Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКО́РАПІС,

тып пісьма, які развіўся ва ўсх. славян з паўустава ў выніку паскарэння працэсу пісання. Характарызаваўся звязаным напісаннем літар у слове, свабодным узмахам і націскам пяра. У старабел. дзелавой пісьменнасці пачаў ужывацца з канца 14 ст. 1м напісаны актавыя кнігі гарадскіх, земскіх і замкавых судоў, большая ч. дакументаў Метрыкі ВКЛ, Статуты ВКЛ 1529 і 1566. Асаблівага росквіту дасягнуў у 16—17 ст., калі шырока выкарыстоўваўся ў свецкіх («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», 2-я пал. 16 ст.; бел. пераклады «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага, «Александрыі», «Троі», «Рымскага летапісца» пач. 17 ст.) і рэліг. творах. С. напісана Баркулабаўская хроніка.

На аснове С. ў канцы 16 ст. створаны спец. шрыфт, якім у друкарні Мамонічаў выдадзены «Трыбунал...» (1586), Статут ВКЛ 1588, «Унія» І.​Пацея (1595) і інш. Бел. С. быў больш каліграфічны і зручны для чытання, чым рускі, і ў 17 ст. прыкметна на яго ўплываў.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Щепкин В.Н. Русская палеография. М., 1967.

А.​М.​Булыка.

Да арт. Скорапіс. Рукапіс «Троі». 17 ст.

т. 14, с. 467

СКО́РАСНЫ БЕГ НА КАНЬКА́Х,

від канькабежнага спорту. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м для мужчын і 500, 1000, 1500, 3000 і 5000 м для жанчын, таксама ў мнагабор’і па замкнёнай лядовай дарожцы даўж. 400 м; у шорт-трэку на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м і ў эстафетным бегу — 3000 м для жанчын і 5000 м для мужчын, на дарожцы даўж. 111 м.

Узнік у Нідэрландах у пач. 13 ст. Першыя канькабежныя т-вы з’явіліся ў Нарвегіі (1864), Расіі (1877); нац. федэрацыя канькабежнага спорту — у Вялікабрытаніі (1879). Афіц. міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з канца 19 ст. (1882. Вена; 1889, Амстэрдам, і інш.). Чэмпіянаты свету праводзяцца сярод мужчын з 1893, сярод жанчын — з 1936; па спрынтарскім мнагабор’і (дыстанцыі 500 і 1000 м) — з 1970. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1893 сярод мужчын і з 1970 — у жанчын. У праграме зімовых Алімп. гульняў — адпаведна з 1924 і 1960. Міжнар. саюз канькабежцаў засн. ў 1892, аб’ядноўвае больш за 50 краін (1999). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, ЗША. Германіі, Нідэрландах, Расіі, Японіі і інш. Спаборніцтвы па шорт-трэку праводзяцца з 1970-х г. Чэмпіянаты свету з 1978. У праграме Алімп. гульняў — з 1992.

На Беларусі першыя секцыі ўзніклі ў 1922 (г. Полацк). У 1926 адбыўся 1-ы чэмпіянат Мінска, чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1933. Першыя чэмпіёны — З.​Бальшакова і Б.​Бальшакоў (адпаведна 17 і 9 разоў). Сярод бел. канькабежцаў найб. вызначыліся І.​Жалязоўскі, Э.​Матусевіч, У.​Кажаноўскі — чэмпіён СССР сярод юнакоў (1977) на дыстанцыі 500 м, А.​Кацюга — бронз. прызёр чэмпіянату свету па спрынтэрскім мнагабор’і (2002, Нарвегія), 5-е месца ў спрынце на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002 г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) з рэкордам Беларусі на дыстанцыі 500 М.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 467

СКО́РАСЦЬ у механіцы,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе быстрыню перамяшчэння матэрыяльнага пункта (часціцы) уздоўж траекторыі; адна з асн. кінематычных велічынь. Пры раўнамерным руху модуль С. роўны адносінам пройдзенага шляху Δs да прамежку часу Δt: v = Δst.

