Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІВА́ШЫН (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 8.6.1918, в. Кукшавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н., праф. (1973). Засл. работнік вышэйшай школы БССР (1976). Скончыў Алма-Ацінскі пед. ін-т (1947). У 1938—46 у Сав. Арміі, у 1950—94 у БДУ выкладчык, дэкан, прарэктар. Аўтар прац па гісторыі Кастр. рэвалюцыі «Вялікі Кастрычнік у Мінску» (1957), «Барацьба бальшавікоў Беларусі супраць карнілаўшчыны» (1962), «Кастрычнік у Беларусі» (разам з І.​М.​Ігнаценкам, 1967), «Бальшавікі Беларусі і Заходняга фронту ў барацьбе за ажыццяўленне ленінскага Дэкрэта аб міры» (1972). Адзін з аўтараў працы «Перамога Савецкай улады ў Беларусі» (1967).

В.У.Івашын.

т. 7, с. 158

І́ВЕНС ((Ivens) Іорыс) (н. 18.11.1898, г. Неймеген, Нідэрланды — 29.6.1989),

нідэрландскі кінарэжысёр, аператар. Адзін з заснавальнікаў дакумент. кіно. Першыя фільмы («Мост», 1928, «Дождж», 1929, «Зёйдэр-Зе», 1930) — пошукі кінематаграфічнай выразнасці, імпрэсіяністычная вобразнасць. На мастацтва І. паўплывала творчасць С.​Эйзенштэйна, У.​Пудоўкіна, Дз.​Вертава. З 1930-х г. звяртаецца да грам.-паліт. жыцця краін свету: «Песня пра герояў» (1932), «Іспанская зямля» (1937), «Гаворыць Інданезія» (1945), «Першыя гады» (1947), «Мір пераможа ва ўсім свеце» (1951), «Песня вялікіх рэк» (1954), «17-я паралель» (1968) і інш. Формы дакумент. паэтычнага кіно ў фільме «Сена сустракае Парыж» (1957). У канцы 1970 — пач. 80-х г. працаваў у Пекіне (фільм «Як Юкон перасоўваў геры», 1976). Прэмія Міру 1955.

т. 7, с. 158

І́ВЕРС (Анатоль) (сапр. Міско Івап Дарафеевіч; н. 15.5.1912, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. За рэв. дзейнасць у Зах. Беларусі выключаўся з Віленскай, Клецкай, Навагрудскай бел. гімназій. З вер. 1939 да чэрв. 1941 літработнік слонімскай раённай газ. «Вольная праца». У Вял. Айч. вайну падпольшчык, партызан, у крас.ліст. 1943 сакратар Слонімскага міжраённага антыфаш. к-та. Выпускаў падп. газ. «Барацьба», лістоўкі. У 1949—66 працаваў на смалакурні, лесахімзаводзе. З 1966 на журналісцкай рабоце ў Слоніме. У 1976—84 адказны сакратар слонімскага раённага аддзялення Т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры. Друкуецца з 1934. У першым зб. «Песні на загонах» (1939) шчыры лірызм, рамант. матывы свабодалюбства, вернасці роднаму краю. У пасляваен. творах памяць пра суровыя дні перажытага, тэмы адданасці Бацькаўшчыне, красы бел. прыроды. Аўтар «Паэмы пра камсамольца Валодзю Бялько» (1964), успамінаў пра В.​Таўлая («Пасылка Валянціна Таўлая», 1976), Г.​Леўчыка («Далёкі ўспамін», 1980), Я.​Купалу («Ён адкрыў мне Беларусь», 1981), І.​Дварчаніна, пра часы змагання ў Зах. Беларусі, падп. антыфаш. дзейнасць у вайну.

Тв.:

З пройдзеных дарог. Мн., 1970;

Жыву ў бацькоўскім краі. Мн., 1982;

Я пайшоў бы ўслед за летам... Мн., 1987;

Прыдарожныя сосны. Слонім, 1995.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 262—268;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7;

Лойка А. «Хачу не проста жыць...» // Лойка А. Выбр. тв. Мн., 1992. Т. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 159

ІВЕ́РЫЯ,

адна з стараж. назваў усх. Грузіі.

т. 7, с. 159

І́ВЕСЬ,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,55 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 26 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 12,4 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, на ПнЗ парослыя лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі. Пойма забалочаная, пад хмызняком, шыр. да 200 м. Дно з упадзінамі і мелямі. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная сапрапелістая. Востраў пл. 1 га. Упадаюць ручаі з азёр Молена і Белае, на З выцякае ручай у воз. Шо.

т. 7, с. 159

І́ВІК, Ібік (Ibykos),

грэчаскі паэт 2-й пал. 6 ст. да н.э. Родам з г. Рэджа-ды-Калабрыя (Італія). Некат. час жыў пры двары тырана Палікрата на в-ве Самас. Стваральнік хвалебнай і любоўнай лірыкі (энкаміі), урачыстай і харавой песні, якая ўхваляла не багоў, а людзей (падзяляюць на 7 кніг, захаваліся фрагменты каля 100 вершаў). Паводле падання, забіты разбойнікамі, якіх знайшлі дзякуючы жоравам. Легенда выкарыстана Ф.​Шылерам у баладзе «Івікавы жоравы» (пер. на рус. мову В.​Жукоўскага).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Эллинские поэты. М., 1963.

т. 7, с. 159

ІВІ́НСКАЯ (Белашапка) Таццяна Міхайлаўна

(н. 27.3.1958, г. Віцебск),

бел. спартсменка (баскетбол). Засл. майстар спорту СССР (1980). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1982). Чэмпіёнка Алімп. гульняў (1980, Масква), чэмпіёнка свету (1983), Еўропы (1973, 1985). З 1992 — трэнер спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (Мінск).

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 159

ІВІ́НСКІ (Міхаіл Аўрамавіч) (22.1.1913, г. Гомель — люты 1980),

бел. самадзейны разьбяр па дрэве. З 1954 жыў у Жлобіне. Працаваў у станковай скульптуры. Творы адметныя выразнасцю пластыкі і вобразнай характарыстыкай персанажаў («Разведка», 1936; «У дазоры», 1937; «У абарону міру», 1939; «Марскі дэсант», 1947; «Партызан», 1948; «Рэйкавая вайна», 1955; «Праца», 1959; «Нарачанскі рыбак», 1960; «Салігорцы», 1965; «Хірург», 1967; «Ля партызанскага кастра», 1970). Вырабляў разны хатні посуд (дэкар. ваза «Багацце», 1965, і інш.).

М.Івінскі. Ля партызанскага кастра. 1970.

т. 7, с. 159

ІВІ́ЦКІ (Андрэй Ігнатавіч) (13.6.1904, в. Светазер’е Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1992),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук БССР (1959—61), д-р тэхн. н. (1958), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Горацкі с.-г. ін-т (1925). З 1931 ва Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі ў Мінску, з 1948 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Устанавіў залежнасць выпарэння тарфяной глебы ад кліматычных і інш. фактараў, распрацаваў метад вызначэння часу наступлення перадпасяўнога перыяду і метад разліку перадпасяўнога сцёку, прынцыпы асушальнай меліярацыі, прапанаваў новы падыход да ўстанаўлення норм (інтэнсіўнасці) асушэння балот.

Літ.:

Библиография научных трудов члена-корреспондента АН БССР А.​И.​Ивицкого. Мн., 1979.

А.І.Івіцкі.

т. 7, с. 159

ІВО́ЛЬСК,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Іволька, каля аўтадарогі Гомель—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на Пд ад Буда-Кашалёва, 32 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Уза. 491 ж., 184 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 159