НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),

1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.

2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)