«МАЦУСІ́ТА ЭЛЕ́КТРЫК ІНДА́СТРЫЯЛ»
(Matsushita Electric Industrial Company Limited),
японская эл.-тэхн. і радыёэлектронная кампанія, адна з найб. у свеце. Засн. ў 1918. Вырабляе камунікацыйнае, вымяральнае і спец. абсталяванне, быт. тэхніку: тэлефоны, радыёперадатчыкі і радыёпрыёмнікі, міні-камп’ютэры, апараты каляровага ксерадруку, тэлевізары, відэамагнітафоны, халадзільнікі, электрабатарэі, электронныя лямпы і інш. Вядома гандл. маркамі «Панасонік», «Нэшанал», «Тэкнікс», «Квазар». Мае філіялы ў Паўн. Амерыцы, Паўд.-Усх. Азіі, у Зах. Еўропе.
т. 10, с. 231
МАЦУЯ́МА,
горад у Японіі, на ПнЗ в-ва Сікоку. Адм. ц. прэфектуры Эхіме. Каля 450 тыс. ж. (1997). Порт на Унутр. Японскім м. Прам-сць: нафтахім., тэкст., машынабудаўнічая. Традыц. саматужныя промыслы (выраб. тканін, керамікі, паперы). Ун-т.
т. 10, с. 231
МАЦЫЁН (ад лац. motio рух),
хадзьба, прагулка пяшком з мэтай умацавання здароўя або для адпачынку; можа быць састаўной часткай лячэбнага рэжыму хворага.
т. 10, с. 231
МАЦЬЕ́, Мацьез (Mathiez) Альбер (10.1.1874, Ла-Бруер, Францыя — 26.2.1932), французскі гісторык. Замежны чл.-кар. АН СССР, д-р гуманіт. н. (1904). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1897). З 1911 праф. правінцыяльных ун-таў, з 1926 праф. парыжскай Сарбоны. Першапачаткова прыхільнік левых радыкалаў, да 1926 звязаны з камуністамі, у канцы жыцця прымкнуў да правых. Вывучаў пераважна гісторыю Французскай рэвалюцыі 1789—99, асабліва перыяд якабінскай дыктатуры. Выступаў супраць ідэалізацыі Ж.Дантона, але ідэалізаваў М.Рабесп’ера. У 1907 засн. і ўзначальваў Т-ва рабесп’ерысцкіх даследаванняў, засн. час. «Annales révolutionnaires» («Рэвалюцыйныя аналы»). Асн. працы: «Французская рэвалюцыя» (т. 1—3, 1922—27), «Вакол Рабесп’ера», «Вакол Дантона» (абедзве 1926) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Французская революция. Ростов н/Д, 1995.
т. 10, с. 231
МАЦЬЕ́ (Міліца Эдвінаўна) (24.7.1899, с. Мартьшікіна Ленінградскай вобл. — 8.4.1966),
расійскі гісторык-егіптолаг, мастацтвазнавец, філолаг. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Д-р гіст. н. (1945). Скончыла Петраградскі ун-т (1922). З 1920 працавала ў Эрмітажы, выкладала ў Ленінградскім ун-це (з 1947 праф.). Даследавала помнікі стараж.-егіп. мастацтва і пісьменства. што захоўваюцца ў Эрмітажы, вызначала іх перыядызацыю, аўтарства і шляхі фарміравання маст. школ. Аўтар кніг «Мастацтва Сярэдняга царства» (1941), «Мастацтва Новага царства» (1947), «Старажытнаегіпецкія міфы» (1956), «У часы Неферціці» (1965) і інш.
Тв.:
Древнеегипетская скульптура в собрании Государственного Эрмитажа. М.; Л., 1969 (разам з І.А.Лапіс);
Искусство Древнего Египта. М., 1970.
В.Я.Буйвал.
т. 10, с. 231
МАЦЬЁ ((Mathieu) Мірэй) (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),
французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.Марыа, Ф.Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.
Літ.:
Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.
т. 10, с. 231
МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi),
Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).
т. 10, с. 231
МАЦЭ́СТА,
крыніцы серавадародных тэрмальных вод бальнеалагічнага курорта Сочы (Расія). Тэрмальныя (18—67 °C) сульфідна-хларыдна-натрыевыя воды з мінералізацыяй 3—41 г/л, маюць ёду да 12 мг/л, брому да 70 мг/л, радон, эфектыўныя пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэм, апорна-рухальнага апарата, скурных, гінекалагічных і інш. Лячэнне ўвесь год.
т. 10, с. 231
МАЦЮ́К (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 25.5.1948, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне прыкладной фізікі. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па працэсах намагнічвання ферамагнетыкаў, магн. метадах і сродках неразбуральнага кантролю структурнага стану ферамагн. вырабаў, іх метралагічным забеспячэнні.
Тв.:
Топография поля остаточной намагниченности над поверхностью ферромагнитного листа, локально намагниченного полем накладного соленоида // Дефектоскопия. 1995. № 11.
М.П.Савік.
т. 10, с. 231