Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),

структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.

У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.

Рэзістары: а — пастаянны (1 — керамічная трубка, 2 — токаправодны слой, 3 — вывад); б — пераменны (1 — токаправодны элемент, 2 — шчотачны кантакт, 3 — вывады).

т. 13, с. 559

РЭ́ЗКА тэрмічная,

спосаб апрацоўкі метал. і некаторых неметал. матэрыялаў (напр., бетонаў) спальваннем (кіслародная рэзка, кіслародна-флюсавая), плаўленнем, выпарэннем і выдаленнем расплаву струменем газу (плазменна-дугавая, паветрана-дугавая, газа-плазменная Р.) або выпарэннем матэрыялу ў месцы разразання (лазерная Р., гл. Лазерная тэхналогія). Бывае ручная і аўтаматызаваная. Выкарыстоўваецца для атрымання загатовак, стварэння адтулін, стругання і інш.

т. 13, с. 560

РЭ́ЗНІКАЎ (Усевалад Міхайлавіч) (10,9.1918, г. Харкаў, Украіна — 8.12.1997),

бел. хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па хіміі лігніну. Д-р хім. н., праф. (1972). Скончыў Харкаўскі Хіміка-тэхнал. ін-т (1941). У 1963—94 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1964—89 заг. кафедры, адначасова ў 1975—81 дэкан ф-та хім. тэхналогіі драўніны). Навук. працы па хіміі лігніну, вывучэнні працэсаў дэлігніфікацыі. Даследаваў рэакцыйную здольнасць і хім. будову лігніну розных парод дрэў, раслін (лёну, імхоў) і водарасцей. Прапанаваў новую гіпотэзу паходжання лігніну, удасканаліў спосабы атрымання цэлюлозы.

Тв.:

Теория перколяционного гидролиза растительного сырья. М., 1964;

Реакционная способность лигнина. М., 1976 (разам з Н.​М.​Шарыгінай, У.​В.​Елкіным).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 560

РЭЗО́ЛЬНЫЯ СМО́ЛЫ, рэзолы,

тэрмарэактыўныя фенола-фармальдэгідныя смолы. Утвараюцца на пачатковай стадыі сінтэзу фенола-фармальдэгідных смол пры малекулярным лішку фармальдэгіду.

Вязкія вадкасці (шчыльн. 1140—1220 кг/м³) ці шклопадобныя цвёрдыя рэчывы (шчыльн. 1250—1270 кг/м³) ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, мал. м. 400—1000. Раствараюцца ў спіртах, кетонах, фенолах, водных растворах шчолачаў; цвёрдыя набракаюць у вадзе. Ацвярдзенне Р.с. ажыццяўляюць звычайна пры награванні (80—180 °C). Пры перапрацоўцы ў адрозненне ад навалачных смол доўга застаюцца ў вязкацякучым стане, што аблягчае фармаванне таўстасценных вырабаў. Выкарыстоўваюць як сувязнае для фенапластаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, драўнінных пластыкаў, для вытв-сці кляёў, герметыкаў, лакаў.

т. 13, с. 560

РЭЗО́Н [франц. raison ад лац. ratio (rationis) падстава, прычына] разумная падстава, доказ, сэнс, прычына. Напр.: «Крыўдзіцца на ўвесь свет няма рэзону».

т. 13, с. 560

РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,

адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.​Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.​Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).

т. 13, с. 560

РЭЗЬБААПРАЦО́ЎЧЫ СТАНО́К,

металарэзны станок для стварэння і апрацоўкі разьбы. Бываюць рэзьбанакатныя, рэзьбанаразныя, рэзьбафрэзерныя і рэзьбашліфавальныя. Да рэзьбанаразных адносяцца такарна-шрубарэзныя станкі, у якіх разьба ствараецца з дапамогай разцоў, а таксама гайка- і болтанаразныя — з метчыкамі, плашкамі, рэзьбанаразнымі галоўкамі і інш. Рэзьбафрэзерныя станкі (паўаўтам. і аўтам.) выкарыстоўваюць для наразання вонкавай і ўнутр. разьбы дыскавымі, пальцавымі ці грабеньчатымі фрэзамі. На рэзьбашліфавальных станках (універсальных, спец., паўаўтам.) з шліфавальнымі кругамі робяць чыставую апрацоўку разьбы, выкананай на інш. станках. Гл. таксама Рэзьбанаразны інструмент.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАВЫМЯРА́ЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструменты і прылады для вымярэння і кантролю разьбы. Адрозніваюць Р.і.: для комплекснага кантролю і для вымярэння асобных элементаў профілю разьбы; вымярэння вонкавых і ўнутраных, цыліндрычных і канічных рэзьбаў; разьбы хадавых вінтоў і інш. Да Р.і. адносяцца разьбовыя калібры, шаблоны, шагамеры (разьбамеры), мікрометры з разьбовымі ўстаўкамі, нутрамеры, сінусныя лінейкі. Для кантролю рэзьбаў выкарыстоўваюць таксама вымяральныя мікраскопы (для вызначэння шагу разьбы), аптыметры і інш.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАНАКА́ТНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для стварэння разьбы на вонкавых паверхнях дэталей без зняцця стружкі (пластычным дэфармаваннем у халодным стане — накаткай). Р.і.: круглыя накатныя ролікі, плоскія накатныя плашкі (рухомыя і нерухомыя), рэзьбанакатныя галоўкі. Выкарыстоўваюць на такарных, рэвальверных, свідравальных, балтарэзных станках, спец. аўтаматах і паўаўтаматах.

Да арт. Рэзьбанакатны інструмент. Утварэнне разьбы: 1 — плоскім інструментам, 2 — круглым інструментам.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАНАРАЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

шматлязовы металарэзны інструмент для ўтварэння вонкавай (на шрубах, шпільках, балтах і інш.) і ўнутр. (у адтулінах гаек, утулак і інш.) разьбы. Да Р.і. адносяцца разьбовыя разцы, метчыкі, плашкі, фрэзы, шліфавальныя кругі, грабяні, рэзьбанаразныя галоўкі. Разьбовыя грабяні (некалькі аб’яднаных у адзінай канструкцыі разьбовых разцоў) бываюць плоскія (стрыжнёвыя, прызматычныя) і круглыя. У корпусе рэзьбанаразных галовак уманціравана некалькі разьбовых грабянёў. Устанаўліваюць на рэзьбаапрацоўчых станках і станках інш. тыпаў, некаторыя інструменты выкарыстоўваюць для ручнога наразання разьбы.

Да арт. Рэзьбанаразны інструмент. Рэзьбанаразныя галоўкі: 1 — з радыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 2 — з тангенцыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 3 — з круглымі грабянямі.

т. 13, с. 560