РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),
структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.
У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.