ДУРАЛЮМІ́Н (ад ням. Düren — горад, дзе была распачата прамысл. вытв-сць сплаву, + алюміній),
дзюраль, дзюралюміній, назва групы сплаваў на аснове алюмінію. Мае дабаўкі (па масе) медзі (2,2—5,2%), магнію (0,2—2,7%), марганцу (0,2—1%). Найб. трывалы і найменш каразійнаўстойлівы сярод алюмініевых сплаваў, таму Д. часта плакіруюць чыстым алюмініем. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у авіяц. і трансп. машынабудаванні.
т. 6, с. 262
ДУРА́Н (Пятрос) (1.6.1852, г. Стамбул, Турцыя — 2.2.1872),
армянскі пісьменнік. Жыў у Турцыі. Аўтар гіст. трагедый «Чорныя землі» (1868), «Арташэс Міратворац» (1869), «Звяржэнне дынастыі Аршакідаў» (1870), «Захоп Ані, сталіцы Арменіі» (1871) і інш., сац. драмы з тагачаснага жыцця «Тэатр, або Адвержаныя» (1871), лірычных вершаў, цесна звязаных з нац.-вызв. барацьбой арм. народа, прасякнутых нац.-патрыят., грамадз. і філас. матывамі.
т. 6, с. 262
ДУРАНІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
афганская дзяржава ў 1747—1818. Створана ў выніку ваен. паходаў Ахмад-шаха Дурані (1747—73), які да 1761 аб’яднаў афг. (пуштунскія) землі (тэр. ядро дзяржавы — Кандагар, Газні, Кабул, Пешавар, Герат), заваяваў Паўн.-Зах. Індыю (у т. л. Кашмір), Усх. Іран, Паўд. Туркестан. Сталіца — г. Кандагар, з 1773 Кабул (перанесена пры сыне і пераемніку Ахмад-шаха Цімур-шаху, які правіў у 1773—93). Эканам. аснову дзяржавы складала феад.-дзярж. ўласнасць на зямлю (зямельныя падаткі з падуладных тэрыторый). Найб. прывілеяванае становішча ў ёй мела афг. племя абдалі (дурані; да яго належаў і вярх. правіцель — шах), якое было вызвалена ад падаткаў. Распалася ў выніку сепаратызму ханаў афг. плямён і нац.-вызв. паўстанняў падуладных неафг. народаў.
Літ.:
История Афганистана. М., 1982. С. 125—139.
т. 6, с. 262
ДУ́РАЎ (Леў Канстанцінавіч) (н. 23.12.1931, Масква),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў школу-студыю МХАТ (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1985). Да 1963 у Цэнтральным дзіцячым т-ры, з 1963 у т-ры Ленінскага камсамола, з 1967 у т-ры на Малой Броннай (усе ў Маскве). Яркі характарны акцёр, валодае камед. і драм. дараваннем. Яго мастацтву ўласцівы непасрэднасць, адкрыты тэмперамент. Сярод лепшых роляў: штабс-капітан Снегіроў («Брат Алёша» В.Розава паводле Ф.Дастаеўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера), Яга («Атэла» У.Шэкспіра). З 1954 здымаецца ў кіна і тэлефільмах: «Двое ў стэпе», «34-ы хуткі», «Развітанне», «Семнаццаць імгненняў вясны», «Уся каралеўская раць» і інш.
т. 6, с. 262
ДУ́РАЧ (Тэадор Часлававіч) (9.2.1883, г. п. Чупахаўка Сумскай вобл., Украіна — 12.5.1943),
дзеяч рабочага руху, юрыст. Скончыў Харкаўскі ун-т. Працаваў у судах на Украіне. З 1919 адвакат у Польшчы, абараняў дзеячаў рэв. і нац.-вызв. руху на судовых працэсах, у т. л. на працэсе Т.Домбаля (1922), працэсе 56-і (1928), кобрынскім (1933), луцкім (1934) і інш. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. арг-цыі дапамогі рэвалюцыянерам у Польшчы. У 1933—37 нам. старшыні Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Польскай рабочай партыі і чл. яе ЦК з 1942. У 1943 арыштаваны гестапа і ў час следства закатаваны.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 262
ДУ́РБАН (Durban),
горад на У Паўднёва-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1822. 715,7 тыс. ж., з прыгарадамі 1137 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з найбуйнейшых партоў Індыйскага ак. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тэкст., цукр., кансервавая. Суднабудаванне і суднарамонт. Прыморскі кліматычны курорт. Цэнтр турызму. 2 ун-ты. Музей і маст. галерэя.
т. 6, с. 262
ДУ́РБІН (Durbin) Дзіна [сапр. Ме
(Мае) Эдна; н. 4.12.1921, Нью-Йорк], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1936. Папулярная ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. у ролях абаяльных гераінь у муз. камедыях: «Сто мужчын і адна дзяўчына», «Першае каханне» (у пракаце «Першы баль»),
«Гэта пачалося з Евы» (у пракаце «Шлюб паняволі»), «Сястра яго дварэцкага» і інш. Не здолеўшы пераадолець інерцыю аднатыпных персанажаў, актрыса губляла сваіх гледачоў. Пасля 1949 у кіно не здымалася.
т. 6, с. 262
ДУРГАПУ́Р,
горад на У Індыі, на р. Дамодар, у штаце Зах. Бенгалія. Каля 500 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны цэнтр цяжкай прам-сці ў горнапрамысл. раёне р. Дамодар. Металургічны камбінат; прадпрыемствы цяжкага машынабудавання, з-ды горнашахтавага абсталявання, аптычнага шкла і хімічныя.
т. 6, с. 262
ДУРГ-БХІЛАІНА́ГАР,
горад у Індыі, у штаце Мадх’я-Прадэш. Утвораны ў 1980-я г. аб’яднаннем гарадоў Дург і Бхілаі. Каля 550 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Металургічны камбінат (на базе мясц. жал. і марганцавых руд, каменнага вугалю з наваколля г. Корба). З-д мінер. угнаенняў.
т. 6, с. 262
ДУ́РКА ((Durkó) Жольт) (н. 10.4.1934, г. Сегед, Венгрыя),
венгерскі кампазітар. Засл. арт. Венгрыі. Скончыў Вышэйшую муз. школу імя Ф.Ліста ў Будапешце (1960, клас Ф.Фаркаша). Удасканальваўся ў акадэміі «Санта-Чэчылія» (1961—63). У муз. мове спалучаюцца элементы вербункаша, інтанацыі нар. плачаў з санорыкай, алеаторыкай і інш. Сярод твораў: опера «Майсей» (1977); араторыя «Надмагільнае слова» (1972); 2 кантаты; для аркестра «Эпізоды на тэму ВАСН» (1963), «Арнаменты»; «Венгерская рапсодыя» для 2 кларнетаў і аркестра (1964); Канцэрт для фп. з аркестрам (1981); «Альтаміра» для камернага хору і арк.; 2 стр. квартэты; п’есы для інструментаў сола з арк. ці камерным ансамблем. 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (Парыж, 1975). Прэміі Венгрыі імя Ф.Эркеля (1968), імя Б.Бартака і Д.Пастары (1985).
т. 6, с. 262