РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,

адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.​Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.​Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)