Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГНІ́ТНАЯ СТУ́ЖКА,

магнітны носьбіт інфармацыі ў выглядзе гнуткай стужкі. Мае немагн. аснову, вырабленую з пластмасы ці немагн. металу, на якую нанесены тонкі слой ферамагн. матэрыялу (уласна магн. носьбіт). Шырыня і таўшчыня М.с. залежаць ад яе прызначэння, напр., стужка для гуказапісу мае шырыню 3,81 мм (касетныя бытавыя і студыйныя магнітафоны) ці 6,25 мм (шпульныя) і таўшчыню ад 9 да 55 мкм, для відэазапісу (бытавыя відэамагнітафоны) — 6,25 і 12,7 мм і таўшчыню 37 мкм. Выкарыстоўваецца для гука- і відэазапісу, у выліч. тэхніцы, аўтаматыцы і інш.

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНАЯ ТЭКСТУ́РА,

гл. Тэкстура магнітная.

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,

метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.

Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл. Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв. магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.

У.Л.Драгун.

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНАЯ ЎСПРЫІ́МЛІВАСЦЬ,

безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе здольнасць рэчыва намагнічвацца пад уздзеяннем знешняга магн. поля. Абазначаецца χ. У статычным магн. полі для аднароднага і ізатропнага магнетыка вызначаецца формулай: χ = J H , дзе J — модуль намагнічанасці і H — модуль напружанасці магнітнага поля. З магнітнай пранікальнасцю μ (звязана суадносінамі) χ = μ−1. У ферамагнетыках дасягае некалькіх тысяч, у пара- і дыямагнетыках — у межах 10​−3—10​−5 (у дыямагнетыках — адмоўная). Гл. таксама Дыямагнетызм, Парамагнетызм, Ферамагнетызм.

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНЫЯ БУ́РЫ,

моцныя ўзбурэнні магнітнага поля Зямлі, якія рэзка парушаюць яго плаўны сутачны ход. Выклікаюцца ўздзеяннем узмоцненых патокаў сонечнай плазмы (сонечнага ветру) на магнітасферу Зямлі. У гады спакойнага Сонца іх колькасць 1—2, у перыяды найб. актыўнасці — 20—40 за год, пры гэтым павялічваецца колькасць вял і вельмі вял. бур. Часцей назіраюцца каля максімумаў 11-гадовага цыкла сонечнай актыўнасці і маюць тэндэнцыю да 27-дзённай паўтаральнасці (перыяд абарачэння Сонца). Цягнуцца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Найб. інтэнсіўнасць у высокіх шыротах. Уздзейнічаюць на стан. здароўя людзей, ускладняюць радыёсувязь, вядомы выпадкі пашкоджання эл. сілавых ліній, сігналізацыі на чыгунках і інш.

Я.І.Майсееў.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

тэорыя, метады і сродкі вымярэнняў магн. велічынь. Вымяраюцца вектар магнітнай індукцыі, магнітны паток, напружанасць, градыент і інш. параметры магнітнага поля (магнітометрамі) і магн. ўласцівасці (характарыстыкі, параметры) магнітных матэрыялаў (спец. ўстаноўкамі, якія маюць вымяральныя блокі, прыстасаванні для намагнічвання і размагнічвання вырабаў, тэрмакамеры і інш.).

Пры вымярэнні і даследаванні ўласцівасцей магн. матэрыялаў і параметраў магн. поля найб. пашыраны метады: індукцыйны (засн. на вымярэнні эрс, якая ўзбуджаецца ў другаснай — вымяральнай абмотцы ўзору пры прапусканні праз першасную абмотку намагнічвальнага току), магнітастатычны (засн. на вымярэнні сілавога ўздзеяння магн. поля ўзору, што вывучаецца, на магн. стрэлку), каларыметрычны (засн. на вымярэнні цеплавой энергіі, што вылучаецца ўзорам пры яго намагнічванні ў камеры каларыметра), магнітааптычныя (засн на магнітааптычных эфектах — Кера эфекце, Фарадэя эфекце), параметрычныя, або маставыя (засн. на выкарыстанні мастоў пераменнага току, у адно з плячэй якіх уключаюць абмотку, што намагнічвае ўзор), холаўскі (засн. на вымярэнні параметраў магн. поля з дапамогай пераўтваральнікаў Хола). Пры даследаванні гонкай магн. структуры рэчываў выкарыстоўваюць метады ядзернага магнітнага рэзанансу, электроннага парамагнітнага рэзанансу, ферамагнітнага рэзанансу і інш.

Літ.:

Чечерников В.И. Магнитные измерения. 2 изд. М., 1969;

Антонов В.Г., Петров Л.М., Щелкин А.П. Средства измерений магнитных параметров материалов. Л., 1986.

М.А.Мяльгуй.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫЯ ДАМЕ́НЫ,

гл. ў арт. Дамены.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫЯ ЛІ́НЗЫ,

гл. ў арт. Электронныя лінзы.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

рэчывы, магн. ўласцівасці якіх абумоўліваюць іх выкарыстанне ў тэхніцы. Асн. характарыстыка М.м. — намагнічанасць. Пры т-ры, ніжэйшай за т-ру магн. ўпарадкавання (гл. Кюры пункт), М.м. — ферамагнетыкі і ферымагнетыкі маюць самаадвольную намагнічанасць. Паводле комплексу магн. уласцівасцей падзяляюць на магнітамяккія матэрыялы, магнітацвёрдыя матэрыялы і матэрыялы спец. прызначэння (магнітастрыкцыйныя матэрыялы, тэрмамагнітныя матэрыялы, магнітааптычныя і ЗВЧ матэрыялы). Выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш.

Літ.:

Мишин Д.Д. Магнитные материалы. 2 изд. М., 1991;

Преображенский АА, Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.

Г.І.Макавецкі.

т. 9, с. 484

МАГНІ́ТНЫЯ ПА́СТКІ,

канфігурацыі магнітнага поля, здольныя працяглы час утрымліваць зараджаныя часціцы ўнутры зададзенага аб’ёму прасторы. Натуральная М.п. — магн. поле Зямлі, якое ўтрымлівае касм. зараджаныя часціцы высокіх энергій (электроны і пратоны) і ўтварае радыяцыйныя паясы Зямлі па-за межамі яе атмасферы. У лабараторных умовах М.п. даследуюцца ў дастасаванні да праблемы ўтрымання плазмы і ажыццяўлення з іх дапамогай кіравальных тэрмаядзерных рэакцый.

Найпрасцейшая магнітная пастка. Стрэлкі паказваюць напрамкі магнітных сілавых ліній і току ў кааксіяльных шпулях (саленоідах).

т. 9, с. 484