Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЁМАЯ́К,

пераважна наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) перадавальная радыёстанцыя, па радыёсігналах якой на борце судна, самалёта і інш. рухомага аб’екта можна вызначыць напрамак на яе (пеленг). Адрозніваюць амплітудныя (найб. пашыраныя), фазавыя, частотныя і інш. Р.; накіраванага (даюць магчымасць пеленгацыі толькі з пэўных напрамкаў, курсаў, зон) і ненакіраванага (пеленгуюцца з любых напрамкаў) дзеяння.

т. 13, с. 233

РАДЫЁМЕТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне сілы адштурхоўвання паміж 2 паверхнямі, якія размешчаны ў разрэджаным газе і вытрымліваюцца пры розных т-рах. Тлумачыцца тым, што малекулы газу адскокваюць ад гарачай паверхні з большай кінетычнай энергіяй, чым малекулы, якія ўзаемадзейнічаюць з халоднай паверхняй. У выніку паверхня халоднай пласціны, павернутая да гарачай, атрымлівае большы імпульс, чым процілеглая. На Р.э. заснаваны прынцып работы радыяметра Крукса (вяртушкі Крукса) і радыёметрычнага манометра.

т. 13, с. 233

РАДЫЁНАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс радыётэхнічных сродкаў для рашэння задач радыёнавігацыі. Найб. пашыраныя Р.с. рознасна-дальнамерныя (гіпербалічныя; дазваляюць вызначыць каардынаты па розніцы адлегласцей ад аб’екта да 2 пар наземных радыёстанцый, якія працуюць сінхронна) і вугламерна-дальнамерныя (палярныя; каардынаты вызначаюцца па адлегласцях да 2 наземных радыёстанцый, напр., радыёмаякоў). Існуюць таксама спадарожнікавыя Р.с. (напр., сістэмы другога пакалення GPS (НАВСТАР) у ЗША і ГЛОНАСС у Расіі). У параўнанні з астр., інерцыяльнымі навігацыйнымі сістэмамі вызначаюцца высокай дакладнасцю вымярэнняў, незалежнасцю паказанняў ад метэаралагічных умоў.

т. 13, с. 234

РАДЫЁНАВІГА́ЦЫЯ (ад радыё... + навігацыя),

сукупнасць радыётэхнічных метадаў і сродкаў для забеспячэння ваджэння суднаў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў; раздзел навігацыі. Садзейнічае бяспечнасці і рэгулярнасці палётаў лятальных апаратаў, плавання суднаў у складаных метэаралагічных умовах. Задачы Р. — выбар дакладнага курсу, вызначэнне геагр. каардынат і навігацыйных велічынь (напр., скорасці перамяшчэння) аб’екта — вырашаюцца з дапамогай радыёнавігацыйных прылад (радыёкомпасы, радыёмаякі, радыёдальнамеры і інш.) і радыёнавігацыйных сістэм.

У залежнасці ад навігацыйных велічынь і становішча рухомага аб’екта адрозніваюць: вугламерныя (ці азімутальныя, гл. Азімут), дальнамерныя (кругавыя), рознасна-дальнамерныя радыётэхн. сродкі, а таксама сродкі для вымярэння вуглавых, лінейных скарасцей і камбінаваныя. У залежнасці ад параметра радыёсігналаў, што выкарыстоўваецца пры Вымярэнні навігацыйных велічынь, радыётэхн. сродкі бываюць амплітудныя, фазавыя, частотныя, часавыя і камбінаваныя.

В.​Р.​Усціменка.

т. 13, с. 234

РАДЫЁНАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (28.10.1878, Масква — 7.2.1954),

расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці ў СССР. Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Дрэздэнскі політэхн. ін-т (1901) і Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). З 1920 праф. Маскоўскіх ун-та, тэкст. ін-та (з 1935), хіміка-тэхнал. ін-та (з 1943). Навук. працы па хіміі алкалоідаў, фарбавальнікаў, духмяных рэчываў і фармацэўтычных прэпаратаў. Адкрыў метад сінтэзу β-амінакіслот кандэнсацыяй альдэгідаў з малонавай к-той і аміякам у растворы этанолу (рэакцыя Р.; 1926). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.

