Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУНТЫНХУ́,

возера на У Кітая, на Цзянханьскай раўніне, у даліне р. Янцзы. Пл. ад 4—5 тыс. км² зімой (распадаецца на некалькі вадаёмаў) да 10—12 тыс. км² летам; сезонныя ваганні ўзроўню 10—15 м. Глыб. да 8 м. У возера ўпадаюць рэкі Сянцзян, Юаньцзян, Лішуй, Цзьшуй і інш., рэгулюе сцёк р. Янцзы (з якой злучана рукавамі), прымае ўлетку 40—60% яе паводкавых вод. Суднаходства, рыбалоўства.

т. 6, с. 261

ДУ́ПЕЛЬ (Gallinago media),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Азіі на балотах і заліўных лугах. Пералётны. На Беларусі звычайны, нар. назва дубельт.

Даўж. цела да 35 см, маса да 230 г. Апярэнне стракатае, рыжавата-бурае. Падобны на бакаса, але на баках грудзей і брушка папярочныя стракаціны, больш кароткая дзюба (да 7,4 см). Самцы такуюць вял. групамі ўначы. Гнёзды на купінах. Нясе 4 яйцы. Птушаняты вывадкавыя. Корміцца глебавымі беспазваночнымі, насякомымі і іх лічынкамі, карэньчыкамі балотных раслін. Зімуе ў Паўд.-Зах. і Паўд. Афрыцы. Аб’ект палявання.

Дупель.

т. 6, с. 261

ДУ́ПЛЕКСНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адной фіз. лініі (аднаму каналу сувязі) з адначасовай перадачай паведамленняў у абодвух напрамках. Гл. таксама Сімплексная сувязь.

т. 6, с. 261

ДУ́ПЛЕКС-ПРАЦЭ́С у металургіі,

працэс вытворчасці сталі або чыгуну паслядоўна ў двух агрэгатах. У сталеплавільнай вытв-сці выкарыстоўваюць Д.-п. мартэнаўская печдугавая печ, канвертарэлектрычная печ, індукцыйная вакуумная печ — дугавая вакуумная печ і інш., у чыгуналіцейнай вытв-сці вагранкаэл. печ. Пры Д.-п. выкарыстоўваюцца перавагі кожнага з плавільных агрэгатаў.

т. 6, с. 261

ДУПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. duplicatio падваенне),

разнавіднасць храмасомнай перабудовы, у выніку якой узнікае паўтарэнне ўчастка гена ці храмасомы. Паводле Д. гетэразіготныя арганізмы нясуць 2 дозы дупліцыраваных генаў, гомазіготныя — 4. Адбываецца пры разрыве і абмене ўчасткамі храмасом, а таксама ў выпадку няроўнага кросінговера; можа быць унутрыхрамасомная і міжхрамасомная. Адыгрывае важную ролю пры ўтварэнні новых генаў.

т. 6, с. 261

ДУПЛО́,

поласць у ствале, каранях або буйных галінах дрэў, якая ўтварылася ў выніку разбурэння драўніны. Звычайна Д. ўзнікаюць у старых (перастойных) дрэвастоях на месцы мех. пашкоджання і распаду тканак драўніны пад уздзеяннем сапрафітных грыбоў і бактэрый, часам пры ўдзеле мурашак і птушак (напр., дзятлаў). Д. з’яўляецца сховішчам і месцам размнажэння многіх жывёл. У парках і садах дуплаватыя дрэвы патрабуюць своечасовага лячэння.

т. 6, с. 261

ДУПЛЯ́НКА ШЭ́РАЯ грыб, тое, што шаруха.

т. 6, с. 261

ДУ́РАВА (Надзея Андрэеўна) (1783, Кіеў — 2.4.1866),

першая ў Расіі жанчына-афіцэр, пісьменніца. У 1806, выдаўшы сябе за мужчыну, уступіла ў кав. полк, удзельнічала ў вайне з Францыяй у 1807, у вайне 1812 (кантужана ў Барадзінскай бітве), замежных паходах рус. арміі 1813—14. Была ардынарцам у М.І.Кутузава. Аўтар успамінаў («Запіскі Н.А.Дуравай», 1836—39), рамана «Гудзішкі» (1839), «Аповесцей і апавяданняў» (1839). Д. прысвечаны шэраг твораў л-ры і мастацтва — маст. фільм «Гусарская балада» (1962) паводле п’есы А.К.Гладкова «Даўным-даўно» (1942), опера А.В.Багатырова «Надзея Дурава» (1957) і інш.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Избранные сочинения кавалерист-девицы Н.А.Дуровой. М., 1988.

т. 6, с. 261

ДУРА́ВІЧЫ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Ліпа. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 40 км ад Гомеля. 710 ж., 287 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 261

ДУ́РАВЫ,

сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.

Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.

Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.Л.Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.Дурава).

Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар. арт. СССР (1967). Унук А.Л.Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.

Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар. арт. СССР (1971). Унук У.Л.Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.

Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар. арт. СССР (1989). Дачка Ю.У.Дурава. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.

У цырку працуюць і інш. прадстаўнікі сям’і Д.

т. 6, с. 262