Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕКРАСПЕРМІ́Я (ад грэч. nekros мёртвы + сперма),

павышаная колькасць у сперме нежыццяздольных сперматазоідаў. Бывае абарачальнай (несапраўднай), калі магчыма ажыўленне сперміяў, і неабарачальнай (сапраўднай). Абарачальная Н. паддаецца медыкаментознаму лячэнню.

т. 11, с. 278

НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),

1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.

2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.

т. 11, с. 278

НЕКРАФІЛІ́Я (ад грэч. nekros мёртвы + ...філія),

рэдкая палавая ненармальнасць, палавая цяга да трупаў людзей.

т. 11, с. 278

НЕКРАЦЭНО́З (ад грэч. nekros мёртвы + цэноз),

гл. ў арт. Танатацэноз.

т. 11, с. 278

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Іван Іосіфавіч) (н. 6.6.1937, в. Плотніца Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1997). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Брэсцкім аблпраекце, ін-це «Белпрампраекг», з 1976 гал. архітэктар ін-та «Белсельбудпраект», з 1987 гал. архітэктар, з 1998 нам. гал. архітэктара Мінскай вобл. Асн. работы: генпланы прамысл. вузлоў у Гродне, Магілёве, Бабруйску і інш. гарадах (1964—74), комплексы з-даў у Брэсце, Віцебску, Гродне, Жодзіне, Бабруйску і інш. (1965—75), забудова вёсак Астрамечава Брэсцкага, Асавец Любанскага р-наў, пас. Жамчужны (усе 1978—85, у сааўт.), серыя сельскіх дамоў з маналітнага бетону (1984—86). З 1988 удзельнічае ў карэкціроўцы генпланаў гарадоў Мінскай вобл.

т. 11, с. 278

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Ілья Рыгоравіч) (2.3.1905, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 18.11.1993),

бел. фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па фізіцы плазмы. Праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1927) і Маскоўскі ун-т (1930). У 1930—41 і з 1945 у БДУ (з 1937 і 1945 заг. кафедры), адначасова ў 1932—37 і 1946—69 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (у 1946—67 заг. лабараторыі). Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, фізіцы і тэхніцы плазмы. Даследаваў механізм электронных працэсаў у кантактах металаў з паўправаднікамі і газаразраднай плазмай, выявіў частотную інверсію выпрамлення пераменных токаў высокай частаты кропкавым кантактам паўправаднік-метал. Стварыў (з І.А.Бакутам) т.зв. міграцыйную тэорыю эл. эрозіі.

Тв.:

Частотная залежнасць уніпалярнай правадзімасці кантактаў // Весці АН БССР. 1948. № 6;

Об особенностях электрической эрозии пористых электродов (разам з І.А.Бакутам, М.К.Міцкевічам) // Сб. науч. тр. Физико-техн. ин-та АН БССР. 1956. Вып. 3.

І.Р.Некрашэвіч.

т. 11, с. 279

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.5.1948, в. Убалаць Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас М.Зюванава). З 1975 саліст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.Шырмы, з 1976 — Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Валодае голасам прыемнага тэмбру вял. дыяпазону. Першы выканаўца песень бел. кампазітараў У.Будніка («Абаронцы»), Л.Захлеўнага («Радзіма мая», «Уручча»), 1.Лучанка («Без весткі прапаўшы»), А.Чыркуна («Перамога»). У рэпертуары таксама творы інш. бел., рас. кампазітараў, арыі з класічных опер і аперэт, апрацоўкі бел., рус., цыганскіх і інш. нар. песень. Стварыў шэраг запісаў на Бел. радыё. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1977.

Л.А.Сівалобчык.

т. 11, с. 279

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Сцяпан Міхайлавіч) (8.5.1883, в. Данілоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1937),

бел. мовазнавец. Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1913). З 1918 заг. бел. секцыі пры губ. аддзеле нар. асветы Адэсы. З 1920 заг. літ.-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, старшыня навук.-тэрміналагічнай камісіі, нам. старшыні Галоўпрафасветы пры Наркамасвеце БССР, старшыня Інбелкульта. З 1926 старшыня аддзела гуманітарных навук Інбелкульта, з канца 1928 віцэ-прэзідэнт АН БССР, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой бел. мовы і арфаграфічнай камісіі, старшыня Галоўнавукі пры Наркамасвеце БССР, дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. Асн. даследаванні па лексікаграфіі, правапісе, дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Разам з М.Я.Байковым выдаў «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928). Аўтар артыкулаў «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» (1927), «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О уставах манастирских» (1928), «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад евангелля на беларускую мову і мова перакладу» (не апублікавана), а таксама «Беларускага лемантара» (1922, 6-е выд. 1929), чытанкі «Роднае слова» (1922, 4-е выд. 1925) і інш. У 1930 арыштаваны і высланы ва Удмурцію. У 1937 паўторна арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух абвінавачаннях адпаведна ў 1938 і 1957.

Тв.:

Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. Мн., 1927 (разам з П.А.Бузуком);

Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна. Мн., 1929.

Літ.:

Германовіч І.К. Аб навуковай дзейнасці С.М.Некрашэвіча // Весн. БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.

І.К.Германовіч.

С.М.Некрашэвіч.

т. 11, с. 279

НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),

амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.

М.К.Недзьведзь.

т. 11, с. 279

НЕКРО́З у раслін, амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл. Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр. ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.

С.І.Бельская.

т. 11, с. 279