ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),

гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончы́ў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткі газ. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел. нар. муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел. муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.

Тв.:

Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомосги. 1878. № 1—2;

Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;

1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;

О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г. М., 1880. Т. 3, ч. 1;

О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Прадвесне навукі. Мн., 1990.

І.У.Саламевіч.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)