Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЦЕРЫКО́ВЫЯ ДЗЮ́НЫ,

тое, што барханы.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВЫ ЛЁД,

тое, што покрыўны ледавік.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,

частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).

т. 10, с. 229

МАЦЕ́ША (Аляксей Міхайлавіч) (н. 1.1.1931, в. Хватаўка Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нервовых хвароб. Д-р мед. н., праф. (1986). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1956). З 1966 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1978—98 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве наркатычных рэчываў на нерв. сістэму, клініка-імуналагічных узаемаадносінах пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы, лячэнні хворых паркінсанізмам.

Тв.:

Гистохимия гликогена центральной нервной системы при гипотермии и наркозе Мн., 1972 (разам з А.​М.​Гурленем).

т. 10, с. 229

МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 229

МА́ЦІСАВА (Лізавета Парфенаўна) (17.9.1916, г. Магілёў — 20.1.1990),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла драм. студыю Бел. т-ра юнага гледача (1936). Працавала ў т-рах муз. камедыі Беларусі (1937—41, 1947—50, 1970—72). У 1951—69 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца роляў гераінь, т.зв. каскадных, камічных старых (у т-рах муз. камедыі), лірыка-драм. і характарных (у драм. т-ры). Актрыса выразнай пластыкі і тонкай музыкальнасці. Найб. значныя ролі: у т-рах муз. камедыі — Старая («Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі), Марыэта, Стасі («Баядэра», «Сільва» І.​Кальмана), Пепіта («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Ірынка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава); у т-ры імя Я.​Коласа — Зоська («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Галіна Адамаўна («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Таццяна, Юлія, Людміла («Ворагі», «Дачнікі», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Фларэла («Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі), Рэгана («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 10, с. 229

МА́ЦІЦА,

рака ў Міёрскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Дзісна (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 117 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Смолеўцы Міёрскага р-на, цячэ на паўд.-зах. ч. Полацкай нізіны. Рэчышча ад вытоку на працягу 7 км каналізаванае.

т. 10, с. 230

МА́ЦІ-ГЕРАІ́НЯ,

ганаровае званне маці, якая нарадзіла і выхавала 10 і больш дзяцей; існавала ў 1944—91 у СССР. Паводле Палажэння ад 18.8.1944 (з пазнейшымі зменамі) прысвойвалася з уручэннем ордэна «Маці-гераіня» і граматы Прэзідыумам Вярх. Савета СССР або ад яго імя Прэзідыумам Вярх. Савета саюзнай ці аўтаномнай рэспублікі. Званне М.-г. прысвоена больш як 5 тыс. жанчын Беларусі. Законам Рэспублікі Беларусь ад 2.7.1997 уведзены ордэн Маці, якім узнагароджваюцца жанчыны, што нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей.

т. 10, с. 229

МАЦКЕ́ВІЧ (Баляслаў Іосіфавіч) (н. 2.1.1928, в. Гнесічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1985—98 Заг. кафедры). Навук. працы па агульнай і дзіцячай хірургіі, анкалогіі, паталаг. фізіялогіі хірург. захворванняў.

Тв.:

Состояние калликреин-кининовой системы и антиферментная терапия при остром перитоните в детском возрасте // Вестн. хирургии. 1982. Т. 129, № 8;

Клиническое значение мембранодеструктивных процессов и их коррекция у детей с гнойной хирургической инфекцией (разам з В.​І.​Кавальчуком) // Хирургия. 1992. № 11—12.

т. 10, с. 230

МАЦКЕ́ВІЧ (Ігнацій Вікенцьевіч) (28.5.1912, в. Завольша Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 26.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Лейтэнант М. вызначыўся пры вызваленні Брагінскага р-на. Рота на чале з М. пераправілася цераз Дняпро, захапіла плацдарм і в. Калыбань, адбіла 5 контратак; М. асабіста падбіў 2 танкі, знішчыў шмат жывой сілы праціўніка. М. загінуў у баі.

І.В.Мацкевіч.

т. 10, с. 230