасць-герой», «Мір!» (абодва 1981) і інш.

Т.Ігнаценка. Плакат «Час не чакае!» 1958.

т. 7, с. 163

ІГНА́ЦІЙ (? — каля 1640),

расійскі праваслаўны царкоўны дзеяч. Грэк па паходжанні, быў архіепіскапам Кіпра. Пасля захопу вострава туркамі (1571) уцёк у Рым. У 1593 прыбыў у Маскву. З 1603 епіскап разанскі. У 1605—06 патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі. Узведзены 4.7.1605 на патрыяршы прастол духавенствам па патрабаванні Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I), якога І. урачыста сустрэў у Туле. Здзейсніў абрад вянчання Лжэдзмітрыя на царства і абвянчаў яго з Марынай Мнішак. Пасля звяржэння самазванца пазбаўлены сану ‘і накіраваны звычайным манахам у Чудаў манастыр (у Маскве). У 1611 у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 вызвалены баярамі — прыхільнікамі каралевіча Уладзіслава і зноў пастаўлены патрыярхам замест Гермагена. Аднак другое прызначэнне не было кананічным. У тым жа годзе выехаў у ВКЛ, прыняў унію, жыў і памёр у Вільні.

т. 7, с. 163

ІГНАЦІ́ШЧАЎ (Руслан Міхайлавіч) (н. 25.4.1939, Кіеў),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1991). Скончыў Харкаўскі горны ін-т (1962). З 1970 у Магілёўскім маш.-буд. ін-це, адначасова з 1996 старшыня падкамісіі па навуцы і навук.-тэхн. прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па тэорыі механізмаў і машын, геліяэлектрычнасці.

Тв.:

Синусошариковые редукторы. Мн., 1983.

т. 7, с. 163

ІГНА́ЦЬЕЎ Еўдакім, майстар разьбяной і сталярнай справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1683—85 у складзе арцелі бел. разьбяроў і цесляроў удзельнічаў ва ўстаноўцы іканастаса царквы Данскога манастыра ў Маскве, вырабляў для царскіх харомаў сталы, крэслы, куфэркі і інш.

т. 7, с. 163

ІГНА́ЦЬЕЎ (Рудольф Веньямінавіч) (н. 8.9.1941, г. Вічуга Іванаўскай вобл., Расія),

бел. кларнетыст. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1967 артыст, з 1976 саліст (1-ы кларнетыст) Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. Выконвае сола для кларнета ў творах класікаў і сучасных, у т.л. бел., кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, Я.Глебава, Дз.Смольскага, Я.Цікоцкага і інш.). У 1972—80 выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы.

т. 7, с. 163

ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),

гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончы́ў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткі газ. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел. нар. муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел. муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.

Тв.:

Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомосги. 1878. № 1—2;

Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;

1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;

О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г. М., 1880. Т. 3, ч. 1;

О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Прадвесне навукі. Мн., 1990.

І.У.Саламевіч.

т. 7, с. 163

ІГНА́ЦЬЕЎ (Яўген Аляксеевіч) (н. 11.11.1936, в. Лісіна Гарахавецкага р-на Уладзімірскай вобл., Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец, кніжны графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). У 1962—95 на кінастудыі «Беларусьфільм» (у 1987—93 гал. мастак). Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Полымя» (1974), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), «Чужая бацькаўшчына» (1983, з А.Верашчагіным), «Радуніца» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987), «Пад небам блакітным» (1988), «Усё наперадзе» (1990) і інш. Аўтар ілюстрацый да твораў В.Быкава, В.Вольскага, К.Станюковіча, А.Якімовіча; жывапісных работ «Нацюрморт», «Партрэт бабулі» (абодва 1986), «Цёплы вецер», «Змрок», «Мой свет», «Успаміны», «Беларускія журавіны» (усе 1990-я г.), «Прыезд на хутар» (паводле кінафільма «Людзі на балоце», 1994) і інш.

Я.Ігнацьеў. Прыезд на хутар (паводле кінафільма «Людзі на балоце»). 1994.

т. 7, с. 163

ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],

кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.

т. 7, с. 163