Пры нераўнамерным руху С. часціцы ў дадзены момант часу t вызначаецца формулай v = lim Δt 0 Δr Δt = dr dt , дзе Δr — перамяшчэнне часціцы за малы прамежак часу Δt, r = r ( x , y , z ) — радыус-вектар і x(t), y(t), z(t) — каардынаты часціцы ў момант часу t. Вектар накіраваны па датычнай уздоўж траекторыі руху часціцы, а яго модуль v = v x 2 + v y 2 + v z 2 , дзе vx = dx dt , vy = dy dt , vz = dz dt — праекцыі v на адпаведныя восі каардынат. За канечны прамежак часу Δt адрозніваюць сярэднюю С. перамяшчэння < v > = Δr Δt і сярэднюю С. праходжання шляху < v > = Δs Δt , дзе r — вектар перамяшчэння і Δs — шлях, пройдзены ўздоўж траекторыі за Δt. Адзінка С. ў СІ — метр за секунду.

А.​І.​Болсун.

Графічнае вызначэнне скорасці ў механіцы: ab — траекторыя руху часціцы; r — радыус-вектар пачатковага становішча (1) часціцы ў момант часу t, Δr — перамяшчэнне часціцы за прамежак часу Δt, ΔS — шлях часціцы на адрэзку траекторыі 1—2.

т. 14, с. 467

СКО́РАСЦЬ АСЯДА́ННЯ ЭРЫТРАЦЫ́ТАЎ,

тое, што рэакцыя асядання эрытрацытаў.

т. 14, с. 468

СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,

скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл. Гарманічныя ваганні) наз. фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.

С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 14, с. 468

СКО́РАСЦЬ РЭА́КЦЫІ ў хіміі,

колькасная характарыстыка інтэнсіўнасці рэакцыі хімічнай; асн. паняцце кінетыкі хімічнай. Вызначаецца змяненнем колькасці часціц (малекул, іонаў) кожнага рэчыва, што прымае ўдзел у хім. рэакцыі, за адзінку часу ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыі рэчыва для гамагенных рэакцый) ці на адзінку плошчы паверхні падзелу фаз (для гетэрагенных і тапахім. рэакцый). Гл. таксама Парадак рэакцыі.

т. 14, с. 468

СКО́РАСЦЬ СВЯТЛА́ ў вакууме,

скорасць распаўсюджвання эл.-магн., у т. л. светлавых, хваль у свабоднай прасторы (вакууме); адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Максімальна магчымая (лімітная) скорасць распаўсюджвання любых фіз. узаемадзеянняў і інварыянтная пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да іншай (гл. Адноснасці тэорыя). Роўная: c = 299 792 458 м/с (дакладна).

С.с. ў матэрыяльным асяроддзі залежыць ад паказчыка пераламлення, рознага для розных частот (даўжынь хваль) выпрамянення (гл. Дысперсія хваль). С.с. вызначыў у 1676 О.​К.​Ромер па зменах прамежкаў часу паміж зацьменнямі спадарожнікаў Юпітэра. Доследы А.​І.​Фізо, Ж.Б.​Л.​Фуко, А.​А.​Майкельсана і інш. па вымярэнні С.с. адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні электрадынамікі і выяўленні эл.-магн. (хвалевай) прыроды святла. С.с. ўваходзіць у асн. ўраўненні і суадносіны электрадынамікі, оптыкі і рэлятывісцкай механікі, а яе дакладнае значэнне выкарыстоўваецца для вымярэння адлегласцей у радыё- і аптычнай лакацыі, сістэмах сачэння ШСЗ і інш.

Літ.:

Вафиади В.Г., Попов Ю.В. Скорость света и ее значение в науке и технике. Мн., 1970.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 468

СКО́РБУТ,

хвароба ад недастатковага паступлення з ежай вітаміну’ С, тое, што цынга.

т. 14, с. 468

СКО́РЫКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

СКОТ (Scott),

новазеландская навуковая палярная станцыя ў Зах. Антарктыдзе на п-ве Роса, каля базы ЗША Мак-Мерда. Адкрыта ў студз. 1957. Назіранні па аэраметэаралогіі, гляцыялогіі, акіяналогіі, біялогіі; служыць базай для маршрутных даследаванняў. Названа імем англ. даследчыка Антарктыды Р.​Ф.​Скота.

т. 14, с. 468