Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЦЮХО́Ў (Ігар Гаўрылавіч) (н. 28.4.1957, г. Магнітагорск, Расія),

бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1981). З 1981 кіраўнік хар. капэлы БДУ, адначасова ў 1983—88 (з перапынкамі) — хору хлопчыкаў Муз. ліцэя пры Бел. кансерваторыі. Арганізатар (1988) і маст. кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь. Яго ўдумлівыя адносіны да хар. партытур, эмацыянальнасць, гукавы сінтэз усх.- і зах.-еўрап. вак. школ дазваляюць хору выконваць творы кампазітараў розных эпох, стыляў і жанраў. Пад яго кіраўніцтвам хор выканаў прэм’еры буйных твораў бел. кампазітараў С.Бельцюкова, У.Дарохіна, А.Залётнева, Ш.Ісхакбаевай і В.Шлеянкова, В.Капыцько, С.Картэса, І.Лучанка і інш., запісаў першы ў свеце кампакт-дыск з творамі бел. духоўнай музыкі (1992).

Л.А.Сівалобчык.

т. 10, с. 232

МАЦЮШКО́Ў (Уладзімір Ягоравіч) (н. 10.4.1946, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне лазернай тэхнікі і мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1998). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. З 1975 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання канцэрна «Планар» (з 1992 віцэ-прэзідэнт), адначасова з 1991 праф. БДУ і БПА. Навук. працы па лазерным прыладабудаванні і тэхнал. абсталяванні для мікраэлектронікі, праблемах стварэння лазерных аптычных сістэм тэхнал. абсталявання для вытв-сці электронных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Синтез микроизображений лазерными растровыми сканирующими системами (разам з У.У.Нямковічам, У.В.Юрэвічам) // Электронная техника. Сер. 11. 1987. № 3.

М.П.Савік.

т. 10, с. 232

МАЦЮШО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (21.3.1916, в. Аўсішча Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 19.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. вучылішча пагранічных войск (1940). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нач. штаба палка маёр М. вызначыўся ў баях на тэр. Смаленшчыны. У вер. 1943 на чале ўзвода аўтаматчыкаў і 2 узводаў 45-мм гармат прарваўся ў тыл праціўніка, завязаў бой, у выніку якога былі захоплены 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 40 вінтовак, 18 аўтамашын і 3 рацыі. М. загінуў у баі.

А.Дз.Мацюшоў.

т. 10, с. 232

МАЦЮШЭ́НКА (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 18.6.1941, в. Перасвятое Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Канд. тэхн. н. (1974), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1964), там і працаваў. З 1985 у Бел. ун-це транспарту (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні механізмаў разбурэння дынамічна кантактуемых матэрыялаў і метадах аховы ад яго.

Тв.:

Водородный износ цилиндропоршневой группы двигателей внутреннего сгорания (разам з М.Ф.Салаўём, В.У.Торапам) // Трение и износ. 1987. Т. 8, № 3.

т. 10, с. 232

МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс. чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.

Я.І.Юхо.

т. 10, с. 232

МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),

польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).

Дз.У.Караў.

т. 10, с. 232

МАЦЯРДУ́ШКА (Origanum),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі М. звычайная (O. vulgare, нар. назвы душанка, пчалалюб, бабіна душыца). Трапляецца на сухіх лугах, палянах, у светлых лясах.

Шматгадовыя травы выш. да 80 см. Сцёблы прамастойныя, густаваласістыя. Лісце чаранковае, супраціўнае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, ружаватыя ці ружавата-пурпуровыя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. М. звычайная мае эфірны алей, дубільныя рэчывы, аскарбінавую к-ту. Зялёныя парасткі і кветкі ўжываюцца ў ежу, пры засолцы і кансерваванні, выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, эфірны алей («хмелевы») — для араматызацыі мыла, памады, пасты. Эфіраалейная, лек., меданосная, тэхн. (фарбавальнік) расліна.

Мацярдушка звычайная.

т. 10, с. 232

МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Свіслач, за 18 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка. Пл. 0,58 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 900 м. Схілы катлавіны на Пн пад лесам і хмызняком. У разводдзе сцёк з возера ў р. Свіслач.

т. 10, с. 233

МАЦЯРЫ́НСКАЯ ПАРО́ДА,

1) глебаўтваральная парода, верхні слой зямной кары, горныя пароды якога ператвараюцца ў глебу ў выніку фіз., хім., біял. працэсаў і дзейнасці чалавека; адзін з глебаўтваральных фактараў. Паводле паходжання адрозніваюць М.п. азёрныя, алювіяльныя, балотныя, дэлювіяльныя, ледавіковыя, магматычныя, марскія, пралювіяльныя, элювіяльныя, эолавыя (гл. адпаведныя арт.) і інш. Паводле хім.-мінералагічных уласцівасцей яны бываюць карбанатныя, кварцавыя, палёвашпатавыя і інш. Паводле будовы тоўшчы падзяляюцца на аднародныя (магутнасць больш за 1,5 м), двух-, трох-, шматчленныя (пароды зменьваюцца ў межах глебавага профілю). Паводле мех. складу вылучаюць М.п. гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і іх камбінацыі. Ад уласцівасцей М.п. залежаць мінералагічны, хім., грануламетрычны склад глебы, яе водна-фіз. ўласцівасці і ўрадлівасць. На Беларусі М.п. — адклады антрапагенавага перыяду (пераважна сярэдняга, позняга плейстацэну і галацэну), у асобных раёнах — выхады больш стараж. адкладаў. Пераважныя генет. тыпы М.п.: марэнныя адклады, флювіягляцыяльныя адклады, азёрна-ледавіковыя і інш. 2) Горная парода, з якой паходзяць інш. горныя пароды або карысныя выкапні.

т. 10, с. 233