Тв.:

Избр. тр. М., 1958.

Літ.:

В.​М.​Родионов. М.; Л., 1948.

У.М.Радыёнаў.

т. 13, с. 234

РАДЫЁПАСТАНО́ЎКА,

гл. ў арт. Радыётэатр.

т. 13, с. 234

РАДЫЁПЕЛЕНГА́ТАР,

радыёэлектронная прылада для вызначэння напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення (радыёсігналаў). Бываюць наземныя (рухомыя і стацыянарныя), самалётныя, карабельныя. Шырока выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі, радыёразведцы і інш.

Складаецца: з антэнна-фідэрнай сістэмы (для прыёму радыёхваль, што распаўсюджваюцца ад аб’екта пеленгацыі), радыёпрыёмніка з індыкатарам (дае інфармацыю аб вуглах паміж напрамкам на аб’ект пеленгацыі і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку), дапаможнага абсталявання. У радыёнавігацыі выкарыстоўваюць Р., якія вызначаюць азімут ці курсавы вугал перадавальнай радыёстанцыі. Ва універсальных (двухкаардынатных) Р. вымяраюць абодва вуглы, якія вызначаюць гэты напрамак; у азімутальных — адзін з іх (азімут). Да Р. адносяць таксама радыёкомпасы.

В.​Р.​Усціменка.

т. 13, с. 234

РАДЫЁПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,

вызначэнне напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення; від пеленгацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёпеленгатараў. выкарыстанне 2 радыёпеленгатараў, размешчаных на адлегласці адзін ад аднаго, дазваляе вызначыць каардынаты пеленгаванага аб’екта, а Р. 2 ці больш крыніц радыёвыпрамянення — каардынаты аб’екта, з якога вядзецца Р. Пры Р. вымяраюцца вуглы паміж напрамкам на пеленгаваны аб’ект і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вымярэннем пеленга (радыёпеленгаванне).

т. 13, с. 234

РАДЫЁПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада для атрымання мадуляваных эл. ваганняў у дыяпазоне радыёчастот і іх наступнага выпрамянення з дапамогай антэны. Выкарыстоўваецца для радыёсувязі, радыёвяшчання, тэлебачання, радыёнавігацыі, радыёлакацыі і інш.

Асн. вузлы Р. — генератар, мадулятар і крыніца сілкавання. Канструкцыя Р. залежыць ад спосабу атрымання высокачастотных ваганняў, дыяпазону рабочых хваль, прызначэння і магутнасці Р., віду сігналаў, якія павінны перадавацца, роду работы і інш. Бываюць стацыянарныя і рухомыя, адна- і многаканальныя. Паводле дыяпазону рабочых частот умоўна адрозніваюць нізка-, высока- і звышвысокачастотныя (нізка- і высокачастотныя Р. маюць вагальныя сістэмы з засяроджанымі параметрамі, звышвысокачастотныя — з размеркаванымі). Паводле роду работы існуюць тэлегр., тэлеф., аднапалосныя, імпульсныя і інш. Р. малой (да 100 Вт) і сярэдняй (да 10 кВт) магутнасці робяць на паўправадніковай элементнай базе, у выхадных каскадах магутных (да 1000 кВт) і звышмагутных (больш за 1000 кВт) Р. выкарыстоўваюцца электравакуумныя прылады.

У.​В.​Палзуноў.

т. 13, с. 234

РАДЫЁПЕРАХВА́Т,

выяўленне, прыём і рэгістрацыя выпраменьванняў па працуючых радыёстанцыях; адзін са спосабаў радыёразведкі. Робіцца з мэтай раскрыцця зместу перадач або месцазнаходжання групоўкі (аб’ектаў і інш.) праціўніка. Гл. таксама Пеленгацыя.

т. 13, с. 234